viasna on patreon

Салігорскі тэлеканал - ні слова пра выбары

2012 2012-07-10T10:24:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/program-tv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За тры тыдні ад пачатку парламенцкай выбарчай кампаніі “лепшы тэлевізійны канал Міншчыны 2012 году” не зрабіў ніводнай перадачы, прысвечанай гэтай тэме.

Мясцовыя праваабаронцы прааналізавалі ўсе сюжэты СТК, выкладзеныя на афіцынай старонцы тэлеканала ў Інтэрнэце з 18 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень дзеючы кіраўнік дзяржавы абвесціў дату правядзення выбараў у Палату Прадстаўнікоў, фактычна даўшы старт выбарчай гонцы.

Выявілася, што Салігорскі тэлеканал знайшоў у сваім эфіры месца для рэпартажа пра “масіраваны рэйд салігорскіх праваахоўнікаў па месцах незаконнага вулічнага гандлю”, ажыццяўляемага мясцовымі бабулькамі. Выйшаў адмысловы рэпартаж пра “акцыі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі”. Асобнымі рэпартажамі журналісты СТК адзначылі 22-годдзе падатковых органаў Рэспублікі Беларусь ды асвятлілі будні “ў працоўных атрадах школьных лагераў”. Вось толькі для рэпартажу пра парламенцкія выбары у Салігорскага тэлеканала зусім не знайшлося ці то часу, ці то жадання, ці то смеласці.

- Відаць, кіраўніцтва дзяржаўнага тэлеканала СТК лічыць, што тэма выбараў, на якіх грамадзяне Беларусі мусілі б вырашаць свой лёс на бліжэйшыя чатыры гады, не з’яўляецца грамадска важнай і таму няма неабходнасці асабліва асвятляць хаду выбарчай кампаніі ў эфіры. Мабыць, жыхары Салігоршчыны тэлепаты і могуць самі здагадвацца аб усіх перэпетыях вакол галоўнай палітычнай падзеі году, - іранізуе праваабаронца Леанід Мархотка.

Не дапамог зразумець сваім салігорскім калегам па цэху важнасць выбараў у жыцці грамадства і старшыня Белтэлерадыёкампаніі, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька, які напачатку ліпеня наведаў сталіцу гарнякоў і сустрэўся з журналістамі СТК. Зрэшты, улічваючы колькасць матэрыялаў прапагандысцкага характару, выдаваемых самой Белтэлерадыёкампаніяй, не цяжка здагадацца, якім досведам дзяліўся з мясцовымі рыцарамі відэакамеры і мікрафона спадар Давыдзька напярэдадні выбараў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства