viasna on patreon

Спявачка Ларын – Алесю Бяляцкаму: “Трымайцеся свайго сэрца і розуму!” (фота)

2012 2012-07-13T20:28:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/loreen-13.07.12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пераможца “Еўрабачання-2012” шведская спявачка Ларын у Менску (здымак Андрэя Шаўлюгі)

Пераможца “Еўрабачання-2012” шведская спявачка Ларын у Менску (здымак Андрэя Шаўлюгі)

Пераможца “Еўрабачання-2012” шведская спявачка Ларын 13 ліпеня ў Менску сустрэлася з жонкай палітвязня Алеся Бяляцкага, праваабаронцам з “Вясны” Валянцінам Стэфановічам і незалежнымі журналістамі - каб больш даведацца пра лёс беларускіх палітвязняў і сітуацыю ў Беларусі.

Сустрэча праходзіла ў Амбасадзе Швецыі і працягвалася каля трох гадзінаў.

Распавядаючы пра свае ўражанні, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч заўважае, што Ларын і перад паездкай у Беларусь цікавілася гэтымі пытаннямі і ведала пра праблемы, што існуюць у нашай краіне на сённяшні дзень. “Ларын сустракалася з Робертам Хордам, кіраўніком шведскай праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders, і, мяркую, што ён ёй таксама распавёў пра Беларусь, таму што ён тут быў і на выбарах 19 снежня 2010 года і на ўласныя вочы бачыў, што тут адбывалася. І бачна, што Ларын шчыра цікавіцца ўсімі пытаннямі і, напэўна, чалавек бачыць у гэтым сваю нейкую місію. Бо, як усе ведаюць, яна і ў Азербайджане сустракалася з праваабаронцамі. Усе нашыя праблемы, як мне падалося, зразумелыя ёй. Бо Ларын распавяла, што сама мараканскага паходжання, з небагатай сям’і, і правы чалавека, правы жанчын, іх месца ў грамадстве – гэта не пусты гук для яе…”



Аўтограф Ларын для "Вясны"

Праваабаронца кажа, што як мага болей стараўся распавесці Ларын пра беларускіх палітвязняў, акцэнтаваў увагу на лёсе Зміцера Дашкевіча, які зараз падвяргаецца вельмі моцнаму ціску. Распавёў і пра падзеі 19-га снежня 2010-га года ў Менску, а таксама прэзентаваў выдадзены “Вясной” фотаальбом пра суды над фігурантамі гэтых падзеяў, “Агляд парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 2010 год”, дзе падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў падрабязна асвятляюцца. “Ларын як чалавек творчы часам задавала вельмі цікавыя і нечаканыя пытанні, - распавядае Валянцін. – Напрыклад, яна запытала: “Якая ваша мара, чаго вы хочаце?”. І я ёй адказаў, што адзінае, што мне трэба – свабода…”

Падчас гэтай сустрэчы Ларын падпісала петыцыю кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

 
Жонка зняволенага кіраўніка “Вясны” Наталля Пінчук распавяла, што ад сустрэчы з Ларын у яе засталіся самыя цёплыя ўражанні: “Было відавочна тое, што яна не фармальна паставілася да гэтай сустрэчы. Яна вельмі пранікнёна, вельмі зацікаўлена фармулявала тыя ці іншыя пытанні – як у адносінах да асабістай сітуацыі, звязанай з Алесем, так і ўвогуле ў размове пра сітуацыю ў краіне і з іншымі палітвязнямі”. Але асобна Наталля адзначыла тыя словы падтрымкі, якія Ларын перадала Алесю Бяляцкаму: “Ларын пакінула аўтограф уласна для Алеся: “Трымайцеся свайго сэрца і розуму!” Вельмі мудрае пажаданне. Мудрае – не па гадах, таму што дзяўчына маладая, і яна здолела такім чынам выказаць самае істотнае, што неабходна Алесю ў тых цяжкіх умовах, у якіх ён зараз знаходзіцца”.

З журналістамі, якія прысутнічалі на сустрэчы – Марына Коктыш з “Народнай Волі”, Ірына Віданава, рэдактар інтэрнэт-выдання «34mag.net», Валер Каліноўскі з Радыё “Свабода” і здымачная група незалежнага тэлеканала “Белсат” -  Ларын абмяркоўвала і праблемы са свабодай слова ў Беларусі, пераслед незалежных журналістаў і ўмовы іх працы.

Фота Андрэя Шаўлюгі

Аўтограф Ларын для "Вясны"
Ларын падпісала петыцыю "Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства