viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Травень 2012

2012 2012-06-12T22:24:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Травень не прынёс ніякіх станоўчых зменаў у агульнай сітуацыі з правамі чалавека і ў праблеме палітвязняў у прыватнасці. 24 траўня, прымаючы з дакладам міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, Аляксандр Лукашэнка наўпрост заявіў, што сваю пазіцыю па палітвязнях мяняць не збіраецца: «Я ўсё больш чую заяваў пра тое, што еўрапейскія дыпламаты тут чакаюць нейкай амністыі, зноў заводзячы гаворку па палітвязнях і гэтак далей. Я адразу хачу публічна сказаць, што да гэтай тэмы я больш не вяртаюся (…) Мы чакаем канкрэтных крокаў ад Захаду, Еўрапейскага Саюза. Мяч на іх баку. Гэта маё цвёрдае перакананне. Таму чакаць зноў гэтай гульні на старых інструментах па старых нотах я не збіраюся».

Гэтае выказванне А. Лукашэнкі засведчыла, што ён чакаў пэўных крокаў насустрач ад еўрапейскіх краінаў за вызваленне ў красавіку Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі і расчараваны тым, што Еўрапейскі Саюз настойліва патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў для аднаўлення палітычнага дыялогу і супрацоўніцтва.

Сітуацыя з палітвязнямі ўскладнілася вынясеннем яшчэ аднаго палітычна матываванага крымінальнага прысуду. 29 траўня грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 6 месяцаў арышту па абвінавачанні ў парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду. Ён з’яўляўся фігурантам справы аб “масавых беспарадках” і быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі, затым – памілаваны згодна з указам прэзідэнта. Пасля свайго вызвалення Васіль Парфянкоў працягваў грамадскую дзейнасць і затрымліваўся за ўдзел у акцыях у падтрымку палітвязняў, у выніку чаго над ім быў устаноўлены прафілактычны нагляд. Прысуд у адносінах да В. Парфянкова пакуль не ўступіў у законную сілу і будзе абскарджаны. Праваабаронцы адзначаюць, што ў выпадку зняволення актывіст будзе прызнаны палітычным вязнем.

На працягу ўсяго месяца адбываліся масавыя затрыманні грамадскіх актывістаў і прыцягненне іх да адміністратыўнай адказнасці. Зафіксавана сістэматычнае асуджэнне на падставе сфальсіфікаваных матэрыялаў аб адміністратыўным правапарушэнні за дробнае хуліганства. У гэты незаконны пераслед аказаліся актыўна ўцягнутыя не толькі органы ўнутраных справаў, але і суды, якія выносілі прысуды на падставе непраўдзівых матэрыялаў. Асобы, якія незаконна  і неаднаразова пазбаўляліся волі на працяглы тэрмін, па меркаванні праваабаронцаў, на перыяд свайго затрымання лічацца палітычнымі вязнямі.   

У траўні быў апублікаваны даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі, які ў вуснай форме быў прадстаўлены падчас 18-ай сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе ў верасні мінулага году. Паколькі з таго часу рэкамендацыі застаюцца ў асноўным нявыкананымі беларускім урадам, УВКПЧ паўтарае іх, акцэнтуючы дадатковыя патрабаванні. У частку Дакладу, датычную свабоды асацыяцыяў і праваабаронцаў у Беларусі, увайшла інфармацыя пра факты рэпрэсій у дачыненні да Беларускага Хельсінкскага камітэта і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, а таксама дыфамацыйныя кампаніі супраць палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў і журналістаў.


Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

За кратамі па-ранейшаму працягвалі знаходзіцца 13 палітычных вязняў - Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў (адносна трох апошніх праваабаронцы патрабуюць перагляду справаў справядлівым судом). Калі 21 красавіка А. Лукашэнка агучыў намер абвесціць амністыю да 3 ліпеня, то шмат хто ўспрыняў гэта як знак таго, што такі прававы механізм можа быць выкарыстаны дзеля вызвалення палітзняволеных. Аднак эксперты скептычна ацанілі эфектыўнасць выкарыстання такога інструмента,  паколькі частка палітвязняў лічацца злоснымі парушальнікамі рэжыму адбыцця пакарання, маюць дысцыплінарныя спагнанні, а ў выпадку Алеся Бяляцкага – нявыплачаную матэрыяльную запазычанасць (пры ўступленні рашэння суда Першамайскага раёна г. Мінска ў законную сілу).  

29 траўня з’явіўся патэнцыйны палітычны вязень  - грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў быў асуджаны судом Першамайскага раёна Мінска на 6 месяцаў арышту па арт. 421 КК Рэспублікі Беларусь (парушэнне ўмоваў прафілактычнага нагляду, устаноўленага судом). Васіль Парфянкоў у лютым 2011 году быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 293 КК РБ (“удзел у масавых беспарадках”) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў, у жніўні таго ж году – памілаваны згодна з указам прэзідэнта. За ўдзел у акцыях ён неаднаразова затрымліваўся, у выніку чаго над ім быў устаноўлены прафілактычны нагляд. В. Парфянкоў да ўступлення прысуду ў законную сілу не быў узяты пад варту, але, калі абскарджанне не дасць станоўчых вынікаў і прысуд будзе пакінуты ў сіле, актывіст стане чарговым палітычным зняволеным.  

Занепакоенасць выклікае і тое, што прафілактычны нагляд устаноўлены яшчэ над двума моладзевымі актывістамі, асуджанымі за паслявыбарчыя падзеі 2010 году і ў далейшым памілаванымі, - Уладзімірам Яроменкам і Паўлам Вінаградавым, што можа ў далейшым пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць за фармальнае парушэнне ўмоваў яго адбыцця.

2 траўня стала вядома, што віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку этапавалі з ахоўнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя ў Навінках, куды ён быў накіраваны на комплексную псіхіятрычную экспертызу па рашэнні Віцебскага абласнога суда. Да 7 траўня зняволены ўтрымліваўся ў СІЗА Міністэрства ўнутраных спраў на вуліцы Валадарскага ў Мінску, затым быў этапаваны ў СІЗА № 2 г.Віцебску. 4 траўня ўпраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў МУС паведаміла маці С.Каваленкі, што яе сын прызнаны псіхічна здаровым. 8 траўня зняволены ўжо ў трэці раз аднавіў галадоўку, якую ён пачаў адразу пасля арышту 19 снежня 2011 году. 18 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу С. Кавлаенкі і пакінуў вынесены прысуд у сіле, а 20 траўня ён быў этапаваны ў калонію №19 Магілёву адбываць пакаранне.

22 траўня ў зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага ў выкананне прысуду ў частцы канфіскацыі маёмасці апісалі маёмасць на лецішчы, раней, у сакавіку, была апісаная кватэра А.Бяляцкага ў Мінску. 30 траўня судовыя выканаўцы суда Першамайскага раёну сталіцы апісалі і ацанілі маёмасць у офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна”, у якім афіцыйна быў зарэгістраваны А. Бяляцкі.
У пачатку месяца высветлілася, што зняволенаму праваабаронцу абмяжоўваюць перапіску – ён не атрымаў два лісты ад калегі з Праваабарончага цэнтру “Вясна” Насты Лойкі. Паколькі забароненых для перасылкі рэчаў у лістах не было, Н.Лойка накіравала скаргу ва ўпраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці, пракуратуру і Магілёўскую абласную грамадскую назіральную камісію за ўмовамі ўтрымання пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму.

Абмежаванне карэспандэнцыі зафіксавана таксама і ў адносінах да Яўгена Васьковіча, а Павел Сырамолатаў увесь красавік не атрымліваў выпісаных газет па месцы адбыцця пакарання – у магілёўскай калоніі №19. Пра гэта даведалася маці зняволенага падчас кароткатэрміновага спаткання з сынам. Высветліць, чаму П.Сырамолатаў не атрымлівае газет, маці зняволенага не ўдалося.

У канцы траўня паводле рашэння начальніка Шклоўскай калоніі № 7 Мікалай Дзядок быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу, так званы “БУР” (“адзіночку”), на паўгода. Да гэтага яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэнні аб памілаванні. Мікалай таксама пазбаўлены доўгатэрміновага спаткання з маці і жонкай, якое раней было дазволена ў чэрвені. За час знаходжання ў Бабруйскай і Шклоўскай калоніі Мікалай атрымаў больш за 10 спагнанняў за розныя надуманыя парушэнні, кшталту „няправільна адрэагаваў на заўвагу“, і цяпер не можа трапіць пад маючую адбыцца амністыю.


