Дыскрымінацыя ў беларускіх ізалятарах – пад увагай Камітэта ААН

2012 2012-06-22T11:09:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/united_nations1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У рамках справы жыхаркі Брэста Інгі Абрамавай прызначаны тры спецыяльныя дакладчыкі Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, якія будуць сачыць за становішчам спраў у беларускіх ізалятарах.

Як распавёў праваабаронца Раман Кісляк (ён прадстаўляе інтарэсы Абрамавай у гэтай міжнароднай установе), Інга безвынікова абскарджвала ў беларускіх судах  факты сваёй дыскрымінацыі падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.

У ізалятар Абрамава трапіла восенню 2007-га года разам з Юрыем Бакурам: міліцыянты іх затрымалі падчас развешвання сініх стужак на вадасцёкавых трубах дамоў, якімі актывісты хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да запланаванага ў Менску “Еўрапейскага маршу”. Суд пакараў актывістку арыштам на пяць сутак нібыта за нецэнзурную лаянку.

22 снежня 2008 года Інга Абрамава накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, у якім паведамляла, што ў ізалятары часовага ўтрымання яна падвяргалася дыскрымінацыі як жанчына. У якасці прыкладу актывістка ўзгадвала, як супрацоўнік ізалятару дазволіў сабе дакрануцца да яе, а на  пярэчанні Абрамавай заявіў, што ён і яго калегі могуць распрануць дзяўчыну, што Інга расцаніла як сэксуальнае дамагальніцтва. У далейшым супрацоўнікі ізалятару неаднойчы дапускалі выказванні і дзеянні ў адносінах да Абрамавай, што абражала яе як жанчыну. Па словах Кісляка, такія факты дыскрымінацыі сталі магчымымі з-за таго, што персанал ізалятару складаўся выключна з мужчын.

У ліпені мінулага года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын вынес рашэнне па гэтай справе, у якім прызнаў дыскрымінацыю Інгі Абрамавай і запатрабаваў ад беларускага ўраду выдаткаваць належную кампенсацыю ў адпаведнасці з цяжарам парушэнняў яе правоў. Таксама ў рашэнні па гэтай справе Камітэт выказаў шэраг агульных заўваг, пры выкананні якіх будзе ліквідаваная дыскрымінацыя жанчын у месцах зняволення ў Беларусі.

З цяперашняга прызначэння спецдакладчыкаў Раман Кісляк робіць выснову, што ў справе Інгі Абрамавай, якая была першай і пакуль адзінай з краін СНД, што разглядалася ў Камітэце, яшчэ не пастаўлена кропка. Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын будзе працягваць сачыць за тым, каб  сітуацыя ў Беларусі выпраўлялася і ствараліся ўмовы для выключэння падобных парушэнняў у далейшым.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international