Гродзенскі аблвыканкам занепакоены “прымусовай беларусізацыяй” у рэгіёне

2012 2012-06-28T11:40:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mova1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота arche.by

Фота arche.by

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі пацвердзіў, што ў раённыя аддзелы культуры накіроўваліся лісты папярэджвальнага характару аб недапушчэнні прымусовай беларусізацыі. Аднак факты і пацверджанні наконт такога “прымусу” ён не прыводзіць.

У адказе на зварот па пытанні, чаму начальнікам аддзелаў культуры райвыканкамаў дасылаліся такія лісты, Аляксандр Вярсоцкі спасылаецца на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі і Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.

“З ліста, накіраванага ў аддзелы культуры не вынікае, што палітыка беларусізацыі з’яўляецца недапушчальнай. Калі ўважліва чытаць, становіцца зразумела, што недапушчальнай з’яўляецца палітыка прымусовай беларусізацыі. Перакананы, што гэта розныя рэчы, - адзначаецца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вярсоцкага А.Л. – Лічу, што палітыка прымусовай беларусізацыі, як і прымусовай русіфікацыі, прымусовага распаўсюджвання польскай ці іншай мовы з’яўляецца недапушчальнай. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць дадзенае Канстытуцыяй права свабоды выбару мовы для карыстання, як па сваіх службовых абавязках, так і ў асабістым жыцці”.

Спадар Вярсоцкі таксама адзначае, што асабіста для яго беларуская мова з’яўляецца роднай і дадае: “І як чыноўнік, і як чалавек карыстаюся беларускай мовай як пры выкананні службовых абавязкаў, так і ў штодзённым жыцці”.

Цікава, што 8-га лютага 2012 года міністр культуры Павел Латушка заявіў на паседжанні калегіі Мінкультуры ў Мінску, што “план па папулярызацыі беларускай мовы не выконваецца ў поўнай меры”. “Яшчэ два гады таму, прэм’ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта зацвердзілі план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства,  –  нагадаў Латушка.  – Гэты ж падыход закладзены ў праграме ўрада на 2011-2015 гады. Разам з тым адзначу, што мерапрыемствы плана не выконваюцца ў поўнай меры ўсімі дзяржаўнымі арганізацыямі, асабліва на мясцовых узроўнях”. 

Аднак па меркаванні начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама “рэалізацыі згаданага плана па папулярызацыі беларускай мовы не мае нічога агульнага з прымусовай беларусізацыяй”. Аляксандр Вярсоцкі ў сваім адказе так і не патлумачыў, што ён разумее пад паняццем “прымусовай беларусізацыі” і не прывёў ніводнага факту, які сведчыць пра гэту з’яву ў Гродзенскай вобласці.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international