“Няма дакладных крытэраў, па якіх фарміруюцца выбарчыя камісіі”

2012 2012-07-11T11:57:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-press-11.07.12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч падчас прэс-канферэнцыі "Праваабаронцаў за свабодныя выбары", 11 ліпеня 2012

Валянцін Стэфановіч падчас прэс-канферэнцыі "Праваабаронцаў за свабодныя выбары", 11 ліпеня 2012

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” падвялі вынікі першага важнага этапу парламенцкіх выбараў - фарміраванне акруговых камісій. І прыйшлі да высновы,  што прагрэсу ў адрозненні ад кампаніі-2008 не адбылося.

Па выніках гэтага этапу праваабаронцы падрыхтавалі выніковую справаздачу. Сёлета камісіі былі створаныя з максімальнай колькасцю чальцоў – па 13 чалавек. Сярэдні конкурс на месца склаў 1,5 чалавекі на месца, у некаторых абласцях – да 2 чалавек.

Што тычыцца апазіцыйных палітычных партый, 48 чалавек патрапілі ў акруговыя выбаркамы, што складае 24% ад вылучаных імі. Агульная доля апазіцыйных кандыдатаў у камісіях складае 3,3%. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што ў межах кампаніі падлічваліся кандыдатуры, якія вылучаліся менавіта ад партыяў. “Хоць трэба адзначыць, што тыя апазіцыйныя рухі і арганізацыі, якія не маюць рэгістрацыі, маглі вылучаць сваіх сябраў шляхам збору подпісаў ад грамадзянаў. Аднак нам вядома, што БХД свае кандыдатуры не вылучала, бо выступаюць за байкот выбараў. “Рух “За свабоду” сваіх прадстаўнікоў таксама не вылучаў. Кампанія “Гавары праўду” ў вылучэнні актыўна не ўдзельнічала, яны заявілі толькі 8 кандыдатур”.

Калі паглядзець на структуру камісій, бачныя наступныя тэндэнцыі: стала меньш чальцоў, вылучаных ад працоўных калектываў; большасць вылучалі ад грамадскіх аб’яднанняў і групы грамадзян. Як і раней, абазначыліся асноўныя “арганізатары” выбараў – гэта чатыры буйныя праўладныя грамадскія арганізацыі: ФПБ, “Белая Русь”, БРСМ,  Беларускае аб’яднанне ветэранаў. Усе яны разам вылучылі ледзь не 92% кандыдатураў ад усіх прадстаўленых грамадскіх арганізацыяў. Калі параўноўваць лічбы з папярэднімі выбарамі, можна сказаць, што адсотак кандыдатаў ад апазіцыйных партыяў, якія ўвайшлі у камісіі, меньшы, чым у 2008 годзе. Хоць на тых выбарах была стратэгія, што вылучалі па адным прадстаўніку ад апазіцыі ў кожную акруговую камісію. То бок на 110 акруговых камісіі было вылучана 118 кандыдатур. Але ўвайшло ў камісіі толькі 34% - на 8% больш, чым сёлета.

Назіраючы за гэтым этапам выбараў, праваабаронцы прыйшлі да высновы,  што прагрэсу ў адрозненні ад кампаніі-2008 не адбылося. Старшыня “Беларускага хельскінскага камітэта” Алег Гулак адзначыў: “Па-ранейшаму паседжанні выканкама і прэзідыума саветаў прайшлі ў вельмі хуткім рэжыме – ад 15 да 60 хвілін. Крыху адрозніваліся працэдуры правядзення паседжанняў у розных абласцях, на некторых можна было задаць пытанні. Але падчас паседжанняў ніякага публічнага абмеркавання кандыдатур не было. Пакуль невядома, як шмат будзе абскарджванняў. Некаторыя партыі і грамадзяне заявілі пра гэта. Сёння, напрыклад, адбудзецца судовае паседжанне па скарзе Паўла Левінава з Віцебска, які вылучаўся ад групы грамадзянаў шляхам збору подпісаў”.

Валянцін Стэфановіч дадаў, што адсутнасць крытэраў, па якіх вылучаюцца кандыдатуры ў камісіі, дазваляе дзяржаўным органам суб’ектыўна фарміраваць камісіі. “Напрыклад,  “Белая Русь” вылучыла 117 чалавек,з якіх 106 прайшлі ў камісіі – гэта 98,5% ад вылучаных. У той час, як усе апазіцыйныя палітычныя партыі склалі толькі 24%”.