Смяротнае пакаранне

7 траўня маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з асуджаных і расстраляных за тэракт у мінскім метро, звярнуліся да А. Лукашэнкі з прапановай выдаць указ, каб целы пакараных смерцю ўсё ж выдаваліся сваякам. А таксама каб ім паведамлялася пра месцы пахавання тых,  каго расстралялі паводле смяротных прысудаў. Яны прапануюць адмяніць палажэнне  пункта 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, паколькі "няма ніякага разумнага абгрунтавання для нявыдачы цела пакаранага сваякам або ўтойвання ад іх месца яго пахавання". Родныя Уладзіслава Кавалёва прапануюць унесці змены ў заканадаўства, бо лічаць, што існуючыя нормы надзвычай жорсткія і бесчалавечныя ў дачыненні да сваякоў пакараных смерцю.

8 траўня падчас звароту А. Лукашэнкі да парламента і народа дэпутат Самасейка спытаў аб праблеме смяротнага пакарання і магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. А. Лукашэнка адказаў: «Я ніколі сам не пайду на ўвядзенне мараторыя. Я ведаю настроі людзей. Тэлевізар можна выключыць. Два нягоднікі ўварваліся ў кватэру, згвалтавалі дачку, забілі яе, закінулі ў ванную. Што з імі зрабіць? Я імгненна адхіляю прашэнне аб памілаванні. Вы ведаеце, чаго мне каштавалі два апошнія смяротныя прысуды, калі ўвесь свет на цябе цісне. Я — прэзідэнт, я павінен зрабіць, як хоча грамадства. Калі ты гад і нягоднік і ідзеш на злачынства, будзь гатовы за яго адказаць. Хаця, можа быць, грамадства падышло да мараторыя».


Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання

10 траўня салігорскія грамадскія актывісты накіравалі ў Палату прадстаўнікоў звароты аб увядзенні ў беларускае крымінальнае заканадаўства паняцця “катаванне” і адказнасці за гэтае злачынства. Таксама ад дэпутатаў патрабуюць пачаць распрацоўку закону супраць катаванняў. Нагадаем, што беларускае заканадаўства наогул не дае вызначэння паняцця “катаванне”, як тое прадугледжваецца Канвенцыяй супраць катаванняў ААН, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь. Ніводны нарматыўна-прававы акт Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае гэтага вызначэння. У Беларусі існуе адказнасць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія апасродкавана караюць за дзеянні, якія можна трактаваць як катаванні ці жорсткае абыходжанне, але пакарання менавіта за катаванні ў краіне наўпрост няма. У сваім звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў актывісты звяртаюць увагу на рэкамендацыі Камітэта супраць катаванняў ААН па Беларусі, зробленыя пад час 47-й сесіі восенню мінулага году. У прыватнасці Камітэтам рэкамендавана неадкладна ўвесці ў Крымінальны кодэкс нормы, якія даюць вызначэнне катаванню і кваліфікуюць яго ў якасці крымінальнага злачынства, у поўнай адпаведнасці з артыкуламі 1 і 4 Канвенцыі супраць катаванняў ААН.

19 траўня каля ўніверсаму “Першамайскі” на вуліцы Русіянава ў Мінску быў затрыманы і жорстка збіты актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Молчан. На вуліцы ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг, пасля чаго да яго пад’ехала машына з супрацоўнікамі міліцыі. Актывіста моцна збілі ды гвалтам зацягнулі ў машыну. У выніку ён апынуўся ў 11-ай бальніцы, адкуль быў выпісаны раніцай 25 траўня. Паводле папярэдняй высновы лекара, у Андрэя выяўленая чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі. З бальніцы актывіста накіравалі на лячэнне ў паліклініцы. У эпікрызе, які выдалі пры выпісцы, з пэўнасцю пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Факт пералому сківіцы, а таксама іншыя траўмы ў эпікрызе стаяць пад пытаннем.

Палітычна матываванае абмежаванне свабоды перамяшчэння

4 траўня намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы, у якой ён выказаў свае падазрэнні наконт наўмысных злачынных дзеянняў, скіраваных на незаконнае абмежаванне яго канстытуцыйных правоў, не выключаючы службовага падлогу, які выражаецца ў незаконным унясенні яго звестак у банк дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежавана права выезду. Валянцін Стэфановіч паведаміў Следчаму камітэту пра безвыніковасць сваіх зваротаў у розныя дзяржаўныя органы, дзе ён шукаў адказу на пытанне, паводле чыйго рашэння яму абмяжоўваецца выезд за межы Беларусі. У якасці дзяржаўнага органа, які вынес такое рашэнне, у даведцы [даведка выдадзена аддзелам па грамадзянстве і міграцыі Партызанскага РУУС г. Мінска] пазначанае Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, а ў якасці падставаў для такога абмежавання - ухіленне ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу, службу ў рэзерве. Паводле супрацоўнікаў Партызанскага РУУС, яго пашпартныя дадзеныя былі ўнесеныя ў банк дадзеных нейкім Чарэднікам А.В. Пасля атрымання даведкі праваабаронца звярнуўся па тлумачэнні ў ваенкамат Партызанскага раёна г. Мінска. Ваенком і ягон намеснікі адказалі, што ніякіх звестак адносна В.Стэфановіча яны нікуды не адсылалі. Не аказалася ніякіх звестак пра праваабаронцу і ў базе Мінскага гарадскога ваенкамата. Пры гэтым Стэфановіч адзначыў, што падставы для часовага абмежавання яго права на выезд з Беларусі, пазначаныя ў даведцы, з’яўляюцца абсурднымі і відавочна незаконнымі. Па-першае, ён на 12 гадоў старэйшы за максімальны прызыўны ўзрост, устаноўлены дзеючым заканадаўствам, і, па-другое, ён ужо праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 1990-92 гг. Улічваючы таксама, што па падобных прычынах абмежаваны выезд шэрагу прадстаўнікоў незалежных СМІ, сябраў грамадскіх аб’яднанняў і апазіцыйных палітычных партый, праваабаронца выказаў меркаванне, што гэтыя абмежаванні не з’яўляюцца выпадковасцю ці нейкай тэхнічнай памылкай, а сведчаць пра спланаваную незаконную палітычна матываваную акцыю беларускіх спецслужбаў.

На працягу ўсяго траўня так і не была прызначаная дата разгляду скаргі праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на рашэнне аб часовым абмежаванні выезду за межы Беларусі. У канцылярыі суду Цэнтральнага раёна Мінска паведамлялі, што дата суду яшчэ не прызначана і калі будзе прызначана – невядома.  Пры гэтым яшчэ 26 красавіка скончыўся тэрмін, прадугледжаны заканадаўствам для разгляду скаргі ў судовым  паседжанні.

Гэтым жа судом пратэрмінаваныя і аналагічныя скаргі некаторых іншых асоб, якія трапілі ў спісы невыязных: старшыні БХК Алега Гулака, старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Усе гэтыя справы павінна была разглядаць суддзя Алена Сямак.

Адміністратыўны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

1 траўня трое актывістаў з Брэста - Уладзімір Катрыч, Стас Фядзько і Ілля Лабушняк, якія накіроўваліся на сход па змене выбарчага заканадаўства, ініцыяваны Дзмітрыем Усам, былі затрыманы на шашы пад Кобрынам супрацоўнікамі Кобрынскага ДАІ. Прычнай затрымання сталі нібыта праблемы з дакументамі на машыну. Разбор цягнуўся 3 гадзіны, і ў выніку актывісты не паспелі патрапіць на запланаванае мерапрыемства.

1 траўня супрацоўнікі Баранавіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце затрымалі на Цэнтральным вакзале групу грамадскіх актывістаў, якія збіраліся ў Мінск на пасяджэнне ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Уса. У ліку затрыманых Вячаслаў Болбат, Рыгор Грык, Арцём Бабей і Аляксандр Давыдаў. Іх затрымлівалі восем міліцыянтаў і восем чалавек у цывільным, якія паведамілі, што ў затрыманых, па іх звестках, ёсць выбуховыя і падазроныя рэчы. Таму ўсіх затрыманых накіравалі ў лінейны аддзел станцыі Баранавічы-Цэнтральныя, дзе абшукалі і склалі пратаколы дагляду і вобшуку. Не знайшоўшы нічога падазронага, усіх затрыманых адпусцілі праз 2,5 гадзіны.

6 траўня 13 удзельнікаў нефармальнага пікніка затрымаў нарад міліцыі каля пасёлка Ждановічы Мінскага раёну. Сярод затрыманых – барды Зміцер Бартосік і Ігар Сімбіроў, які ў гэты дзень выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністратыўнага арышту (26 красавіка ён прыехаў з Асіповічаў у сталіцу на "Чарнобыльскі шлях", але быў затрыманы і асуджаны за "дробнае хуліганства").
Усіх затрыманых даставілі ў міліцэйскі пастарунак у Ждановічах, дзе прымусова правялі дактыласкапію і відэаздымку затрыманых. Большасць затрыманых былі вызваленыя прыкладна ў 21 гадзіну, на Ігара Сімбірова склалі адміністратыўны пратакол за нібыта непадпарадкаванне міліцыі і па абвінавачанні ў лаянцы. Ноч ён правёў у РУУСе Мінскага раёна. 7 траўня суд Мінскага раёна і г. Заслаўя пачаў разгляд справы, але перанёс паседжанне на 18 траўня.

