Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем акруговых выбарчых камісій

2012 2012-07-11T11:23:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем акруговых выбарчых камісій

 9 ліпеня 2012 г. сфарміравана 110 акруговых выбарчых камісій у складзе 9–13 чалавек.  З 2127 прэтэндэнтаў у камісіі ўвайшло 1430 чалавек. З 199 прадстаўнікоў, вылучаных апазіцыйнымі партыямі, уключана 48 чалавек (24%). Для параўнання: праўладная РГА «Белая Русь» вылучыла 117 грамадзян, з іх 106 (90,5 %) сталі сябрамі камісій.

Акруговыя выбарчыя камісіі створаны ў асноўным за кошт праўрадавых арганізацый: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі,  ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», РГА «Белая Русь» і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Фарміраванне АВК прайшло пад кантролем выканаўчай улады, без публічнага абмеркавання вылучаных кандыдатур. Адсутнасць сфармуляваных крытэрыяў дазволіла маніпуляваць працэдурай фарміравання камісій на карысць суб’ектаў, лаяльных існуючай уладзе. Прадстаўнікі апазіцыі складаюць у камісіях нязначную долю – непрапарцыйна малую ў параўнанні з колькасцю вылучаных прэтэндэнтаў.

 

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. Акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з’яўляюцца важным суб’ектам выбарчага працэсу. Да паўнамоцтваў акруговых выбарчых камісій аднесены, у прыватнасці, арганізацыя правядзення выбараў, кіраўніцтва дзейнасцю ўчастковых выбарчых камісій, рэгістрацыя ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, і правядзенне агітацыі за іх абранне, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб, кантроль складання спісаў грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, разгляд заяў і скаргаў на рашэнні і дзеянні ўчастковых выбарчых камісій.

2. Выбарчае заканадаўства не забяспечвае празрыстасці працэсу фарміравання спісаў акруговых выбарчых камісій. Адсутнасць заканадаўча замацаваных аб’ектыўных крытэрыяў пры прыняцці рашэнняў аб уключэнні грамадзянаў у акруговыя выбарчыя камісіі, надзяляе органы, якія іх фармуюць, абсалютным правам вызначаць іх склад. Структуры грамадзянскай супольнасці не могуць паўплываць на дзейнасць гэтых органаў.

3. Некаторыя станоўчыя змены ў выбарчым заканадаўстве, у прыватнасці, абмяжаванне ўдзелу дзяржаўных служачых у дзейнасці акруговых выбарчых камісій, нівелююцца адсутнасцю механізму кантролю за іх выкананнем. Адсутнасць крытэрыяў адбору прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі робіць неэфектыўным абскарджанне ў судзе адмовы ва ўключэнні ў выбарчыя камісіі.

4. Інфармацыя пра месца і час пасяджэння органаў, якія фарміруюць акруговыя выбарчыя камісіі, падавалася абмежавана.

5. Прыняцце рашэнняў аб складзе акруговых выбарчых камісій у пераважнай большасці выпадкаў адбывалася шляхам спісачнага галасавання, без адкрытага абмеркавання вылучаных кандыдатур. Назіраецца ўмяшальніцтва органаў выканаўчай улады ў працэс вылучэння прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі.

6. Нягледзячы на больш высокую актыўнасць апазіцыйных палітычных партый па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў, у склад акруговых выбарчых камісій з іх уключаны толькі 24%.

 

I. ПРАВАВАЯ БАЗА

 У адпаведнасці з арт. 28 ВК падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў забяспечваюць акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Згодна з арт. 34 ВК  камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў  фарміруюцца  презідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтамі з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянаў, вылучаных у склад камісіі шляхам падачы заявы. Акруговыя камісіі фарміруюцца ў складзе 9–13 сябраў не пазней за 75 дзён да выбараў.

Парадак вылучэння прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій рэгулюецца арт. 35 ВК і Пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 19 чэрвеня 2012 г. № 22. Вылучаць у склад акруговых выбарчых камісій па адным прадстаўніку маюць права: кіруючы орган палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання (ва ўсе акруговыя камісіі); сход працоўнага калектыву арганізацыі, калектыва структурнага падраздзялення, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, горада (у акруговыя камісіі, якія ствараюцца адпаведна на тэрыторыі раёна, горада, а ў гарадах з раённым дзяленнем – у акруговыя выбарчыя камісіі, якія ствараюцца на тэрыторыі адпаведнага раёна ў горадзе); выбарашчыкі ў колькасці не менш за 10 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі і падпісаўшыя заяву аб вылучэнні прадстаўнікоў (у склад акруговай выбарчай камісіі).

Згодна з ч. 6 арт. 34 ВК, не менш за траціну сябраў камісіі павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. У склад камісій не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Дзяржаўныя служачыя не павінны складаць больш за траціну складу камісіі.

На пасяджэнні органаў, якія фармуюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

Рашэнне  органаў, якія ўтварылі камісіі, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі суд, суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўлецца канчатковым.

 

II. ЗМЕНЫ Ў ВЫБАРЧЫМ КОДЭКСЕ   

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканння з’яўляюцца першымі парламенцкімі выбарамі, якія адбудуцца згодна з ВК са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі ад 4 студзеня 2010 г. і 8 лістапада 2011 г. Асноўныя змены і дапаўненні датычыліся наступнага:

1) У арт. 34 ВК замацавана, што органы, якія ўтвараюць камісіі, як правіла, не менш адной траціны яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Аднак дакладныя крытэрыі адбору прадстаўнікоў у склад каміісій усталяваныя не былі. Практыка правядзення мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. паказала, што адсутасць такіх крытэрыяў дазваляла органам, якія фарміравалі камісіі, адвольна прымаць рашэнні аб уключэнні ў склад выбарчых камісій пэўных асоб;

2) Новым з’яўляецца палажэнне арт. 34 ВК аб забароне ўключэння ў склад камісій суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама палажэнне аб тым, што дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за траціну складу камісіі;

3) У арт. 35 ВК зменшана колькасць грамадзянаў (з 30 чалавек у старой рэдакцыі – на 10 ў рэдакцыі 2010 г.), якія могуць вылучаць свайго прадстаўніка ў склад акруговай выбарчай камісіі. Таксама зменшана колькасць членаў працоўнага калектыву, якія дэлегуюць прадстаўніка ў склад камісіі (з 30 – на 10);

4) Новым з’яўляецца замацаванае ў арт. 34 ВК права суб’ектаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій, прысутнічаць падчас пасяджэнняў камісій, якія іх утварылі.

5) Палажэнне арт. 34 ВК дае права абскарджання у судовым парадку рашэнняў органаў, якія ўтварылі камісіі, суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій. Практыка судовых абскарджанняў пры правядзенні мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў у 2010 г. паказала, што адсутнасць заканадаўча вызначаных дакладных крытэрыяў адбору прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій робіць такую працэдуру неэфектыўным сродкам аднаўлення прапарцыйнасці ў фарміраванні камісій.  Пры разглядзе падобных скаргаў суды  ігнаруюць аргументы заяўнікоў аб дыскрымінацыйным падыходзе.

 

III. ПРАЦЭС ВЫЛУЧЭННЯ Ў СКЛАД АКРУГОВЫХ КАМІСІЙ

 Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання, зацверджаным пастановай Цэнтральнай камісіі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў 19.06.2012 г.  №  17, вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій і прадастаўленне ў органы, якія іх фарміруюць, адпаведных дакументаў павінна адбыцца не пазней за 6 ліпеня  2012 г.

У склад акруговых выбарчых камісій было вылучана 2127 чалавекі. Сярод іх ад грамадзянаў шляхам падачы заявы – 639 чалавек (25%), ад працоўных калектываў – 230 чалавек (9%), ад грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў – 858 чалавек (40%), ад палітычных партый – 400 чалавек (19%).

Апазіцыйныя партыі прынялі даволі актыўны ўдзел у вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі. Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»  вылучыла 88 чалавек, Партыя БНФ – 57 чалавек, АГП – 34 чалавекі, БСДП (Г) – 6 чалавек, Беларуская партыя «Зялёныя» – 5 чалавек, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» – 9 чалавек. Такім  чынам, агулам апазіцыйныя палітычныя партыі вылучылі 199 чалавек, гэта складае 9,35 % ад агульнай колькасці вылучаных у акруговыя камісіі і 49,75 % ад вылучаных палітычнымі партыямі. Для параўнання: падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2008 г. апазіцыйныя партыі вылучалі 118 чалавек, што складала 31,9 % ад вылучаных палітычнымі партыямі наогул.

Як і падчас папярэдніх выбараў, актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій праўладныя грамадскія аб’яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі  – 279 чалавек (13,1%), Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў – 98 чалавек (4,6%), БРСМ – 108 чалавек (5,1%), РГА «Белая Русь» – 117 чалавек (5,5%). Гэтыя чатыры грамадскія аб’яднанні вылучылі 28,3 % ад агульнай колькасці вылучаных у склад АВК і  70 % ад вылучаных грамадскімі  і іншымі аб’яднаннямі адпаведна.

