Беларускія ўлады лічаць, што грамадзянам краіны шкодзіць свабода слова і свабодны доступ да атрыманьня інфармацыі

2006 2006-11-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алесь УЛАДАМІРСКІ, для www.baj.ru

Звычайна чыноўнікі высокага рангу адмяжоўваюцца ад уціску прэсы. Напрыклад, пра адмовы друкаваць і распаўсюджваць незалежныя выданні кажуць, што гэта — праблемы стасункаў між суб'ектамі гаспадарання.

Але здараюцца і праграмныя выступы, калі міжволі вылазіць шыла з меха.

Днямі з вялікім артыкулам у галоўнай дзяржаўнай газеце ("Тупики крестового похода за демократию" - Советская Белоруссия №204 за 27 кастрычніка) выступіў Анатоль Рубінаў, першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Лейтматыў такі: паколькі наш народ яшчэ не саспеў да шырокай дэмакратыі, то яе варта дазаваць (выключна дзеля святой стабільнасці!).

"Тое самае можна сказаць пра "незалежнасць" медыяў, — піша аўтар. — Я бяру гэтае слова ў двукоссе, бо поўнай незалежнасці ні ў кога не існуе. Хай паспрабуе любая газета ў любой краіне пачаць сістэматычна крытыкаваць свайго заснавальніка ці асноўнага рэкламадаўца — ці доўга яна пратрымаецца?".

Тут адразу некалькі нацяжак. Калі коратка, то паралелі з цывілізаваным замежжам проста недарэчныя. Бо паняцце "заснавальнік" там і тут — гэта неба і зямля. У заходніх дэмакратыях фактычна няма дзяржаўных мэдыяў. Таму прэса мае магчымасць крытыкаваць уладу. Там прэса зубастая. І заснавальнікі ў гэтым зацікаўленыя, бо іначай іх выданні ніхто не будзе купляць. У нас жа заснавальнікамі найбуйнейшых медыяў з'яўляюцца менавіта ўладныя структуры. Таму наша дзяржаўная прэса — а менавіта яна дамінуе на айчынным інфармацыйным абсягу — зубастая хіба што ў дачыненні да апазіцыі ды заакіянскага гегемона.

Зрэшты, высокі чыноўнік згаджаецца, што "свобода, паўната і верагоднасць інфармацыі неабходныя для грамадства, як кісларод". Гучыць прыгожа, але... Высвятляецца, што дыхаць гэтым кіслародам на поўныя грудзі беларусам шкодна. Бо "тут мы натыкаемся на няпоўную гатоўнасць грамадства да такой свабоды, на няздольнасць ўспрымаць розныя меркаванні і падыходы, на нецярпімасць да крытыкі, якая часцяком разглядаецца як асабісты выпад і падкоп пад аўтарытэт мясцовага кіраўніка".

Тут з аўтарам варта цалкам пагадзіцца: ну не любіць нашае начальства (і не толькі мясцовае) крытыкі! Але выснова ў артыкуле робіцца парадаксальная: "Таму свабода мусіць прадастаўляцца грамадству настолькі, наколькі яно гатовае несці за яе адказнасць".

Ці не праўда, арыгінальная выснова? Праз тое, што "вертыкалі" не пад нос крытыка ды плюралізм, найлепей абмежаваць права ўсяго грамадства на атрыманне поўнай, верагоднай і своечасовай інфармацыі! Між іншым, канстытуцыйнае права. Таксама ў Асноўным законе гарантуецца і свабода думак, меркаванняў, вольнае іх выказванне.

Пасля такіх праграмных выступаў высокаму кіраўніцтву ўжо ніяк не выпадае тлумачыць дыскрымінацыю незалежнай прэсы адвольнымі дзеяннямі нейкіх "суб'ектаў гаспадарання". Як вынікае з артыкулу, палітыка перакрывання інфармацыйнага кіслароду ідзе зверху.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international