8 траўня невядомымі  ў цывільным у 13 гадзін каля парку Чэлюскінцаў у Мінску зноў былі затрыманыя Ігар Сімбіроў і Зміцер Бартосік.  Іх гвалтам зацягнулі ў аўтамабіль "Мерсэдэс" чорнага колеру. Суд Мінскага раёна і г. Заслаўя (суддзя Аляксей Мініч) прыняў рашэнне працягнуць разгляд адміністратыўнай справы, у выніку Ігара Сімбірова пакаралі арыштам у 15 сутак.

7 траўня суддзя Смалявіцкага раёну Алена Міснік прыняла рашэнне арыштаваць на 10 сутак лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева і Міхаіла Пашкевіча. Яны прызнаныя вінаватымі ў парушэнні артыкулу 23.34 Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). У віну сябрам кампаніі “Гавары праўду” ставяць правядзенне нібыта несанкцыянаванага сходу ўладальнікаў лецішчаў у адным з дачных кааператываў, які апынуўся ў зоне пабудовы індустрыяльнага парка. Пратэстны сход дачнікаў прайшоў яшчэ у сакавіку бягучага году, аднак, пасля шырокай агалоскі мерапрыемства, яго арганізатарамі зацікавілася міліцыя.

Толькі 10 траўня стала вядома, што Ігар Шалай 24 красавіка быў затрыманы каля будынку міністэрства ўнутраных спраў у Мінску за тое, што ляпіў налепкі “Не – смяротнаму пакаранню”. Два супрацоўнікі міліцыі адвезлі яго ў Савецкі РАУС Мінска. На актывіста склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП РБ (“дробнае хуліганства”). Ноч да суду ён правёў у аддзяленні міліцыі Савецкага раёну Мінска. 25 красавіка адміністратыўную справу разглядаў суд Савецкага раёну, які асудзіў яго да 10 сутак арышту.

14 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачаўся суд над актывістам «Маладога фронту» Міхаілам Мускім, якога павінны былі вызваліць 11 траўня пасля 15 сутак арышту (за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”), але яго пакінулі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Актывіста абвінавацілі ў дробным хуліганстве, і суддзя Віктар Казак пакараў яго 5 суткамі арышту. 16 траўня яго з ЦІП вывезлі ў вайсковую частку ў вёску Межыца (Віцебская вобласць). З дарогі хлопец здолеў патэлефанаваць сваім паплечнікам.

14 траўня ў кватэру, якую здымаюць актывісты “Маладога фронту”, уварваліся супрацоўнікі міліцыі. Міколу Дземідзенку, Змітра Крэмянецкага і Рамана Васільева забралі і адвезлі ў невядомым напрамку, міліцыянты забралі ключы ад кватэры. Пры ўварванні міліцыянты ўжывалі сілу. Усіх прысутных паклалі тварам у падлогу, Уладзіміра Яроменку  спачатку паставілі на расцяжку да сцяны, а пасля адзін з міліцыянтаў збіў яго з ног.

15 траўня маладафронтаўцы знайшліся ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. На працэс нікога не пусцілі, нават адвакатаў. Міколу Дземідзенку пакаралі 10 суткамі арышту (суддзя – Вайцэховіч), Рамана Васільева – 12 суткамі арышту (суддзя Алена Ткачова), Змітра Крэмянецкага асудзілі на 10 сутак арышту.

16 траўня ў судзе Ленінскага раёну Мінска была разгледжана адміністратыўная справа Івана Амельчанкі, аўтара плакату “Мусарок”, затрыманага напярэдадні ў Ленінскім РАУС, куды ён прыйшоў самастойна, паколькі цягам апошніх тыдняў яго пастаянна спрабавалі выклікаць праз бацькоў для дачы тлумачэнняў па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. На І.Амельчанку склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП (“Дробнае хуліганства”) - у пратаколе сцвярджаецца, што абвінавачаны насміхаўся з міліцыянта. Справу разгледзеў суддзя Міхаіл Хома, які вынес рашэнне - 15 сутак арышту.

