Віцебскі праваабаронца спрабаваў аспрэчыць фармаванне акруговай камісіі

2012 2012-07-12T12:55:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Павел Левінаў і група грамадзянаў, якая вылучыла яго ў склад камісіі Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18, 11 ліпеня амаль увесь дзень мусілі правесці ў абласным судзе. Суддзя Марына Вострыкава разглядала супольную заяву грамадзянаў на працягу шасці гадзінаў без перапынку на абед. Але ўрэшце прызнала, што акруговая камісія сфармаваная без парушэнняў.

Між тым праваабаронца адзначае адразу некалькі такіх парушэнняў:

"Прозвішчы тых, хто вылучаўся, не называліся. Асабістае абмеркаванне не праводзілася. У прыватнасці, вылічыўся ў камісію 21 чалавек, агаласавалі толькі за 13. Прадстаўнік аблвыканкаму Леанід Дарафеенка заявіў, што ў склад камісіі трапілі тыя, хто "здольны правесці выбары на высокім узроўні". Аднаго з чальцоў камісіі мне проста па–чалавечы шкада: неўзабаве перад выбарамі яму споўніцца 80 год! Ці ў стане чалавек такога паважнага ўзросту хадзіць на пасяджэнні камісіі і працаваць на выбарах?"

Павел Левінаў заўважыў таксама, што вылучэнне  загадчыка аддзела рэанімацыі віцебскай клінічнай бальніцы адбывалася ў той дзень, калі ягоныя калегі былі ў адпачынку. "І нібыта вырашылі вырашылі дружна на адзін дзень выйсці на працу, каб вылучыць кіраўніка ў камісію", - кажа праваабаронца.

У адзін дзень, 26 чэрвеня, былі вылучаны Мікалай Шлюпакоў, Надзея Агеева, Вольга Максімовіч, Людміла Карпава і Сяргей Шапранскі. Прычым кожнага вылучылі роўна па 14 выбаршчыкаў, якія напісалі абсалютна аднолькавыя заявы.

"Няўжо суд не ўбачыў гэтыя дзіўныя акалічнасці? Чаму суддзя не задаволіла шматлікія хадайніцтвы грамадзянаў, каб выклікаць на пасяджэнне сведкаў супольнага пасяджэння аблвыканкаму і аблсавету? Тых асобаў, якія прымалі дакументы і ўрэшце кіраўніцтва аблвыканкаму і аблсавету? Грамадзянамі заяўляліся адводы суду з гэтае нагоды, але яны не былі задаволеныя. Як і адвод пракурору Уласенку", - працягвае праваабаронца.

Спадар Левінаў лічыць паказальным, што судовае пасяджэнне праводзілася ў поўнай "сакрэтнасці" і пад пільным наглядам міліцыянтаў: супрацоўнікі МУС дзяжурылі і на ўваходзе ў будынак, і ў фае, і нават на лесвічных пляцоўках. У суднапачатку нават  было забаронена праходзіць з ноўтбукамі, фота-і відэатэхнікай.   Аднак суддзя вырашыла, што гэтае распараджэнне міліцыянтаў незаконнае, і грамадзяне змаглі забраць гэтыя рэчы з сабой у залу пасяджэнняў.

Тое, што віцебскі абласны суд застаўся на баку тых, хто сфармаваў камісію з парушэннямі, Павел Левінаў лічыць незаконным. І таму ён сам і група грамадзянаў, якая вылучала яго ў акруговую камісію, звярнуліся ў Вярхоўны суд са скаргай на рашэнне суддзі Марыны Вострыкавай.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства