Турэмны бунт, ці Што адбылося ў Івацэвіцкай калоніі?

2012 2012-06-22T18:34:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У рэдакцыю “Народнай Волі” прыйшоў ліст з папраўчай калоніі №22, якую ў народзе называюць “Воўчыя норы”. Аўтары яго -- людзі, якія адбываюць там пакарані. Што ж прымусіла іх у пошуках абароны звяртацца да журналістаў незалежнага выдання?

Аўтары ліста пішуць пра сур’ёзны інцыдэнт. 6 чэрвеня шэсць чалавек з камеры №2 штрафнога ізалятара а пятай гадзіны раніцы, калі прагучала каманда “Пад’ём!”, убачылі, што іх вопратка стала мокрая ад вады. Зэкі папрасілі, каб іх перавялі ў іншыя камеры на час рамонту, але ім было адмоўлена. Хаця рамонтнікаў, каб пачыніць трубы, адміністрацыя калоніі ўсё ж прыслала. Але што тут трубы, калі трэба рамантаваць дах, з якога пасля кожнага дажджу ліецца?

Карацей, асуджаныя былі на калідоры, пакуль рамонтнікі рабілі сваю справу, а прадстаўнікі адміністрацыі абыходзі камеры. Калі надышоў час вяртацца у камеру, да адбываючых пакаранне падышлі кантралёры. Далей цытата з ліста: “Яны пацікавіліся: “Хто адмаўляецца заходзіць у камеру?” У адказ: “Усе! Камера сырая, і там немагчыма знаходзіцца”. Тады нас павялі ў прагулачны дворык. Недзе ў 13.00 падышоў ДПНК (дзяжурны памочнік начальніка калоніі. -- Аўт.), ткнуў у двух асуджаных пальцам і кажа: “На выхад!” Тыя пайшлі і ў калідоры ўбачылі па баках кантралёраў, якія загадалі ім спыніцца. Потым паклікалі яшчэ аднаго асуджанага. Гэтых завялі ў камеру №3, а яшчэ траіх нагамі заштурхнулі ўсё ў тую ж камеру №2. Там іх пачалі збіваць дубінкамі, нагамі і  рукамі. Пачуўшы гэта, іншыя асуджаныя пачалі грукаць у дзверы і крычаць, каб не збівалі людзей. Але тыя працягвалі біць. Потым адзін з ахоўнікаў пачаў бегаць па калідоры і крычаць: “Каго яшчэ?! Я раскручу вас па 411-й!” (Маецца на ўвазе крымінальны артыкул “Злоснае непадпарадкаванне супрацоўніку адміністрацыі папраўчай установы, які караецца дадатковым пазбаўленнем волі. -- Аўт.). Калі кантралёры сышлі ў пакой для ператрусу, з розных камер сталі запытвацца, ці моцна збілі гэтых траіх. Калі ж даведаліся, што пабоі былі цяжкія, то пачалі абурацца. Усе былі на нервах: “Калі адміністрацыя хоча нашай крыві, то мы самі яе дамо.” Разбілі лямпачку і парэзалі сабе рукі, а адзін асуджаны з камеры №6 нават парэзаў сабе жывот”.

Інфармацыю пра спробу турэмнага бунту ні прэс-служба МУС, ні праваабаронцы, ні Дэпартамент выканання пакаранняў не распаўсюдзілі. Але з ліста вынікае, што потым дзяжурны ўрач дваіх накіраваў у медчасць, а астатнім аказаў дапамогу і пакінуў у камерах. А калі высветлілася, што чалавека, які парэзаў сабе жывот і рукі, адвезлі ў шпіталь толькі на наступны дзень, то людзі з іншых камер абвясцілі галадоўку. Яны заявілі, што не будуць прымаць ежу, пакуль да іх не прыйдзе прадстаўнік пракуратуры.

Мы спадзяёмся з дапамогай гэтага ліста дабіцца, каб нешта змянілася. Мы лічым, што мы таксама людзі і тое, пра што мы напісалі, не можа быць падставай, каб нас збівалі і калечылі. Ніхто з нас не застрахаваны ад таго, каб вярнуцца дадому інвалідам”, -- напісалі ў “Народную Волю” з калоніі ў Івацэвічах.

Ці доўжыцца галадоўка зараз, ці яна спынена, ці яе ўвогуле не было -- з ліста не зразумела.

Першы намеснік Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей ПРАЦЭНКА паведаміў “Народнай Волі”, што ведае пра інцыдэнт. Але ў яго трактоўцы ўсе выглядае па-іншаму.

У ШЫЗА знаходзяцца парушальнікі рэжыму. Вы думаеце, што там сядзяць невінаватыя?.. Калі б дзеянні супрацоўнікаў калоніі былі незаконнымі, то іх бы ўжо даўно пакаралі. А наконт таго, што нібыта нехта там парэзаў жывот і яго адвезлі ў шпіталь, -- гэта няпраўда.

Яны адмовіліся выконваць законныя патрабаванні адміністрацыі. Яны не могуць выбіраць сабе камеры, якія ім падабаюцца ці не падабаюцца. Адміністрацыя іх рассаджвае па камерах, а не яны самі гэта робяць. Таму ў гэтай сітуацыі дзеянні адміністрацыі былі своечасовымі і адэкватнымі дзеянням асуджаных. Закон дазваляе ўжываць фізічную сілу і спецсродкі. Для нас гэтая сітуацыя надзвычайная, і адміністрацыі пра такія выпадкі заўсёды нам дакладваюць. Таму пра тое, што адбылося, мы ведаем. Асуджаны Хамідулін, які ўтрымліваўся ў ПКТ на знак пратэсту супраць таго, што ўжылі спецсродкі (не да яго, а да іншага асуджанага), кавалкам абліцовачнай пліткі нанёс сабе раны правага перадплечча. Ні ў які шпіталь яго не вазілі. Яму дапамогу аказалі на месцы. Вы ведаеце, што такое членашкодніцтва? Гэта дэманстратыўныя паводзіны чалавека дзеля таго, каб звярнуць на сябе ўвагу. За гэта, між іншым, прадугледжана пакаранне. Яны пракурора чакаюць? А вы ўявіце сабе самі, калі на кожнае незаконнае патрабаванне будзе хадзіць пракурор, то колькі яму давядзецца хадзіць?

І ўсе ж такі падаецца, што Дэпартамент выканання пакаранняў вельмі лёгка “разабраўся” ў сітуацыі. У цывілізаваных краінах у турму адразу пусцілі б праваабаронцаў, каб яны паразмаўлялі і з асуджанымі, і з адміністрацыяй, выслухалі ўсе бакі канфлікту і зрабілі выснову. А што ў нас?

“Народная Воля” гатова накіраваць у Івацэвічы журналіста, каб ён аб’ектыўна разабраўся ў сітуацыі. Чакаем згоду на такое незалежнае разбіральніцтва ад прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international