17 траўня ў судзе Фрунзенскага раёну Мінску былі разгледжаны адміністратыўныя справы затрыманых напярэдадні ва ўласнай кватэры актывістаў “Маладога фронту” Уладзіміра Яроменкі і Паўла Сяргея. Суддзя Людміла Лапо асудзіла У.Яроменку на 7 сутак арышту, П. Сяргею суддзя Наталля Каробіна прысудзіла 5 сутак арышту.

18 траўня перад пачаткам разгляду касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі Віцебскім абласным судом каля будынка суду былі затрыманыя жонка палітвязня Алена Каваленка, яго стрыечны брат і актывістка "Еўрапейскай Беларусі" Алена Семенчукова. Супрацоўнікі міліцыі вінавацяць іх у тым, што менавіта яны ўтрох зрабілі на асфальце перад судовым будынкам надпіс "Свабоду Сяргею Каваленку!". 30 траўня ў Кастрычніцкім судзе Віцебску меўся адбыцца адміністратыўны працэс, але с уд быў адкладзены. Алене Каваленка напярэдадні працэсу паведамілі, што суддзя Іна Грабоўская адправіла справу на дапрацоўку ў райаддзел міліцыі. Паводле звестак з суду, справу перакваліфікуюць на новы артыкул — з дробнага хуліганства на пашкоджанне маёмасці ў нязначным памеры. А. Каваленка спадзяецца, што ў выніку справу ўвогуле закрыюць.

24 траўня актывіста “Маладога фронту” У. Яроменка даставілі ў суд Маскоўскага раёну з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, адкуль яго павінны былі вызваліць напярэдадні ўвечары. Аднак замест вызвалення на актывіста склалі чарговы пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па артыкуле 17.1 КаАП РБ (“дробнае хуліганства”). Суддзя Таццяна Мотыль вынесла рашэнне аб арышце У. Яроменкі на 10 сутак.

25  траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністратыўнай справы Зміцера Крэмянецкага, якога абвінавацілі ў брыдкаслоўі (арт. 17.1 КаАП РБ). Суддзя Таццяна Мотыль прысудзіла актывісту "Маладога фронту" 10 сутак арышту. З. Крэмянецкі толькі 24 траўня выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён адбываў 10 сутак арышту.   

27 траўня каля стадыёна «Трактар» у Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі групу моладзі, якая сустракалася з доктарам тэхнічных навук, спецыялістам па праблемах атамнай энергетыкі Георгіем Лепіным. 21 чалавек патрапіў ў Маскоўскі РУУС. Да некаторых ужывалі фізічны гвалт, пагражалі скласці пратаколы і пасадзіць “на суткі”. Пасля працэдуры дактыласкапіі ўсіх адпусцілі.

26 траўня сябра “Маладога фронту” Раман Васільеў павінен быў выйсці на волю пасля адбыцця 12-суткавага арышту за вывешванне нацыянальнага сцяга ў гадавіну рэферэндуму аб змене сімволікі. Аднак супраць Р. Васільева склалі новы адміністратыўны пратакол па артыкуле 17.1 КаАП РБ ("Дробнае хуліганства") і пакінулі пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 28 траўня суддзя суда Маскоўскага раёну Таццяна Мотыль вынесла рашэнне аб арышце актывіста на 12 сутак.

30 траўня ў Мінску актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі быў затрыманы падчас расклейкі плакатаў, адрасаваных прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, які ў гэты дзень прыехаў з візітам у беларускую сталіцу. М. Вінярскага даставілі ў суд Маскоўскага раёну, дзе ён быў асуджаны на 5 сутак арышту і дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

У гэты ж дзень 5-суткавымі арыштамі пакараныя актывісты арганізацыі нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш і Зміцер Сіняк, адносна Зміцера Паліенкі прынята рашэнне аб арышце на 10 сутак.

30 траўня на Івана Амельчанку, які павінен быў вызваліцца пасля адбыцця 15-суткавага арышту,  складзены новы адміністратыўны пратакол за нецэнзурную лаянку (арт. 17.1 КаАП РБ). Суд Маскоўскага раёна Мінска адбываўся ў закрытым рэжыме. Cуддзя Таццяна Мотыль пакарала І. Амельчанку адміністратыўным арыштам на 10 сутак.

