Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 25 чэрвеня - 1 ліпеня

2012 2012-07-02T12:49:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

 

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання №2

25 чэрвеня-1 ліпеня 

 

Агульныя высновы

- Грамадcтва пакуль не заўважае пачатку выбарчага працэсу: нягледзячы на пэўную актывізацыю палітычных партыяў, назіральнікі не фіксуюць ажыўлення грамадскага жыцця ў краіне;

- Уведзена адміністратыўная адказнасць за правядзенне сацыялагічных апытанняў і публікацыю іх вынікаў без дазволу ўладаў;

- Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што сёння палова рэспандэнтаў гатовая прыняць удзел у выбарах, а яшчэ траціна канчаткова не вызначылася са сваім удзелам. Пры гэтым грамадства дэманструе высокую цікавасць да незалежнага назірання за парламенцкімі выбарамі і гатовае ўключыцца ў гэты працэс;

- Апазіцыйныя партыі пачалі вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі: заяўляецца пра вылучэнне прыкладна 300 партыйцаў, што амаль у тры разы больш за адпаведныя паказчыкі парламенцкіх выбараў 2008 года;

- Назіраецца павелічэнне інтэнсіўнасці кропкавых рэпрэсіяў супраць структур апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым станоўча ацэньваецца вызваленне пад падпіску аб нявыездзе нядаўна затрыманага журналіста Андрэя Пачобута;

- Негатыўнай зменай у параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі стала адмова ад правядзення перадвыбарчых дэбатаў у простым эфіры. 


Асвятленне выбарчай кампаніі

На дадзеным этапе пачатак выбарчага працэсу амаль не заўважны: нягледзячы на пэўную актывізацыю палітычных партыяў і павелічэнне рэпрэсіўнай актыўнасці дзяржаўных органаў, назіральнікі не фіксуюць ажыўлення грамадмкага жыцця ў краіне. Таксама не назіраецца ні начных праяваў пратэстнай актыўнасці, ні фактаў датэрміновай агітацыйнай дзейнасці кандыдатаў альбо прыхільнікаў байкоту выбараў. Дзяржаўнымі СМІ на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях тэма выбараў практычна не падымаецца (выключэнні – перадрукоўкі інфармацыі са стужкі навінаў БелТА). Назіральнікі фіксуюць адзінкавыя выпадкі з’яўлення ў дзяржаўнай прэсе крытычных артыкулаў аб дзейнасці апазіцыі ў звязку з выбарчай кампаніяй.


Грамадскае меркаванне

Сацыялагічныя даследваньні пацьвярджаюць нязменнасьць скептычнага стаўлення грамадзтва да выбарчага працэсу. З аднаго боку, толькі невялікая частка насельніцтва падтрымлівае ідэю байкота выбараў (10% рэспандэнтаў, паводле дадзеных НІСЭПД). Але ў той жа час большасць грамадзянаў не разлічвае на змяненьне сітуацыі ў краіне ў выніку выбараў. Разам з тым ужо зараз палова апытаных гатовая прыняць удзел у выбарах, а яшчэ траціна канчаткова не вызначылася са сваім удзелам. Пры гэтым грамадства дэманструе высокую цікавасць да незалежнага назірання за парламенцкімі выбарамі. 63,7% апытаных лічуць, што незалежнае назіранне спрыяе большай сумленнасці і аб’ектыўнасці выбараў і 22,7% выказваюць жаданне стаць назіральнікамі. 37,7% хочуць атрымліваць ад незалежных назіральнікаў інфармацыю пра выкананне выбарчых працэдур.

Як і прагназавалася, падчас выбарчай кампаніі была ўведзеная адміністратыўная адказнасць ў выглядзе штрафа за правядзенне сацыялагічных дасьледванняў і публікацыю іх вынікаў без дазволу ўладаў. На нашу думку, гэта стане істотнай перашкодай для аб’ектыўнай ацэнкі вынікаў выбараў, што агучваюцца выбарчымі камісіямі.


Вылучэнне прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі

Апазіцыйныя партыі актыўна вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі: на дадзены момант яны заяўляюць пра вылучэнне прыкладна 300 сваіх прадстаўнікоў (што адпавядае паказчыкам 2004 года і амаль у тры разы перавышае лічбы парламенцкіх выбараў 2008 года). Пра вылучэнне 62 прадстаўнікоў заявіла Партыя БНФ, Партыя левых «Справядлівы Сьвет» вылучыла 86 прадстаўнікоў, Аб’яднаная грамадзянскай партыя рыхтуецца накіраваць у акруговыя камісіі каля 30 сваіх сябраў, вылучала сваіх прадстаўнікоў і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Лаяльная ўладам фэдэрацыя прафсаюзаў заявіла пра вылучэнне ў выбарчыя камісіі праз свае структуры больш за 300 прадстаўнікоў. Пры гэтым лідэр ФПБ Леанід Козік заявіў, што прадстаўнікі ФПБ будуць весці ў акруговых камісіях барацьбу супраць кандыдатаў ад апазіцыі. Працэс вылучэння працягнецца да 6 ліпеня.

Вынікі разгляду пададзеных заяваў на наступным тыдні  (да 9 ліпеня) стануць важным крытэрыем ацэнкі справядлівасці і свабоднага характару выбараў як для апазыцыі, так і для міжнароднай супольнасці.

Фіксуецца вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў, што ў цэлым кантралюецца і накіроўваецца дзяржаўнай адміністрацыяй.

 

Узмацненне рэпрэсіяў

Назіраецца павелічэньне інтэнсіўнасьці кропкавых рэпрэсіяў супраць актывістаў і структур апазыцыі і грамадзянскай супольнасці. Асабліва ў гэтым вылучаецца Гародня: пасля арышту журналіста Андрэя Пачобута ў гарадзенскім офісе непрызнанага ўладамі Саюза Палякаў быў праведзены вобыск. Органы юстыцыі прыпынілі рэгістрацыю мясцовага аддзялення Партыі БНФ, запатрабаваўшы поўны спіс яе сябраў з пазначэннем месца працы, што не прадугледжана заканадаўствам.

У Глыбокім распачатая пазачарговая падатковая праверка выдавецкага прадпрыемства Пэрфэкт-інфо, якое ўзначальвае мясцовы сябра Парыі БНФ і актывіст кампаніі «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч, што збіраецца балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

30 чэрвеня ў Мінску быў затрыманы актывіст моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» «Zмена» Віталь Васількоў. Супрацоўнікі міліцыі прыходзілі таксама да сваякоў Аляксандра Арцыбашева, асуджанага раней да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, і актывіста прафсаюза «Студэнцкая рада» Алеся Крата. Стала вядома яшчэ пра некалькі спробаў міліцыі патрапіць у кватэры актывістаў беларускіх нацыянал-бальшавікоў. Актывізацыя рэпрэсій тлумачыцца прэветныўнымі мерамі ўладаў напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня Рэспублікі 3 ліпеня.

Затрыманы журналіст Андрэй Пачобут 30 чэрвеня быў раптоўна вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе; супраць яго працягваецца крымінальная справа па арт. 367 «Паклёп на адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

 

Умовы агітацыі

Істотнай зменай нарматыўнага парадку рэгулявання выбарчага працэсу ў параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі сталася адмова ад правядзення перадвыбарчых дэбатаў у простым эфіры. Гэта рашэнне было прынята Цэнтральнай камісіяй 27 чэрвеня 2012 года на нарадзе з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ. Такім чынам, удзельнікі тэледэбатаў будуць абмежаваныя ў выказванні сваіх праграмаў фактычнай цэнзурай на дзяржаўным тэлебачанні.

На акругах, дзе значную колькасць выбаршчыкаў складаюць студэнты,  назіраецца іх  масавы ад’езд са студэнцкіх інтэрнатаў на вакацыі – можна меркаваць, што агітацыйная кампанія найменей закране гэтую катэгорыю выбаршчыкаў.

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international