Некаторыя апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі, якія падтрымліваюць ідэю байкоту выбараў, не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій. Гэта Кансерватыўна-Хрысціянская партыя – БНФ,  незарэгістраваная партыя БХД, ПАГА «Рух «За Свабоду». Нязначным было вылучэнне актывістаў грамадскай кампаніі «Гавары праўду» (8 чалавек). Хаця ні ПАГА «Рух «За Свабоду», ні «Гавары праўду» не заяўлялі пра падтрымку байкоту выбараў.

Сярэдні конкурс на адно месца ў акруговай камісіі склаў 1,5 чалавекі на месца. У Мінску і Гомельскай вобласці  – 2 чалавекі на месца. Усяго сфарміравана 110 акруговых выбарчых акругаў. У тым ліку: у Мінску – 20 камісій, у Мінскай і Гомельскай абласцях – па 17,  у Брэсцкай вобласці – 16,  у Віцебскай – 14, у Магілёўскай і Гродзенскай – па 13 камісій.

 

IV. ПАСЯДЖЭННІ ОРГАНАЎ, ЯКІЯ ЎТВАРАЮЦЬ КАМІСІІ

 Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання, пасяджэнні прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласных, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта прайшлі 9 чэрвеня 2012 г., ва ўстаноўленыя тэрміны. Інфармацыя пра час і месца пасяджэнняў дзяржаўнымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта не давалася. Прадстаўнікі суб’ектаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі, даведваліся аб месцы і часе пасяджэння ад прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады.

Пасяджэнне прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэту цягнулася больш за гадзіну, пры гэтым кандыдатуры не абмяркоўваліся, галасаванне па зацвярджэнні складу акруговых выбарчых камісій адбывалася па кожнай камісіі спісам. Прысутныя задавалі пытанні аб прычных неўключэння ў склад камісій і атрымлівалі адказы агульнага зместу.

У Брэсцкай вобласці кандыдаты на ўключэнне ў склад акруговых выбарчых камісій персанальна не прадстаўляліся і не абмяркоўваліся. У ходзе пасяджэнняў былі агучаныя агульныя крытэрыі ўключэння ў камісіі: наяўнасць досведу працы, адказнасць, масавасць палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання. Для галасавання былі падрыхтаваныя праекты рашэнняў. Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэту Канстанцін Сумар прапанаваў уключыць у склад акруговых камісій 6 прадстаўнікоў палітычных партый замест прадстаўнікоў іншых суб’ектаў. Прапанова была падтрыманая.

У Гомельскай вобласці пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэту цягнулася 13 хвілін. Адбылося галасаванне па складзеных працоўнай групай спісах.

У Мінскай вобласці і ў горадзе Мінску персанальна кандыдатуры прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій не абмяркоўваліся, галасаванне ішло па папярэдне падрыхтаваных спісах. Адзначаецца перадузяты і суб’ектыўны характар прынятых рашэнняў. Напрыклад, прадстаўнікам апазіцыйных партый адмаўлялі ва ўключэнні ў склад камісій у сувязі са састарэлым узростам, пры гэтым уключалі ў склад камісій сябраў ветэранскіх арганізацый. Падставамі для адмовы, на якія спасылаліся прадстаўнікі органа, былі адсутнасць досведу працы ў камісіях, адсутнасць сталага месца працы, аўтарытэт прэтэндэнта ў рэгіёне, сумненні ў тым, што кандыдаты могуць прымаць удзел у працы каміісій.

Інфармацыя аб месцы працы і пасадах асоб, вылучаных у склад камісій, на пасяджэннях не агалошвалася, хаця прысутныя задавалі адпаведныя пытанні.

 

V.СКЛАД АКРУГОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЙ

 Згодна з дадзенымі Цэнтральнай камісіі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў, акруговыя камісіі былі створаныя па максімальнай колькасці сяброў камісій – 13 чалавек у кожнай. Сябрамі акруговых выбарчых камісій сталі 1430 чалавек. Прадстаўніцтва апазіцыйных партый у складзе ўтвораных АВК склала 48 чалавек (3,3% ад агульнай колькасці сябраў камісій і 24% ад вылучаных апазіцыйнымі партыямі). Для параўнання: падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў колькасць вылучаных апазіцыйнмі партыямі ў АВК складала 118 чалавек. У склад камісій увайшло 38 чалавекі (2,2 % ад агульнай колькасці сябраў АВК і 32% ад вылучаных апазіцыйнамі партыямі).