31 траўня ўвечары міліцыя Светлагорска затрымала актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», журналістаў і мясцовых жыхароў, якія пратэставалі супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы каля вёскі Якімава Слабада. Усе затрыманыя былі адпушчаныя, акрамя Міхася Пашкевіча, якога пакінулі ў Светлагорскім РАУСе. На яго складзены адміністратыўны пратакол па арт. 23.4 КаАП РБ («умяшальніцтва ў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі»). 1 чэрвеня суддзя суда Светлагорскага раёну Ірына Алісейка прысудзіла М. Пашкевічу 7 сутак арышту.

31 траўня прыкладна а 18-й гадзіне дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (Вільня), прафесар Еўрапейскага ўніверсітэту ў Санкт-Пецярбургу Аляксей Пікулік перастаў адказваць на тэлефанаваньні. Праз некалькі гадзін высветлілася, што ён знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС Мінска, затым дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. А. Пікулік авінавачаны ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ). 1 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну сталіцы (суддзя – Якунчыхін) асудзіў яго на 5 сутак адміністратыўнага арышту.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі

2 траўня, прыкладна ў 20:30, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі на мінскі офіс «Радыё Рацыя». Яны абыходзілі кватэры, што знаходзяцца побач з плошчай Перамогі, дзе павінна адбывацца рэпетыцыя парада да 9 мая. Журналіст Генадзь Барбарыч, які ў гэты час дзяжурыў у рэдакцыі, адчыніў дзверы. Пасля таго, як міліцыянты пабачылі лагатыпы «Рацыі», яны выклікалі падмогу з Цэнтральнага РУУС. Міліцыянты склалі "пратакол агляду", у якім указалі, што забіраюць тэхніку на праверку.

29 мая пракуратура Гомельскай вобласці вынесла афіцыйнае папярэджанне незалежнай журналістцы Ларысе Шчыраковай за супрацоўніцтва са спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат». Дзяўчыну позвай выклікалі ў пракуратуру да супрацоўніка нагляднага ведамства Алесі Рабцавай. Журналістцы прад'явілі дзве заявы ад жыхароў вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна. «Абураныя» вяскоўцы патрабавалі ад пракуратуры правесці праверку і прыцягнуць да адказнасці Л. Шчыракову. У заяве было напісана, што журналістка нібыта падманула ўдзельнікаў сходу, таму што пры здымках прадстаўлялася супрацоўнікам дзяржаўнага СМІ, а па выніках выйшла, што матэрыял быў размешчаны на «апазіцыйным» СМІ - тэлеканале «Белсат». Л. Шчыракова гэта абвяргае і збіраецца абскардзіць дадзенае папярэджанне у вышэйстаячых інстанцыях.

31 траўня разам з актывістамі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» міліцыяй Светлагорска былі затрыманы журналісты і мясцовыя жыхары, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. Сярод затрыманых – журналісты Аліна Радачынская, Аляксандр Баразенка, Сяргей Балай, Іна Студзінская, а таксама актывісты кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Вазняк, Аляксандр Уліцёнак і Міхаіл Пашкевіч, Ганна Курловіч. Пасля дачы тлумачэнняў журналісты былі адпушчаны.


Абмежаванне свабоды сходаў

4 траўня старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў звярнуўся са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Палітык лічыць, што беларускія ўлады, якія пакаралі яго арыштам на 5 сутак за арганізацыю Народнага сходу, парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта - права на свабоду распаўсюду інфармацыі і мірных сходаў. Напярэдадні правядзення Народнага сходу, 9 кастрычніка 2011 года, суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў адміністратыўным арыштам. В.Палякоў не пагадзіўся з пастановай раённага суда і абскардзіў яе ў вышэйстаячых інстанцыях – абласным і Вярхоўным судзе. Але скаргі не былі задаволены.

11 траўня стала вядома, што Рагаоўскі райвыканкам адмовіў у правядзенні пікетаў і сходу ў Раённым палацы культуры ў межах кампаніі «Вернем Дажынкі ў Рагачоў!». Прычына адмовы – неадпаведнае месца, палац культуры, дзе, са словаў чыноўнікаў нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы. Таксама ўлады традыцыйна спасылаюцца, што не заключаны дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і хуткай дапамогай.

У траўні па ўсёй краіне былі забаронены пікеты з агульнай тэматыкай «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». 24 актывісты з Гомеля і яшчэ 7 – з раённых цэнтраў накіроўвалі заяўкі аб правядзенні пікетаў у сваіх мясцовасцях. Мэтай масавага мерапрыемства заяўнікі называлі актуалізацыю праблемаў адсутнасці ў Беларусі свабодных і сумленных выбараў. Пікеты планавалі правесці 15 траўня. Заяўнікі з Бабруйску і Магілёву таксама не атрымалі дазволу з мясцовых выканкамаў на правядзенне пікетаў. У Барысаве былі забаронены 4 пікеты. У Брэсце на 15 траўня  мясцовымі актывістамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі былі заяўлены 5 акцый, але ўсе яны былі забаронены нават у тых месцах, якія гарвыканкам вызначыў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Аршанскі гарвыканкам адмовіў актывістам АГП у дазволе на правядзенне пікетаў 31 траўня па ўсіх 14-і заяўках. Прычыны для адмоваў традыцыйныя - адсутнасць дамоваў з міліцыяй на ахову, з хуткай дапамогай на медыцынскае абслугоўванне і з камунальнымі службамі на прыборку смецця.

Салігорскія ўлады забаранілі правядзенне велапрабегу, прымеркаванага да гадавіны рэферэндума 14 траўня 1995 году, па выніках якога бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” страцілі статус дзяржаўных сімвалаў. Заяўніком мерапрыемства выступаў мясцовы маладафронтавец Аднрэй Тычына. Мерапрыемства планавалася правесці 26 траўня.

22 траўня ў Гародні былі забаронены пікеты ў падтрымку “польскай” школы. Заяўкі на чатыры пікеты падавалі жыхары Гародні, якія дамагаліся захавання моўнага рэжыму ў школе № 36. Чыноўнікі патлумачылі адмову тым, што заяўнікі не ўзгаднілі правядзенне пікетаў з міліцыяй і іншымі службамі.

29 траўня ў Мінску быў забаронены пікет, які малады аспірант Аляксей Паўлоўскі збіраўся зладзіць каля Інстытута фізіалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь 30 траўня. З дапамогай пікета ён хацеў прыцягнуць увагу да праблемы з непрадастаўленнем адміністрацыяй інстытута месца ў інтэрнаце. Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмову ў правядзенні пікета аргументаваў тым, што ў гэты час на вуліцы Акадэмічнай будуць весціся рамонтныя працы.


Свабода асацыяцый

23 траўня ў рэдакцыю газеты “Брестский курьер” звярнуўся адзін з працоўных ЖЭС-12 г.Брэста і паведаміў пра тое, што кіраўніцтва жыллёва-эксплуатацыйнай службы распаўсюдзіла сярод калектыву заявы на ўступленне ў грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Кожны працоўны ЖЭСа атрымаў па дзве гатовыя заявы, у якіх засталося толькі ўласнаручна ўпісаць свае асабістыя звесткі - прозвішча, імя, імя па бацьку, хатні адрас, дату і подпіс. Адна заява - на імя старшыні Маскоўскай раённай г.Брэста арганізацыі РГА "Белая Русь” Марыі Гладун: “Прашу прыняць мяне ў шэрагі рэспубліканскага грамадскага Аб'яднання “Белая Русь”. Са Статутам азнаёмленая, згодная”. З арыгінала вынікае, што гэтая заява падрыхтавана адмыслова для жанчынаў. Другая заява адрасаваная начальніку КУП “ЖРЭУ г. Брэста” Паўлу Заграю: “Прашу ўтрымліваць членскія ўнёскі ў памеры 0,3% ад заработнай платы штомесяц для далейшага пералiчэння ў РГА “Белая Русь”.

24 траўня стала вядома, што скарга занавальнікаў грамадскага аб’яднання “За справядлівыя выбары” зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН. У сярэдзіне мінулага года Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі заснавальнікам Сяргею Калякіну, Валерыю Ухналёву і Віктару Карняенку, а таксама 91 сябру створанага грамадскага аб'яднання. Вярхоўны суд пацвердзіў высновы рэгіструючага органа, тым самым паставіўшы сябраў аб'яднання ў нелегальнае становішча. У пададзенай у Камітэт па правах чалавека ААН скарзе С.Калякін сумесна з іншымі заяўляюць пра парушэнне з боку Беларусі іх права на свабоду асацыяцыі і звяртаюць увагу, што Беларусь не выконвае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў гэтай частцы. У скарзе таксама адзначаецца, што дзейнасць ад імя незарэгістраваных аб'яднанняў у Беларусі з'яўляецца злачынствам і караецца ў крымінальным парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства