ЛТП: прымусовая праца ў жахлівых умовах

2012 2012-05-24T14:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ltp-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прымусовае накіраваньне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛТП) нярэдка адбываецца з парушэньнямі правоў чалавека, абмежаваньнямі права на свабоду, выкарыстаньнем прымусовай працы. Таму праваабаронцы надаюць вялікую ўвагу збору інфармацыі пра катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне, умовы ўтрыманьня хворых на алкагалізм у гэтых установах. Сведчаньні грамадзян, якія праходзілі “лячэньне” ў ЛТП – адна з важных крыніц такой інфармацыі.

Мінчука Сяргея Макойця, які быў змешчаны па рашэньні суду Фрунзенскага раёна Менска ў ЛТП тэрмінам на 1 год, яшчэ ў сакавіку мінулага года проста з месца працы забралі супрацоўнікі міліцыі, паведаміўшы, што нібыта ён рэгулярна спажывае алкагольныя напоі. У прымусовым парадку яго адвезлі ў наркалагічны дыспансер, дзе была выдадзеная даведка аб тым, што на ўліку Макойць тут не стаіць. Затым была медычная камісія, якая выдала наступнае заключэньне: “Дадзеная асоба не з’яўляецца алказалежнай. Праблем з ужываньнем алкаголю не выяўлена. Па стане здароўя можа ўтрымлівацца ў ЛТП”.

У той жа дзень адбыўся суд, які доўжыўся 5 хвілін. Суддзя ўдакладніла прозвішча, дату нараджэньня і абвесціла сваё рашэньне: накіраваць у ЛТП тэрмінам на 12 месяцаў.

На гэтым пакуль усё і скончылася. Макойця адпусцілі дадому. Ён, па-ранейшаму працаваў, даглядаў хворага бацьку. Нечакана, праз адзінаццаць месяцаў, а дакладней 27 лютага, да яго завітаў участковы і запрасіў на кароткую размову. Па словах Сяргея Макойця, яго адвезлі ў ГОМ Маскоўскага раёна Менска, дзе трымалі ў камеры амаль суткі, адмаўляючыся тлумачыць прычыну затрыманьня. Затым адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, а адтуль пад канвоем адправілі ў дыспансер і на новую медычную камісію, якая вынесла аналагічнае ранейшаму рашэньне. У той жа дзень, на гэты раз нават без ўдзелу Сяргея, адбыўся новы суд і яго накіравалі ў ЦІП на Акрэсціна. На другі дзень ён быў этапаваны ў Наваградак у ЛТП.

На ўсе просьбы прадаставіць копіі судовага рашэньня, каб абскардзіць яго ў устаноўлены тэрмін, атрымаў адмовы.

Патрэбна дадаць, што змяшчэньне ў ЛТП адбываецца пасля заканчэньня тэрміну абскарджаньня пастановы суда. Аднак, нярэдка, рашэньне суда знарок дасылаецца пазьней вызначанага дзесяцідзённага тэрміну яго абскарджаньня (у тых выпадках, калі «асуджаны» неадкладна пасля вынясення рашэньня змяшчаецца ў ЛТП), і чалавек аказваецца не ў стане абскардзіць рашэньне аб змяшчэньні яго ў ЛТП.

Пра ўмовы ўтрыманьня ў лячэбна-працоўным прафілакторыі распавядае Сяргей Макойць: “Пасля двухтыднёвага карантыну я пачаў працаваць, прычым за тэрыторыяй ЛТП. Але літаральна праз некалькі дзён мяне этапавалі на новае месца, у Дзяржынск. Умовы ўтрыманьня тут проста жахлівыя. У перапоўненым памяшканьні казарменнага тыпу знаходзіцца адначасова 320 чалавек, ложкі размешчаны ў 3 ярусы. Мы палічылі, што на аднаго чалавека прыпадае меней за паўметра плошчы. З-за гэтага распаўсюдзіўся педыкулёз. Адзіная рэакцыя медыкаў на гэта – пратраўліваньне памяшканьня хлоркай.

Лазня невялічкая – тры душавыя адсекі і некалькі кранаў. Мыцца можна раз на тыдзень, з 15 да 17 гадзін. Памыць бялізну дазваляецца толькі ў нядзелю. Таму многія не паспяваюць гэтага зрабіць. А калі, напрыклад, чалавек на прамысловай зоне памыў шкарпэткі, то атрымаў за гэта 10 сутак карцару.

Пасьля пад’ёму ў 6 раніцы трэба паспець да першай праверкі наведаць прыбіральню, каля якой выстрайваюцца вялізныя чэргі. Другая праверка пачынаецца ў 8-20, пасля якой вядуць у невялікую сталоўку на сняданак. Харчаваньне тут ажыццяўляецца ў 5 змен. Толькі пасьля гэтага выводзяць у прамысловую зону на працу, якая аплочваецца крайне нізка. На працоўным месцы нас чакаюць яшчэ дзве праверкі, якія зводзяцца да пераклічкі і прад’яўленьні спецыяльнай асабовай карткі.  Спазняцца нельга. Вось нядаўна чалавек пайшоў на працоўным месцы ў прыбіральню і не паспеў патрапіць на праверку. Вынік – 10 сутак карцару. 

Лячэньня ад алкагалізму няма аніякага. У санчасці – анальгін, аспірын, ёд. За час майго знаходжаньня ў ЛТП выявіліся 2 выпадкі адкрытай формы туберкулёзу. Праўда, затым гэтых людзей адпусцілі дадому”.

Нядаўна ў Макойця памёр бацька і яму давялося абвесціць галадоўку, каб яго адпусцілі на некалькі дзён дадому, хаця як і любы іншы пацыент ЛТП, ён мае права на адзін адпачынак працягласцю 10 сутак.  Толькі пасьля прыезду  маці з пасведчаньнем аб сьмерці, начальнік ЛТП “літасьціва” дазволіў яму 2 сутак адпачынку.

Лячэбна-працоўныя прафілакторыі альбо ЛТП з’явіліся  ў былым СССР ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. У гэтую ўстанову па пастанове суда накіроўваліся людзі на прымусовае лекаваньне ад алкагалізму і наркаманіі. ЛТП знаходзіўся тады і працягвае знаходзіцца зараз ў сістэме МУС і мала чым адрозніваецца ад звычайнай зоны. З усіх постсавецкіх краінаў падобныя ўстановы захаваліся толькі ў Беларусі і Туркменіі.

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international