Памёр вядомы беларускі праваабаронца Барыс Звозскаў
Сёння ўначы пасля працяглай і цяжкай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі праваабаронца, адзін з заснавальнікаў аб'яднання "Прававая ініцыятыва", першы прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека, "Праваабаронца года Беларусі-2008" Барыс Ігаравіч Звозскаў. Яму было 63 гады.
Вельмі шчыры і добрасумленны чалавек, Барыс Ігаравіч заслужыў сваёй прафесійнай і адданай працай вялікі аўтарытэт: ён быў абаронцам у палітычна-матываваных справах, шмат працаваў з журналістамі і актывістамі па пытаннях абароны ў адміністрацыйным і крымінальным працэсе, вялікі ўнёсак зрабіў у асвету і адукацыю па правах чалавека моладзі, юрыстаў, праваабаронцаў і адвакатаў.
Барыс Звозскаў нарадзіўся ў 1949 годзе ў Белагорску (Расія), скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут. Да 1987 года працаваў інжынерам электроннай тэхнікі ў арганізацыі "Каскад" Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР, затым -- у канцэрне "Планар".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае самыя шчырыя спачуванні сям'і і блізкім Барыса Ігаравіча.