У кіраўніцтве акруговых камісій знаёмыя ўсе твары: інфармацыя з рэгіёнаў

2012 2012-07-14T19:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zlobin-farm-kamis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Орша

Першае паседжанне выбарчай камісіі Аршанскай гарадской акругі № 26 насіла арганізацыйны характар. Старшынёй камісіі абраны начальнік Аршанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Раманенка. Ён вылучаны ў камісію ад групы грамадзян.

Намеснікам старшыні стала кіруючая справамі Аршанскага гарвыканкама Іна Хамутоўская. Гэтую ж пасаду яна займала на папярэдніх выбарах. Яна - вылучэнец ад "Фонду міру". Пра існаванне гэтай арганізацыі аршанцы даведваюцца толькі падчас выбараў па масавым ўключэнні "міратворцаў" у выбарчыя камісіі. Дарэчы, самі сябры камісіі ў прыватных размовах не ўтойваюць, што рэальным кіраўніком камісіі з'яўляецца менавіта Хамутоўская.

Сакратар камісіі - вылучэнец ад прафсаюза работнікаў адукацыі Ірына Лоўчая. Нязменны сябра кіраўніцтва тэрытарыяльных і акруговых камісій у Оршы з пачатку 90-х гадоў. Прадстаўнікі апазіцыі неаднаразова вінавацілі яе ў датычнасці да фальсіфікацый выбараў.

Не абышлося і без кур'ёзаў. У камісію ад КПБ уключаны 81-гадовы Аляксей Ламыга. Будучы ў 2010 годзе сябрам Аршанскай гарадской камісіі па выбарах прэзідэнта, Аляксей Іванавіч у сілу свайго ўзросту не змог справіцца з праверкай падпісных лістоў. Калегі па камісіі дапамагалі яму апранацца і спускацца з лесвіцы. Тым не менш, ён зноў у складзе акруговай камісіі. У той жа час ніводнага прадстаўніка апазіцыі ў яе не ўключылі.
 
Жодзіна

На паседжанні акруговай выбарчай камісіі Жодзінскай выбарчай акругі № 64 абраныя старшыня, яго намеснік і сакратар. Прадстаўнік дэмакратычнай грамадскасці застаўся шараговым сябрам камісіі.

Старшынёй акруговай камісіі абраны Сяргей Афанасенка, інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі РУ «Смалявічырайгазз» (вылучаўся ад Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь»), які ўзначальваў тэрытарыяльную камісію па выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе. Яго намеснікам стаў лекар-анестэзіёлаг-рэаніматолаг ўстановы аховы здароўя «Жодзінская цэнтральная гарадская бальніца» (вылучаўся ад грамадзян шляхам падачы заявы) Уладзімір Цыолта, які таксама ўваходзіў у склад тэрытарыяльнай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах. Сакратаром чарговы раз сталаТаццяна Краўцэвіч, якая з’яўляецца начальніцай аддзела арганізацыйна-кадравай працы Жодзінскага выканкама.
Дэмакратычны актывіст, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі і старшыня грамадскай арганізацыі «Саюз-Чарнобыль-Беларусь» Аляксандр Валчанін застаўся ў шараговых сябрах камісіі.
 
Барысаў

На сайце Барысаўскага райвыканкама інфармацыя, якая тычыцца складу акруговай камісіі, да гэтага часу не апублікавана. Не спяшаецца інфармаваць пра гэта і сайт Выканкамаўскай газеты «Адзiнства».

На сайце Барысаўскага райвыканкама інфармацыя, прысвечаная выбарам 2012, даволі бедная. На сённяшні дзень тут можна знайсці толькі актыўную спасылку на ЦВК, адрасы гарадской і сельскай акруговых камісій (прычым, час працы там пазначаны так: (будныя дні - з 10 00 да 19 00, перапынак - з 14 00 да 15 00, у суботу - з 10 00 да 14 00 ), а таксама рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. Інфармацыя аб складзе акруговай камісіі адсутнічае.

Не апублікаваная гэтая інфармацыя і на сайце Выканкамаўскай газеты «Адзiнства». Наогул рубрыка «Выбары-2012» змяшчае толькі тры інфармацыі БЕЛТА, што не маюць прывязкі да рэгіёну. Так што на дадзены момант даведацца, хто ўвайшоў у склад акруговай камісіі і хто стаў яе старшынёй, намеснікам старшыні і сакратаром, жыхарам рэгіёну з дапамогай мясцовых афіцыйных сайтаў не ўяўляецца магчымым.

Шклоў

У суботнім нумары шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт”  (№ 54 ад 14 ліпеня) надрукавна паведамленне аб тым, што 11 ліпеня адбылося першае паседжанне акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі № 90 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У газеце не надрукаваны склад выбарчай камісіі, а толькі паведамляецца аб тым, што на паседжанні “абраны старшыня камісіі – Давыдовіч Аляксандр Віктаравіч, намеснік старшыні – Марфель Галіна Васільеўна, сакратар камісіі – Наўмовіч Алена Анатольеўна”.  Нічога не піша газета і аб тым, дзе працуюць прадстаўнікі кіраўніцтва камісіі.

Між тым, усе прадстаўнікі кіраўніцтва акружной камісіі па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 з’яўляюцца “праверанымі кадрамі”, якія працавалі ў складзе выбарчых камісій падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы і прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Старшыня акруговай выбарчай камісіі Аляксандр Давыдовіч працуе намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і інфармаванню і кіруе ідэалагічнай вертыкаллю Шклоўскага раёна. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Аляксандр Давыдовіч, які працаваў тады начальнікам ідэалагічнага аддзела райвыканкама, узначальваў Шклоўскую раённую выбарчую камісію, у яе склад ён вылучаўся ад ГА “Белая Русь”.

Намеснік старшыні камісіі Галіна Марфель таксама неаднаразова працавала ў складзе выбарчых камісій. Спадрыня Марфель па асноўнай сваёй працы з’яўляецца дырэктарам Шклоўскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя  № 12.

Сакратар камісіі Алена Навумовіч мае самыя непасрэдныя адносіны да ідэалагічнай вертыкалі. Яна працуе галоўным спецыалістам ідэалагічнага аддзела Шклоўскага райвыканкама, была ў складзе выбарчых камісій падчас мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў.

Нагадаем, што ў склад акружной выбарчай камісіі па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 не былі ўключаны кандыдатуры, прапанаваныя партыяй БНФ – Міхаіл Кучарэнка, і партыяй “Справядлівы Свет” – Анатолій Мілешчанка.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international