Алег Дашкевіч: “Самы першы канфлікт у нашай краіне – уладаў і правоў чалавека”

2012 2012-06-12T16:02:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dashkevich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Дашкевіч. Фота Радыё "Свабода"

Алесь Дашкевіч. Фота Радыё "Свабода"

Асацыяцыя BelFilm абрала тры найлепшыя дакументальныя фільмы. Сярод іх – стужка берасьцейскага праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна “Пальчыкі або ўрок гісторыі. Берасьце ўчора і сёньня”. Старшыня  BelFilm Алег Дашкевіч распавядае, як разьвіваецца сучасная беларуская кінадакументалістыка, якое месца ў ёй займае праваабарончая тэматыка і якой у фільмах паўстае Беларусь.

Сёлета на конкурс дакументальнага кіно, які зацверджвала асацыяцыя BelFilm, паступіла 124 працы. Большасьць зь іх даслалі рэгіянальныя аўтары. Арганізатары адмыслова рабілі акцэнт на невялікія гарады, каб “абудзіць беларускую правінцыю, натхніць новых аўтараў”. Па словах старшыні асацыяцыі Алега Дашкевіча, шмат працаў былі прысвечаныя праваабарончай тэматыцы. І невыпадкова.

– Дакументалістыка факусуецца на канфлікце, а ў нашай краіне самы першы канфлікт – гэта ўлада і правы, – кажа спадар Дашкевіч. – Напрыклад, масавыя акцыі нас меньш цікавяць, таму што за масай не відаць чалавека. А дакументалістыка – гэта заўсёды чалавек, прыватная гісторыя. І ў гэтым сэнсе нас парадавала тое, што людзі зьвяртаюцца да тэмаў, для Беларусі фактычна нераскрытых – сталінскія рэпрэсіі, напрыклад. Вось нібыта нешта робіцца на гэту тэму, але настолькі мала, што незаўважна для гледача. У выніку гэтая тэма абсалютна не асэнсаваная ў грамадстве. Дзяржаве гэта нецікава, маладыя ўжо праехалі гэту тэму, не асэнсаваўшы яе. Таму нас усьцешыла, што аўтараў такія тэмы цікавяць. Бо яшчэ адна праблема – людзі, якія гэта перажылі, сыходзяць. Зараз вёска ня тая. Збудавалі аграгарадкі, якія забіваюць архаіку, унікальнасьць.

– Як вы ацэньваеце ўзровень сучаснай беларускай дакументалістыкі?

– Дакументалістыка наогул зараз вельмі папулярная ў сьвеце. Моладзь мусіць гэта адсочваць, цікавіцца гэтым. Да таго ж, сёньня магчымасьці значна большыя, чым 20 год таму. Зараз кожны сам сабе рэжысэр, маючы інтэрнэт і хоць бы мабільны тэлефон. Іншая рэч, што інтэрнэт, як варонка, куды сківаецца ўсё. Вельмі шмат смецьця. Але калі аўтар сапраўды мае ідэю, нешта цікавае ўяўляе зь сябе, то ён адразу мае шмат прыхільнікаў. А што тычыцца школы, то беларуская  дакументалістыка заўсёды была на высокім узроўні ў адрозненьні ад гульнявога кіно.

Вы сказалі, што дакументальнае кіно зараз вельмі папулярнае ў сьвеце. А беларускія фільмы могуць быць цікавыя замежнаму гледачу?

– Яны ўжо цікавыя за мяжой. Фільмы Адамовіча, Хашчавацкага, Коласа, Асьлюка ўвесь час перамагаюць на сусьветных фестывалях. Іншая рэч, што для развіцьця трэба сістэма, а мы яе зараз пазбаўленыя. Таму тыя, хто пачаў здымаць нядаўна, ідуць сваім шляхам. Можа, пасьля гэтыя шляхі злучацца ў адзіную дарогу, усе будуць працаваць па нармальных правілах, як паўсюль у сьвеце. Напрыклад, у Польшчы і ў  Расеі значна лепшыя ўмовы. У іх ёьсць разуменьне культуры, кіно. А ў нас пакуль ёсьць разуменне толькі выгоды. І дзяржаўнае тэлебачанне найчасцей выступае як сродак прапаганды. Хоць незалежны “Белсат” таксама робіцца закладнікам і вельмі часта таксама выступае ў якасьці прапагандыста, на жаль. Бо гэта сітуацыя вайны, а не прафесійнага і творчага развіцьця.

- Але ці мае шанц актуальнае беларускае кіно з’явіцца на шырокім экране?

– Знакаміты беларускі рэжысэр-дакументаліст Віктар Асьлюк казаў, што будзе стварацца беларускі дакументальны канал. Дай бог, каб ён з’явіўся, але ў мяне на гэта мала спадзяваньняў. Зараз ужо запусьцілі тэлекал “24 DOC”, хоць там шмат расейскіх фільмаў, якія не маюць дачыненьня да Беларусі. Але нават гэта добра, бо людзі могуць ўбачыць нешта новае. Вяртаючыся да таго, што дакументалістыка – гэта заўсёды канфлікт і асоба, тут ёсьць праблема, што ў нашай дзяржаве, як вядома, канфліктаў няма. Таму асноўны мінус для дакументалістыкі, нават калі гэты канал створыцца і будзе разьвіваца, нашай праблематыкі там будзе мінімум.

– Наколькі сёньня ў дакументалістыцы раскрытыя праваабарончыя рэаліі нашага жыцця? Можа, у вас ёсьць рэкамендацыі да аўтараў, якія працуюць з гэтай тэматыкай?

– На праваабарончую тэматыку сапраўды з’яўляецца вельмі шмат фільмаў, яно і зразумела – сюжэты падказвае само жыцьцё. А рэкамендацыя да аўтараў у мяне адна – зьвяртаць увагу на цікавых людзей і здымаць іх. У адрозненьні ад гульнявога і папулярнага кіно тут усё залежыць ад чалавека, якога ты здымаеш. Калі табе пашанцавала з героем, нават пры тым, што ня надта ўдалы мантаж і здымкі, сюжэт усё адно прыцягвае.

– Летась у Беларусі з’явіліся два гучныя фільмы, якія паказваюць сучасную Беларусь, але зусім з розных бакоў. Гаворка ідзе пра фільм “Плошча. Жалезам па шкле” і  “Беларускую мару”. У інтэрнэце было шмат водгукаў, што сапраўдная Беларусь дзесьці пасярэдзіне. Як вы ацэньваеце гэтыя стужкі? І паказваюць яны сапраўдную Беларусь?

– У выпадку зь фільмам “Жалезам па шкле”  невядомы аўтар. А калі няма аўтара, няма і пра што гаварыць. “Беларуская мара” – фільм, які мае свой погляд, тут ёсьць праблема, канфлікт, аўтар, ёсьць, да каго зьвярнуцца. Калі ўзгадаць тэзіс, што Беларусь дзесьці пасярэдзіне, то трэба прызнаць, што наша краіна зараз знаходзіцца ў стане халоднай вайны. Ідзе акопная перастрэлка. Адныя нападаюць, другія адстрэльваюца. І гэта не ідзе на карысьць ні дакументалістыцы, ні журналістыцы, ні культуры. Адныя абцяжараныя сваёй нейкай уяўнай  ідэалогіяй, іншыя – тым, як выжыць і захаваць свае прафесійныя прынцыпы. Няма развіцьця, кожны выжывае паасобку. А для каго, каб краіна рухалася, мусіць паўстаць культурны кантэкст. Зараз ён разьвіваецца, але спантанна і толькі дзякуючы інтэрнэту. Што з гэтага будзе, цяжка сказаць. Але вось гэты планктон робіцца ўсё большым. Я думаю, што прыйдзе больш-меньш нармальны час, з гэтага павырастае шмат чаго цікавага.

– Ці плануеце вы паказ фільмаў-пераможцаў?

– Апошні год мы езьдзілі па краіне і паказвалі якаснае дакументальнае кіно. Гэта прагляды для тых, хто не шукае простых адказаў на жыцьцёвыя пытаньні, – для прасунутай моладзі, інтэлектуалаў, інтэлегенцыі. Для нас самае важнае – не паказ, а дыскусія і аналіз фільма пасьля прагляду. Мы прапануем ня толькі беларускае кіно, але і фільмы славутых майстроў сусьветнага маштабу. Дзе яны могуць убачыць намінанта на Оскара дакументальнага кіно? Нідзе. Хоць часам бываюць і казусы. Мы прывозім стужкі сусьветнага ўзроўню, а нам кажуць – што вы прывезьлі? Нам трэба жорсткае ідэалагічнае кіно, але супраць рэжыму. А якасьць іх не цікавіць. Вось гэта і ёсьць вынікі ідэалагічнай вайны. Існуе сур’ёзная праблема, каб зьмяніць сітуацыю, каб наперадзе стала культура і творчасьць, а не мэтазгоднасць, страшная актуальнасьць. Густы гледачоў трохі зьбіліся. Зараз час, калі раскідваюць камяні. Але трэба разумець, што прыйдзе час, калі гэтыя камяні давядзецца зьбіраць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international