Жыхары Брэста выступаюць за роспуск гарадскога савета дэпутатаў
Увечары 27 чэрвеня падчас сходу па пытанні будаўніцтва аптэкі ў мікрараёне “Кавалёва” яго жыхары прагаласавалі за роспуск гарадскога савета дэпутатаў. Бо мясцовыя ўлады, без уліку меркаванняў людзей, далі дазвол на будаўніцтва аптэкі на дваровай тэрыторыі – пры тым, што побач ужо знаходзяцца тры аптэкі.
Жыхары дамоў № № 77 і 79 па вуліцы Суворава, побач з якімі плануецца будоўля, распавялі, што напярэдадні яны пісьмова накіравалі зварот дэпутатам гарсавета з просьбай умяшацца ў сітуацыю, аднак ніякай рэакцыі не было.
Таму на сходзе было вырашана не толькі пачаць збор подпісаў за тое, каб прыпыніць будаўніцтва аптэкі, але і пастаўлена на галасаванне пытанне аб роспуску гарадскога савета дэпутатаў, паколькі “народныя выбраннікі” не здольныя абараняць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў перад органамі выканаўчай улады.
Пратакол сходу разам з подпісамі будзе накіраваны ў Брэсцкія аблвыканкам і гарвыканкам, а таксама ў гарадскі савет дэпутатаў. Акрамя таго, жыхары вуліцы Суворава заявілі пра намер усімі дасяжнымі сродкамі перашкаджаць узвядзенню двухпавярховага будынка на аварыйна небяспечным перакрыжаванні і ў непасрэднай блізкасці з жылымі дамамі. Гарадскія ўлады пакуль трымаюць паўзу.