Сёння дзень народзінаў адзначае Аун Сан Су Чжы

2012 2012-06-19T10:40:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aung-san-suu-kyi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аун Сан Су Чжы

Аун Сан Су Чжы

19 чэрвеня нарадзілася адна з самых вядомых у свеце дысідэнтаў, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру 1991 года – лідэр дэмакратычнай грамадскасці Бірмы Аун Сан Су Чжы (Aung San Suu Kyi).

Аун Сан Су Чжы з'яўляецца ўплывовай абаронцай правоў і свабоды ў Бірме - краіне, дзе з 1962 года ва ўладзе знаходзіцца ваенны ўрад. Яна нарадзілася ў Рангуне, сталіцы Бірмы, а адукацыю атрымала ў Оксфардскім універсітэце. Актыўную дзейнасць у палітычнай сферы пачала ў 1988 годзе, калі бірманская хунта гвалтам падавіла масавае народнае паўстанне, забіўшы тысячы грамадзянаў. Су Чжы напісала адкрыты ліст да ўрада з просьбай сфармаваць незалежны камітэт для правядзення дэмакратычных выбараў. Грэбуючы забаронай ўрада на сходы колькасцю больш за чатыры чалавекі, яна выступала перад вялікімі аўдыторыямі па ўсёй Бірме ў якасці Генеральнага сакратара нядаўна сфармаванай Нацыянальнай лігі за дэмакратыю.

Улады, занепакоеныя ростам папулярнасці жанчыны-палітыка, у 1989 годзе змясцілі яе пад хатні арышт. У тым жа годзе Бірма была перайменаваная ў М'янму, а яе сталіца Рангуне - у Янгон. Нягледзячы на ​​ўтрыманне пад арыштам лідэра партыі, Нацыянальная ліга за дэмакратыю ў 1990-м годзе перамагла на выбарах, атрымаўшы 82% месцаў у парламенце, але ваенная дыктатура адмовілася прызнаць вынікі выбараў. Тым часам дзейнасць Су Чжы знайшла прызнанне за мяжой. За дасягненні ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў 1990 годзе яна стала лаўрэатам прэмій у галіне правоў чалавека імя Торалфа Рафта і Андрэя Сахарава, а на наступны год - лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Але атрымаць гэтую прэстыжную ўзнагароду не змагла, паколькі вельмі працяглы час знаходзілася ў зняволенні.

Так, у 1995 годзе пасля перамоваў з прадстаўнікамі хунты Су Чжы была выпушчаная з-пад хатняга арышту і працягнула палітычную дзейнасць. Яна не скарысталася магчымасцю пакінуць краіну, асцерагаючыся, што кіруючы рэжым не дазволіць ёй вярнуцца на радзіму. Папулярнасць Су Чжы ў краіне і за мяжой расла, і ў 2000 годзе ўлады вярнулі яе пад хатні арышт. Чарговае вызваленне адбылося двума гадамі пазней, аднак у 2003 годзе аўтакартэж лідэра Нацыянальнай лігі за дэмакратыю падвергнуўся нападу праўрадавых баевікоў, а сама Су Чжы ізноў апынулася пад хатнім арыштам. Увосень 2007 года ў Бірме пачаліся масавыя народныя хваляванні. Пад ціскам ААН і міжнароднай супольнасці ўлады пайшлі на перамовы са Су Чжы, але пасля адмовіліся ад іх, спаслаўшыся на непадатлівасць лідэра апазіцыі. У траўні 2008 года ў Бірме адбыўся рэферэндум, на якім была зацверджана новая канстытуцыя краіны. Аднак улады не далі Су Чжы прыняць удзел у абмеркаванні, а таксама забаранілі ёй займаць любыя дзяржаўныя пасады. Неўзабаве пасля рэферэндуму лідэру апазіцыі быў падоўжаны на год тэрмін хатняга арышту. Яшчэ праз год, у траўні 2009-га, Су Чжы была абвінавачаная ў парушэнні правілаў арышту. У выніку суду дысідентцы пагражала 5 гадоў турмы. У жніўні 2009 года яе асудзілі на тры гады папраўчых работ, аднак кіраўнік хунты Тан Швэ спецыяльным рашэннем замяніў гэта пакаранне на 18 месяцаў хатняга арышту. Тым не менш, у лістападзе 2010 года, неўзабаве пасля парламенцкіх выбараў у Бірме, Су Чжы была вызваленая.

І сёлета, у красавіку, Нацыянальная ліга за дэмакратыю, прыняўшы ўдзел у давыбарах у парламент, атрымала 43 з 45 вакантных дэпутацкіх месцаў у заканадаўчым органе. 2 траўня 2012 года, прынёсшы прысягу, Аун Сан Су Чжы стала дэпутатам ніжняй палаты парламента Бірмы. І гэта павялічвае яе шансы на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

А напярэдадні свайго дня народзінаў, 16 чэрвеня - праз 21 год! - заўзятая змагарка за дэмакратычныя свабоды і правы чалавека атрымала на цырымоніі ў Осла Нобелеўскую прэмію міру.

Ва ўрачыстай прамове Аун Сан Су Чжы падзялілася сваімі перажываннямі: «Часта падчас хатняга арышту я адчувала, што больш не з'яўляюся часткай свету ... Прэмія дала мне магчымасць зноў адчуць рэальнасць, апынуцца сярод людзей, прарваць ізаляцыю. Я зразумела ўсю важнасць Нобелеўскай прэміі - яна прыцягнула ўвагу свету да барацьбы за дэмакратыю і за правы чалавека ў Бірме. Нашая краіна не будзе забытая».

Нобелеўская лаўрэатка падчас цырымоніі заклікала сусветную грамадскасць працягнуць барацьбу за вызваленне палітычных зняволеных у Бірме. Але, як паказала нядаўняя гісторыя, яна неабыякавая і да лёсу палітвязняў з іншых таталітарных краінаў. Пасля арышту кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага Аун Сан Су Чжы ў кастрычніку 2011 года далучылася да міжнароднай кампаніі ў абарону пераследуемага ўладамі беларускага праваабаронцы.

"Дарагі Алесь,спадзяюся, ты зусім-зусім хутка выйдзеш на волю і апынешся сярод тваіх родных і сяброў, якіх у цябе вялікая колькасць ва ўсім свеце”, - пісала яна словы салідарнасці Алесю Бяляцкаму, які на той момант знаходзіўся ў менскім СІЗА.

Пасля яны – лаўрэатка і неаднаразовы намінант Нобелеўскай прэміі міру, якія за сваю самаадданую праваабарончую дзейнасць спазналі долю палітвязняў – сустрэліся, так бы мовіць, завочна на Форуме Свабоды, які праходзіў сёлета ў траўні ў Осла. Падчас Форуму прагучаў даклад Нарвежскага Хельсінкскага камітэта па справе Алеся Бяляцкага. А ўвечары таго ж дня адбылася цырымонія ўзнагароджання першай Прэміяй Вацлава Гавела. Сярод трох лаўрэатаў прэміі ўзнагароду атрымала і Аун Сан Су Чжы.

Будзем вельмі спадзявацца, што асабістая сустрэча гэтых двух выбітных людзей – бірманскай дысідэнткі і беларускага праваабаронцы - наперадзе і не прымусіць сябе доўга чакаць.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international