viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: "У Францыі адчуваецца істотны інтарэс да справы Алеся Бяляцкага"

2012 2012-06-12T14:59:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovichv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

На мінулым тыдні намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч наведаў з рабочым візітам Парыж. У гэтым горадзе размешчаны офіс Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой з'яўляецца вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Дзякуючы велізарным намаганням FIDH, палітычныя колы і грамадскасць Францыі ўважліва сочаць за лёсам зняволенага Алеся Бяляцкага. Пра гэта сведчыць і візіт Валянціна Стэфановіча ў французскую сталіцу.

Нягледзячы на ​​тое, што асноўнай мэтай паездкі было абмеркаванне планаў наконт далейшай дзейнасці "Вясны" ў рамках FIDH (у Федэрацыю беларуская арганізацыя ўваходзіць з 2004-га года, і Алесь Бяляцкі за гэты час двойчы абіраўся яе віцэ-прэзідэнтам), праваабаронцу давялося належную частку часу адвесці для зносін з прэсай. Валянцін Стэфановіч даў інтэрв'ю дзвюм найбуйнейшым газетам Парыжа - Le Figaro і Le Monde, Міжнароднаму радыё Францыі (RFI), а таксама французскаму часопісу Politique Internationale, які з'яўляецца адным з самых аўтарытэтных еўрапейскіх выданняў, прысвечаных міжнароднай палітыцы і дыпламатычным зносінам.

Мяркуючы па стасунках з прадстаўнікамі СМІ, Валянцін Стэфановіч кажа, што ў Францыі не шмат ведаюць пра беларускую сітуацыю:

“Для знешняй палітыкі Францыі большы прыярытэт маюць іншыя краіны і рэгіёны, як, напрыклад, Афрыка, што звязана з праблемай міграцыі і тым, што гэта былыя французскія калоніі. І пра Беларусь як такую і беларусаў у прынцыпе мала хто ведае (я, канешне, не кажу пра МЗС, які ў сувязі са сваёй дзейнасцю абавязаны мець нейкую пазіцыю па Беларусі). Таму, мяркую, надзвычай важна было такую інфармацыю распаўсюдзіць у Францыі, бо гэта адна з вядучых краінаў Еўразвяза. І для нас вельмі важна, каб інфармацыя пра сітуацыю ў Беларусі была і ў Францыі, паколькі мы прадстаўляем адзін кантынент і краіны не так і далёка знаходзяцца адна ад адной”.

Разам з тым праваабаронца заўважае, што з боку СМІ адчуваецца істотны інтарэс да справы Алеся Бяляцкага:

“Тое, што Алесь з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі і офіс гэтай арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы, выклікае цікавасць сродкаў масавай інфармацыі. Скажу, што ў прынцыпе ў гэтым плане ў Федэрацыі свая гісторыя: адзін з прэзідэнтаў арганізацыі ў 40-ыя гады быў забіты нацыстамі, а зараз віцэ-прэзідэнт сядзіць у турме. І такіх выпадкаў не шмат, каб віцэ-прэзідэнты FIDH траплялі ў зняволенне, хаця, канешне, многія з нашых калегаў па Федэрацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць у значна больш экстрэмальных умовах, чым мы (я маю на ўвазе афрыканскія лігі ці паўднёваамерыканскія). І мы вельмі ўдзячныя нашым калегам з Федэрацыі, якія прыклалі шмат намаганняў для мабілізацыі грамадскай думкі ў Францыі і па ўсім свеце, скіраванай на патрабаванне вызвалення Алеся Бяляцкага”.

Нагадаем, што пасля арышту Алеся Бяляцкага па ініцыятыве Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў распачалася масштабная акцыя салідарнасці, якую падтрымалі 30 сяброўскіх арганізацый FIDH з розных рэгіёнаў свету. А месяц таму адбылася акцыя “Парыж за Алеся Бяляцкага!”, падчас якой вялізны партрэт беларускага праваабаронцы і віцэ-прэзідэнта FIDH быў усталяваны перад мэрыяй 11-ай акругі французскай сталіцы (менавіта ў гэтай акрузе знаходзіцца офіс FIDH). У дадзеным выпадку было зроблена выключэнне: звычайна мэрыя вывешвае партрэты французскіх грамадзянаў, якія апынуліся закладнікамі ў іншых краінах.

Партрэт Алеся Бяляцкага перад мэрыяй 11-ай акругі Парыжа, усталяваны 11 траўня 2012 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства