У Беларусі новы палітвязень – журналіст Андрэй Пачобут
Правабарончы цэнтр “Вясна”
ЗАЯВА
Праваабарончы цэнтр “Вясна” рашуча асуджае арышт і абвінавачанне ў паклёпе на прэзідэнта журналіста Андрэя Пачобута, расцэньваючы гэта як палітычна-матываваны пераслед за прафесійную дзейнасць і выказванне меркавання. Мы лічым Андрэя Пачобута новым палітычным зняволеным і патрабуем ягонага неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
21 чэрвеня 2012 г. у г. Гродна быў затрыманы і ўзяты пад варту журналіст Андрэй Пачобут. Падствай для арышту журналіста стала крымінальная справа па ч. 2 арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь (плёп у дачыненні да прэзідэта Рэспблікі Беларусь), узбуджаная Следчым камітэтам па Гродненскай вобласці згодна з матэрыяламі праверкі, праведзенай абласным упраўленнем КДБ. Па выніках праверкі ўпраўленне КДБ зрабіла выснову, што ў шэрагу публікацый Андрэя Пачобута на некаторых інтэрнет-рэсурсах утрымліваюцца “паклёпніцкія выказванні адносна А. Лукашэнкі”.
У адпаведнасці з санкцыяй часткі 2 артыкула 367 КК, Андрэю Пачобуту пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Андрэй Пачобут на дадзены момант адбывае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады згодна з прысудам, вынесеным 5 ліпеня 2011 года судом Ленінскага раёна Гродна за паклёп у адносінах да прэзідэнта (частка 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса).
Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае пераслед Андрэя Пачобута як расправу над журналістам за ягоную прафесійную дзейнасць, а таксама дэманстратыўную пагрозу для ўсёй журналісцкай супольнасці напярэдадні правядзення парламенцкіх выбараў. Мы з трывогай адзначаем, што дадзены рэпрэсіўны крок успрымаецца як адназначны сігнал усім грамадска-палітычным суб’ектам, якія падчас выбарчай кампаніі могуць выступаць з крытыкай існуючай улады.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойвае на адмене дыфамацыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксе, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за паклёп, абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых службовых асобаў, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Мы глыбока перакананыя, што дадзеныя артыкулы знішчаюць свабоду выказвання меркавання, гарантаваную Канстытуцыяй, а таксама выкарыстоўваюцца выключна для палітычна-матываванага пераследу іншадумцаў.
Правабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:
Спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да Андрэя Пачобута і неадкладна вызваліць яго з-пад варты.
Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітзняволеных, якія знаходзяцца пад вартай ці ў месцах пазбаўлння волі.
Прывесці заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды выказвання меркавання.