Сьветлагорскі раённы суд вынес рашэньне па крымінальнай справе Сяргея Ярашэвіча - 2 гады папраўчых работ

2006 2006-11-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 лістапада судзьдзя Натальля Белайчук абвясьціла прысуд у крымінальнай справе супраць яго: Сяргей Ярашэвіч прызнаны вінаватым у абразе судзьдзяў з Рагачову Ўладзімера Саламейчука і Мікалая Рубісава і пакараны двума гадамі папраўчых работ з утрыманьнем у даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку. Падставай для крымінальнага перасьледу спадара Ярашэвіча паслужыў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду. Ён меў неасьцярожнасьць параўнаць рагачоўскіх судзьдзяў з судзьдзямі 1937 году, якія нібыта ўчыняюць судзілішча па прынцыпе: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.

Сёлета ўвесну згаданыя рагачоўскія судзьдзі пачаргова разглядалі даволі блытаную крымінальную справу супраць Сяргея Ярашэвіча, абвінавачанага ў хуліганстве з нанясеньнем лёгкіх цялесных пашкоджаньняў былому супрацоўніку жлобінскай міліцыі. У апошняга зь Ярашэвічам склаліся непрыязныя побытавыя дачыненьні. У Рагачоўскім судзе спадара Ярашэвіча аштрафавалі на 3 мільёны 100 тысячаў рублёў. Разьбіральніцтва і прысуд ён палічыў неаб'ектыўнымі, таму і ўчыніў запіс у кнізе заўваг і прапановаў. У выніку - чарговая крымінальная справа і чарговы прысуд, прычым першы такі ў краіне. Да гэтага часу, наколькі вядома, у Беларусі за запісы ў кнігах заўваг, уведзеных у кожнай установе на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы, нікога да крымінальнай адказнасьці не прыцягвалі.

Судзьдзя Натальля Белайчук лічыць, што спадар Ярашэвіч абразіў пісьмова рагачоўскіх судзьдзяў пры ажыцьцяўленьні імі правасудзьдзя: "Нашы грамадзяне такія рэчы іншым разам пішуць – і ў скаргах, і ў кнігах, дазваляюць сабе зашмат, пераходзяць на асобы. Ня згодны з прынятым рашэньнем, абскарджвай, як належыць, рашэньне. Навошта ж судзьдзю абражаць?"

Рашэньне Сьветлагорскага раённага суду былы судзьдзя і адвакат са Жлобіну Сяргей Ярашэвіч пракаментаваў Радыё Свабодзе наступным чынам: "У нас апраўдальных прысудаў не бывае. З сыстэмай немагчыма змагацца. Сваім запісам у кнізе заўваг я паказаў факт таго, што ў нашай рэспубліцы могуць асудзіць невінаватага чалавека – ня простага, які далёкі ад юрыспрудэнцыі. Нават юрыста могуць прызнаць вінаватым, і ён бяспраўны, ён ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. І я як бы стаў ворагам усёй сыстэмы".

Сяргей Ярашэвіч зьбіраецца абскардзіць вынесены прысуд у вышэйшай судовай інстанцыі. На яго думку, кніга заўваг для таго і існуе, каб любы чалавек мог выказаць сваё меркаваньне наконт таго, як з ім абыходзіліся тыя ці іншыя дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку і судзьдзі, паколькі кнігі заўваг ёсьць і ў судах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства