viasna on patreon

Аўтара відэа пра міліцыянта-безбілетніка наведаў РУУС (відэа)

2012 2012-06-09T15:10:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja2.jpg

Раман Гарадзінскі распавёў, што зрабіў сваё відэа ў аўтобусе № 138 у Менску раніцай 7 чэрвеня.

Раман падзяліўся ўражаньнямі ад інцыдэнту паміж кантралёрам і міліцыянтам:

«Спачатку ўсё было нармальна. Потым, калі пайшла грубасьць, я ўжо проста дзеля спартовага інтарэсу ўключыў камэру на тэлефоне і пачаў здымаць для сябе. Потым мой сябар кажа: давай выкладзем у інтэрнэт. І ўвесь аўтобус крычаў: „Выкладзіце гэта ў інтэрнэт, няхай паглядзяць“. Дый сам кантралёр папрасіў выкласьці ў інтэрнэт. Я выйшаў на прыпынку ля станцыі мэтро „Каменная горка“, і гэты старшына таксама выйшаў. Ён да мяне пачаў падыходзіць, а я кажу: „Старшына, вось ты ганьбіш форму. 98 тысяч каштуе праязны на тры віды транспарту. Гонар мундзіра каштуе значна даражэй“. Я яго абсек на паўслове і пайшоў далей у мэтро».

Аўтар відэа Раман Гарадзінскі лічыць, што старшына мог пазьбегнуць непрыемнага фіналу:

«Тут, разумееце, сутыкнуліся лбамі дзьве структуры, як гэта звычайна ў нас адбываецца. І ў таго ўлада, і ў таго ўлада. І ніхто нічога зрабіць ня можа. Калі б гэты старшына не пачаў бычыцца, а проста на вушка сказаў бы гэтаму кантралёру: „Прабач, брат, ля-ля тапаля“, усё прайшло б гладка. А ён проста пачаў грубіць кантралёру. І ўсе пасажыры азірнуліся. Я тады дастаў мабільнік і пачаў здымаць. Публіка рэагавала „за“ кантралёра і супраць міліцыянта, бо ён грубіў. Абураліся пасажыры, што міліцыя сама вось езьдзіць зайцам, і кантралёр казаў: „Вось як мне быць, на вас міліцыю выклікаць? Бо мы выклікаем міліцыю ў такіх выпадках. Давайце ваш дакумэнт альбо плаціце штраф“. Міліцыянт пачаў выбягаць з аўтобуса. А кантралёр паспрабаваў яго затрымаць і схапіў за шапку, а міліцыянт пачаў вырываць шапку з рук кантралёра. І тут ужо пайшла счэпка ў іх».

Раман Гарадзінскі не чакаў, што ад ягонага відэа будзе такі рэзананс на ўсю краіну.

Аўтара відэа пра міліцыянта-безбілетніка наведаў РУУС (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства