Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп апазіцыянераў – апрабаваны метад беларускіх уладаў

2006 2006-11-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 лістапада скончыўся тэрмін падачы заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты на мясцовыя выбары. Па папярэдніх падліках, аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі вылучылі каля тысячы кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў. Аднак далёка не ўсе ініцыятыўныя групы змаглі атрымаць рэгістрацыю. Напрыклад, сёньня стала вядома, што на Астравеччыне не зарэгістравалі яшчэ 4 ініцыятыўныя групы прадстаўнікоў грамадзка-палітычнага руху: сябра АГП Івана Жылецкага, сябра АГП Міколы Уласевіча, прадпрымальніцы Алы Віткоўскай і Алены Бей.

Сітуацыю каментуе юрыст Уладзімір Лабковіч: “Зразумела, што ўлады выкарыстоўваюць тую практыку, якую яны вельмі пасьпяхова праводзілі падчас мінулых парламенцкіх выбараў, калі па абсалютна надуманых прычынах не рэгістравалі моцных апазіцыйных кандыдатаў. Гэтым разам, напрыклад, атрымалі адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп вядомыя грамадзка-палітычныя лідэры Анатоль Лябедзька, Александр Бухвостаў, Генадзь Фядыніч, Яраслаў Раманчук, Алесь Чыгір і іншыя. І механізмаў тут шмат. Вельмі часта выкарыстоўваецца метад узяцьця ў закладнікі сябраў ініцыятыўных груп, калі іх запалохваюць пазбаўленьнем працы, аказваюць псіхалагічны ціск. А пасьля на падставе пятага артыкулу Выбарчага кодэкса, які камісіі трактуюць такім чынам, што згодна з ім, калі ад збору подпісаў адмаўляецца адзін з сябраў пададзенай на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, не рэгіструецца ўся група. Да таго ж улады маюць цалкам падкантрольныя выбарчыя камісіі, якія могуць прымаць любыя рашэньні ў дачыненьні да апазіцыйных кандыдатаў.

Я мяркую, што на этапе рэгістрацыі амаль усе дэмакратычныя кандыдаты будуць па розных прычынах зьнятыя з перадвыбарчай гонкі, бо працэс праверкі подпісаў не магчыма пракантраляваць, а, ўлічваючы практыку мінулых выбараў, абскарджаньне адмовы ў рэгістрацыі у судзе не прыводзіць да аднаўленьня рэгістрацыі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства