Беларускія ўлады распачалі новую крымінальную справу - супраць кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане Аляксандра Камароўскага

2006 2006-10-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 кастрычніка прадстаўнікі сілавых структураў апячаталі жодзінскі офіс грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, а 23 кастрычніка правялі ў ім вобыск. Былі сканфіскаваныя каля трохсот асобнікаў газэты “Народная воля”, кампутары і 300 фальшывых даляраў. Вобыск адбываўся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на Аляксандра Камароўскага, старшыні грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, пасьля таго, як уноч з 21 на 22 кастрычніка на беларуска-польскай мяжы ў яго былі знойдзеныя 500 фальшывых даляраў. Тады лідэр інвалідаў-аўганцаў накіроўваўся ў Варшаву на сустрэчу з прадстаўнікамі партнёрскіх арганізацыяў. На брэсцкай мытні ў шапцы сп. Камароўскага нечакана аказаліся фальшывыя 500 даляраў. Берасьцейскія мытнікі і міліцыянты зьнялі яго з цягніка і ўчынілі шматгадзінны допыт.

Аляксандар Камароўскі — падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік вайны ў Аўганістане. Дваццаць гадоў таму заснаваў грамадзкае аб’яднаньне інвалідаў-аўганцаў. Дадзены інцыдэнт сп Камароўскі называе правакацыяй, Радыё Свабодзе ён патлумачыў: “Вось два артыкулы выйшлі ў мяне ў “Народнай Волі”. Вось з гэтым я і зьвязваю. І плюс у аўганскім руху я прынцыповы незалежны камандзір”.

У артыкулах спадара Камароўскага, што надрукавала газэта “Народная Воля” і некаторыя інтэрнэт-выданьні, выказваецца публічная крытыка на адрас уладаў, крытыкуецца і Аляксандар Лукашэнка. У прыватнасьці, аўтар паведаміў, што зьбіраецца на базе аўганскага руху ствараць апазыцыйную палітычную партыю.

У Жодзіне Аляксандар Камароўскі пачаў адкрыта супрацоўнічаць з мясцовымі апазыцыянэрамі. Напрыклад, у жніўні з удзелам “аўганцаў” праходзіў летнік для дэмакратычнай моладзі, які разагналі міліцыянты. Сярод паплечнікаў спадара Камароўскага моладзевы актывіст Павал Красоўскі, які пракамэнтаваў сітуацыю наступным чынам: “Я таксама лічу, што гэта правакацыя з боку спэцслужбаў. Зразумела, што ня мог такі паважаны чалавек везьці фальшывыя даляры. Заўсёды дапамагае моладзі гораду, старым, дапамагае тым, хто шукае працу і ня можа ўладкавацца”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: "Факт узбуджэньня крымінальнай справы супраць кіраўніка жодзінскага грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, сябрам якой таксама з'яўляецца Павел Красоўскі, насьцярожвае досыць дзіўнай заканамернасьцю: як толькі сп. Камароўскі публічна выступіў у абарону Паўла, якога затрымалі і падазравалі ў далучанасьці да віцебскіх выбухаў і нават забойствах, праз нейкі час у яго знаходзяць фальшывыя грошы. Падобная акалічнасьць мне здаецца вельмі невыпадковай, бо фальшывыя долары ўжо не адзін раз фігуравалі ў палітычна матываваных крымінальных справах, варта узгадаць справу Міхаіла Марыніча, калі былога дапламата падазравалі ў захоўваньні нібыта вялікай колькасьці фальшывых долараў, што, аднак, не падцьвердзіла экспертыза. Такі метад, калі падкідваюць наркотыкі ці фальшывыя грошы, даволі часта выкарыстоўваецца ў некаторых краінах постсавецкай прасторы, таму крымінальная справа супраць Аляксандра Камароўскага, відавочна, не выпадковая".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international