Яшчэ адна асаблівасць сёлетніх выбараў - у спісах акруговых камісіяў з’явіліся прадстаўнікі адміністрацый раёнаў, праўрадавых арганізацыяў, але сёлета яны падавалі заяўкі не ад ГА, а ад групы грамадзянаў шляхам збору подпісаў. “Насамрэч цікава, інтарэсы якіх грамадзянаў прадстаўляюць гэтыя кандыдатуры. Па Гомельскай вобласці мы маем інфармацыю, што так вылучаліся прадстаўнікі раённых адміністрацыяў”, - адзначыў Стэфановіч.

Сыходзячы з практыкі незалежнага назірання, асноўныя парушэнні адбываюцца падчас падліку галасоў, таму што не прапісана дакладная працэдура падліку. Акруговыя камісіі не праводзяць непасрэдна падліку галасоў. Але, па меркаванні праваабаронцаў, падчас парламенцкіх выбараў акруговыя выбаркамы граюць досыць важную ролю. Яны правяраюць подпісы, сабраныя за кандыдатаў, рэгіструюць іх, разглядаюць скаргі, падводзяць вынікаў галасавання. “Сябры акруговых камісіяў маюць значна большыя паўнамоцтвы, чым сябры камісіі, назіральнікі ці прадстаўнікі СМІ. Таму я бы параіў палітычным партыям, калі яны зацікаўленыя ў справядлівых выбарах, рабіць на гэта акцэнт”, - адзначыў старшыня БХК.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўважліва адсочваюць публікацыі ў СМІ адносна выбараў. Паводле Алега Гулака, рэспубліканскія дзяржаўныя газеты, як і на папярэдніх парламенцкіх выбарах, вельмі мала ўвагі надзяляюць гэтай тэме. Пра апазіцыйных палітыкаў узгадваюць зрэдку, але нават у гэтых выпадках – у негатыўным ключы. Што датычыцца рэгіянальных дзяржаўных газет, то ўжо зараз бачна, што актывізаваліся дзеючыя дэпутаты. Такім чынам, можна пабачыць піяр пэўных людзей, якіх у хуткім часе мы ўбачым у спісе кандыдатаў.

Нядаўна прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзь Лабковіч і Алег Гулак прысутнічалі на дэбатах з сакратаром Цэнтрвыбаркама Мікалаем Лазавіком. Паводле спадара Гулака, з танальнасці сустрэчы не вынікала варожасці ці супрацьдзеяння ЦВК да незалежных назіральнікаў. “Лазавік прадэманстраваў нейтральны падыход. Разам з тым, засведчыў, што яны адкрытыя да канструктыўных прапановаў. Мы такія прапановы дасылаем кожныя выбары. Хацелася б, каб хоць некаторыя з прымалі да ўвагі. Разам з тым, сакратар ЦВК падчас размовы некалькі разоў акцэнтаваў увагу, маўляў, мы стараемся-стараемся кожныя выбары, а нас незалежныя назіральнікі крытыкуюць, дык нам ужо і не хочацца больш старацца. Такі падыход я лічу неканструктыўным. Аднак мы назіраем, што апошнім часам ЦВК ідзе на некаторыя змены. Напрыклад,будзе створана група па папярэднім разглядзе скаргаў. Пакуль не зусім зразумела, як дакладна яна будзе працаваць і, галоўнае, ці будзе гэта празрыстай для незалежных назіральнікаў”.

Праваабаронцы таксама звярнулі ўвагу на тое, што паводле сацыялагічных апытанняў цікавасць у народа да парламенцкіх выбараў невялікая. “Гэта вялікая праблема, якую ўлады павінны разумець, - заўважыў Алег Гулак. – Такое стаўленне ў людзей сфарміравалася, бо выбарчая працэдура непразрыстая дый роля парламента ў краіне невялікая. Як вырашыць праблему? Парламент павінен стаць рэальнай палітычнай сілай у дзяржаве, а выбары  - зразумелай і адкрытай працэдурай для выбаршчыкаў і назіральнікаў”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў за свабодныя выбары" па выніках фармавання АВК (11.07.12)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international