Суд Ленінскага раёну Менску прызнаў Кацярыну Садоўскую вінаватай абразе гонару і годнасьці Аляксандара Лукашэнкі і асудзіў на 2 гады пазбаўленьня волі

2006 2006-10-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якім у свой час дапамагала Кацярына Садоўская, паведаміла Радыё Свабода. Прыйшлі і прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, грамадзкасьць, што, тым ня менш, мала паўплывала на аб'ектыўнасьць вынесенага судовага рашэньня.

Падставай для крымінальнай справы стаў неадпраўлены ліст, знойдзены падчас ператрусу ў кватэры Садоўскай, у якім праваабаронца абвінаваціла кіраўніка дзяржавы ў крымінальных злачынствах і назвала яго “монстрам”. Лінгвістычная экспэртыза пастанавіла, што ўжытае слова ёсьць параўнаньнем з жывёлай — і абражае асобу.

Абвінаваўца Натальля Талаш прасіла пакараць 60-гадовую жанчыну пазбаўленьнем волі на тры гады за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Таксама Натальля Талаш абвінаваціла пэнсіянэрку ў тым, што тая пагражала судзьдзі Кіраўскага суду Надзеі Чмары.

Судзьдзя Ленінскага райсуду Менску Тацяна Жулкоўская пакарала Кацярыну Садоўскую пазбаўленьнем волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Паводле прысуду, яна мусіць таксама заплаціць 4 мільёны рублёў маральнай кампэнсацыі судзьдзям Кіраўскага суду Чмары і Ўліцінай і ўсе судовыя выдаткі.

Сваякі Кацярыны Садоўскай, муж-інвалід і дзеці, не чакалі такога жорсткага прысуду. Праваабаронца ў красавіку перанесла анкалагічную аперацыю. У яе дома хворая 84-гадовая маці.

На судзе прысутнічаў Вячаслаў Сіўчык. Ён назваў суд над Кацярынай Садоўскай расправай: “На вялікі жаль, справу Садоўскай беларускае грамадзтва крыху праспала. Я сам пра гэта даведаўся досыць нядаўна. Для мяне вельмі важна, што гэтая жанчына спрабавала да канца адстойваць свае правы, правы тых людзей, якія да яе зьвярталіся па дапамогу. Прынятае рашэньне, але ж я ня думаў, што яно будзе такое цынічнае і нахабнае. Канечне, гэта расправа. Апошняй кропляй стала тое, што гэты суд — і той мусіць праплаціць гэтая бедная жанчына. Гэта сапраўды зьдзек. Зьдзек з Садоўскай, зьдзек зь беларускага народу”.

Кацярыну Садоўскую затрымалі 25 ліпеня. Спачатку яе трымалі ў псыхіятрычным шпіталі, а потым перавялі ў сьледчы ізалятар. Суд не ўлічыў часу, калі праваабаронца была пад вартай у шпіталі — і адлік тэрміну адбыцьця пакараньня пайшоў ад моманту пераводу яе ў СІЗА.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international