Алесь Бяляцкі: “Здаецца, што спагнаньні, якія я атрымаў у калоніі – не апошнія”

2012 2012-06-14T12:20:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-2007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Зьняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2 у сваіх лістах сябрам і знаёмым даволі рэдка паведамляе пра ўмовы ўтрыманьня, альбо на ціск з боку адміністрацыі. Між тым сітуацыя з праваабаронцам досыць складаная і чакаць скарачэньня тэрміну зняволеньня яму пакуль не выпадае.

У сваім апошнім лісце праваабаронцу Валянціну Стэфановічу Алесь Бяляцкі прывёў некалькі фактаў, якія сведчаць пра стаўленьне кіраўніцтва калоніі да палітвязьня.

Алесь Бяляцкі піша, што  “…за гэтыя месяцы ўжо паспеў атрымаць вымову і пазачарговы нарад. Чамусьці мне здаецца, што яны – не апошнія. Увогуле, як аказалася, вязень я далёка не прыкладны. У вывешаным у атрадзе спісе на спатканьне было 4 графы, якія характарызуюць зняволенага. Як аказалася, я там быў самы горшы”.

Згодна з гэтымі крытэрыямі адміністрацыя Бабруйскай калоніі №2 вызначае, што Алесь Бяляцкі не прыняў на сябе пісьмовых абавязальніцтваў выправіцца, г.зн. прызнаць сваю віну, не бярэ ўдзелу ў самадзейным аб’яднаньні (СА), мае вымову. І толькі ў чацвертай графе станоўча было пазначана, што ў Бяляцкага няма матэрыяльнага зыску.

Аднак патрэбна патлумачыць, што 29 сакавіка суд Першамайскага раёна Мінска па грамадзянскім зыску падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна вырашыў спагнаць дадаткова са зняволенага праваабаронцы больш за 140 мільёнаў рублёў пені – за несвоечасовую ўплату сумы запазычанасці. Пры тым, што сплочаная праваабаронцам у студзені сума паводле прысуду ўжо была праіндэксаваная з улікам інфляцыі, пасля чаго павялічылася больш як удвая. Гэты зыск быў абскарджаны ў касацыйнай інстанцыі Мінскага гарадскога суда, але не быў задаволены і неўзабаве ўступіць у сілу.

Такая характарыстыка паўплывала на абмежаваньне ў спатканьні (адныя суткі замест трох), на зьмяншэньне аб’ёму прадуктовай перадачы з 30 да 15 кг. Да ўсяго праваабаронцу адмянілі дадатковыя 5 кг гародніны і садавіны на летні перыяд.

Раней таксама паведамлялася, што да праваабаронцы не даходзіць частка карэспандэнцыі. З гэтай нагоды 5 чэрвеня з Бяляцкім сустракаўся сябра праўленьня Грамадскага аб’яднаньня “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”  Віктар Сідарэнка, якому ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму дало дазвол на праверку гэтай  інфармацыі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч занепакоены тым, што напярэдадні прыняцця Закона “Аб амністыі” адміністрацыя калоніі спрабуе зрабіць з Алеся “злоснага парушальніка рэжыму” і такім чынам пазбавіць яго права на амністыю. У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць ад адміністрацыі Баруйскай папраўчай калоніі №2 спыніць неабгрунтаваны ціск на Алеся Бяляцкага і нагадваюць, што да лёсу Алеся прыкаваная пільная ўвага не толькі беларускай грамадскасьці, але і аўтарытэтных міжнародных арганізацый, грамадскіх дзеячоў і палітыкаў у шматлікіх краінах свету.

Пазіцыя Праваабрончага цэнтру “Вясна” ў гэтым пытаньні застаецца цвёрдай і нязменнай. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітзняволеных.

Патрэбна адзначыць, што на сённяшні дзень фактычна ўсе палітзняволеныя маюць дысцыплінарныя спагнаньні: у дачыненьні да Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Статкевіча, Яўгена Васьковіча рэжым быў зменены судом на больш жорсткі, Мікалай Дзядок на шэсць месяцаў накіраваны ў ПКТ. Усе гэтыя дзеяньні маюць адзіную мэту – пазбавіць вязьняў права на амністыю і не дапусціць іхняга датэрміновага вызваленьня.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international