Такім чынам, у гэтым годзе апазіцыйныя партыі вылучылі болей прадстаўнікоў у склад АВК, чым у 2008 г., але патрапіла ў склад выбарчых камісій  іх у прапарцыйных адносінах меней.  Падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2004 г. колькасць вылучаных у склад АВК ад апазіцыйных партый склала 318 чалавек, з іх 20 чалавек сталі сябрамі камісій (7 % ад колькасці вылучаных і 2% ад агульнай колькасці сябраў АВК).

Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, асноўнымі арганізацымі, прадстаўленымі ў складзе АВК, сталі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі,  ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», РГА «Белая Русь» і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Ад РГА «Белая Русь» у склад АВК увайшлі 106 чалавек (7,4 % ад агульнай колькасці сябраў камісій). Такім чынам, нягледзячы на тое, што колькасць сябраў апазіцыйных партый у складзе АВК стала нязначна большай у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г.,   колькасць адмоваў з боку органаў, якія ўтвараюць камісіі, засталася вельмі вялікай.  Варта адзначыць, што ў 2008 г. апазіцыйныя партыі свядома абмежавалі сваё вылучэнне ў акруговыя камісіі, прапанаваўшы агулам ад усіх партый па адным прэтэндэнце ў кожную камісію. У гэтым годзе такога рашэння не было, і апазіцыйныя партыі часам вылучалі некалькі прэтэндэнтаў ад розных апазіцыйных партый у адну камісію. Пры гэтым працэнт “праходнасці” прадстаўнікоў праўладных актывістаў стаў значна вышэйшым. Гэта сведчыць аб перадузятым стаўленні да прэтэндэнтаў, вылучаных ад апазіцыйных партый. Напрыклад, працэнт “праходнасці” прадстаўнікоў РГА «Белая Русь» у склад АВК склаў 90,5 %.

 

VI.АБСКАРДЖАННЕ РАШЭННЯЎ ОРГАНАЎ, ЯКІЯ ЎТВАРЫЛІ КАМІСІІ

Згодна з ч. 6 арт. 34 ВК рашэнне органаў, якія ўтварылі камісіі, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін са дня яго прыняцця адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі суд, суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій. Скарга павінна быць падпісана адпаведна кіраўніком палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, кіраўніком іншай арганізацыі (структурнага падраздзялення), грамадзянамі, якія вылучылі прадстаўнікоў у склад камісіі шляхам падачы заявы. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.

На момант падрыхтоўкі справаздачы апазіцыйныя партыі рыхтуюць адпаведныя скаргі ў абласныя і Мінскі гарадскі суды.

 

VII. НАЗІРАННЕ ЗА ПРАЦЭСАМ ФАРМІРАВАННЯ КАМІСІЙ

У адпаведнасці з ч. 5 арт. 34 ВК на пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій. Удзел назіральнікаў не прадугледжаны. Неабходна заўважыць, што нягледзячы на адсутнасць у Кодэксе прамой забароны на прысутнасць больш за аднаго прадстаўніка суб’екта, якія вылучыў свайго прадстаўніка ў склад камісіі, практыкуецца абмежаванне колькасці прадстаўнікоў – па адным ад кожнага суб’екта.

Органы выканаўчай улады самастойна вызначаюць, хто можа прысутнічаць на пасяджэнні органа, які ўтварае камісіі. У сувязі з гэтым не быў дапушчаны на пасяджэнне Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкаму сябра партыі «Справядлвы свет» Анатоль Родзік, паколькі туды ўжо быў запрошаны іншы прадстаўнік гэтай партыі. Інфармацыя аб месцы і часе даводзілася непасрэдна асобам з ліку падаўшых заяўкі.

Прысутныя на пасяджэнні органа маглі задаваць пытанні аб прычынах прыняцця таго ці іншага рашэння, аднак сам працэс прыняцця рашэнняў па канкрэтных кандыдатах адбываўся без публічнага асвятлення і абмеркавання. Прысутным прадстаўнікам не давалі магчымасці азнаёміцца з матэрыялымі вылучэння ў склад акруговых выбарчых камісій (пратаколамі сходаў, заявамі грамадзянаў).

Фармаванне АВК. Выбары дэпутатаў ПП НС (2012)
Фармаванне АВК. Выбары дэпутатаў ПП НС (2012)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international