Круглянская актывістка выступае супраць прымусовай працы

2012 2012-07-04T15:35:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/praca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадская актывістка з Круглянскага раёна Зінаіда Мілешчанка  на мінулым тыдні напісала скаргу ў Кнігу скаргаў і прапаноў мясцовага райвыканкама і папрасіла патлумачыць, чаму ў Круглянскім раёне на пастаяннай аснове парушаецца працоўнае заканадаўства, і супрацоўнікі бюджэтных устаноў без усялякай аплаты прыцягваюцца на разнастайныя брудныя працы.

Ужо праз тры дні яна атрымала адказ з Круглянскага райвыканкама, у якім гаворыцца аб тым, што ніякіх скаргаў з боку працаўнікоў не паступала і што ўпаўнаважанымі органамі ажыццяўляліся праверкі выканання працоўнага заканадаўства, і парушэнняў яны не знайшлі.

“Да мяне звярнуліся за дапамогай цэлы шэраг супрацоўнікаў бюджэтнай сферы, якія скардзіліся на тое, што іх пастаянна адпраўляюць на разнастайныя брудныя работы, пры гэтым ніякай згоды ніхто ў іх не пытаецца, – распавядае Зінаіда Мілешчанка. –У арганізацыях нават створаны адмысловыя графікі выдзялення людзей на гэтыя прымусовыя работы, яны ў мяне ёсць. Кваліфікаваныя спецыялісты прыбіраюць сметніцы ў маланаселеных вёсках і ачышчаюць тэрыторыю жывёлагадоўчых ферм.  Да таго ж у раёне, па рашэнню райвыканкама, праведзена ўжо некалькі “дзён бязвыплатнай працы”, калі людзі працуюць на сваіх працоўных месцах, а заробленыя імі сродкі пералічваюцца на адмысловы рахунак. А яшчэ ж людзей задзейнічаюць і на разнастайных суботніках, пры гэтым яшчэ вылічваючы грошы з заробкаў”…

Па словах Зінаіды Мілешчанка, райвыканкам на яе скаргу прыслаў проста нейкую адпіску:

“ У адказе проста распавядаецца пра тое, што людзі раней не скардзіліся. Пішуць таксама, што “упаўнаважанымі органамі ажыццяўляліся праверкі выканання працоўнага заканадаўства, і парушэнняў яны не знайшлі”. Пры гэтым нават не ўзгадваецца, хто і калі ажыццяўляў гэтыя праверкі. Я раней ужо звярталася ў пракуратуру раёна з адпаведным зваротам, і супрацоўнікі пракуратуры пагадзіліся са мной, што парушэнні працоўнага заканадаўства сапраўды маюць месца, аднак таксама спаслаліся на тое, што людзі не скардзяцца. Людзі ж паміж сабой выказваюць скаргі, але адмаўляцца ад такой незаконнай працы не адважваюцца, баяцца згубіць працу. Знайсці ж якую-небудзь іншую працу ў Круглянскім раёне, калі ты быў звольнены пасля канфлікту з кіраўніцтвам, практычна немагчыма”, – кажа Зінаіда Мілешчанка.

Зінаіда Мілешчанка плануе вылучацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў ад партыі “Справядлівы Свет” па Шклоўскай выбарчай акрузе №90. Зінаіда Уладзіміраўна выбіралася дэпутатам Круглянскага райсавета, падчас апошніх выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў у 2010 годзе вылучалася кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

Зараз грамадская актывістка рыхтуе зварот у Магілёўскі аблвыканкам з просьбай патлумачыць, згодна якіх беларускіх законаў у Круглянскім раёне на пастаяннай аснове выкарыстоўваецца прымусовая праца.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international