Уладзіміра Яроменка не выпускаюць з Акрэсціна?

2012 2012-05-23T18:05:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/jaromienak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст “Маладога фронта” Уладзімір Яроменак

Актывіст “Маладога фронта” Уладзімір Яроменак

Актывіст “Маладога фронта” Уладзімір Яроменак павінен быў сёння ў 16:10 быць вызвалены з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе адбываў 7-сутачны адміністратыўны арышт. Сябрам і аднадумцам, якія прыйшлі на Акрэсціна сустракаць актывіста, супрацоўнікі ЦІП адказалі, што ў адпаведны час Яроменка адпусцілі.

Праваабаронцы мяркуюць, што маладафронтавец, хутчэй за ўсё, перазатрыманы для чарговага беспадстаўнага арышту. Гэтае меркаванне падмацоўваецца інфармацыяй сайта “Маладога фронта” пра тое, што 22 траўня ў ЦІПе Яроменка наведаў супрацоўнік КДБ, які пагражаў актывісту: «Вы яшчэ доўга не выйдзеце з сутак!»   

У дадзенай сітуацыі праваабаронцы бачаць пагрозу падаўжэння тэрміна прэвентыўнага нагляду, усталяванага за былым палітвязнем.

“Асуджаны за падзеі Плошчы-2010, Яроменак пасля памілавання, як і астатнія палітвязні, быў пастаўлены на прафілактычны ўлік. За ім вялося прафілактычнае назіранне, а пазней быў усталяваны прэвентыўны нагляд, паколькі ажыццяўляў актыўную грамадскую дзейнасць, за што прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, - нагадвае праваабаронца Наста Лойка. – З таго часу ён двойчы быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арыштаў. Самі па сабе гэтыя арышты не з’яўляюцца парушэннем умоваў прэвентыўнага нагляду, але, калі назбіраецца тры прыцягнення да адказнасці, то гэта дазваляе паўтарыць працэдуру ўсталявання прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да актывіста і падоўжыць ужо прызначаны тэрмін”.

Судом Першамайскага раёна 15 сакавіка 2012 года быў усталяваны прэвентыўны нагляд у дачыненні да актывіста тэрмінам на адзін год з увядзеннем пэўных патрабаванняў і забаронаў. І калі апасенні праваабаронцаў спраўдзяцца, то будзе падоўжаны тэрмін прэвентыўнага нагляду і пашыраны пералік забаронаў.

“Паколькі Уладзіміра сёння не выпусцілі, то, хутчэй за ўсё, на яго будзе складзены пратакол за нейкае паўторнае правапарушэнне. І калі ў выніку яго прыцягнуць да адказнасці, то працэдура прэвентыўнага нагляду можа паўтарыцца”, - кажа Наста Лойка.

Пры гэтым праваабаронца адзначае, што ў падобных сітуацыях шмат што залежыць ад суду: “Паколькі патрабаванні закона не катэгарычныя, то сітуацыя разглядаецца цалкам на погляд суддзі – ці ўсталёўваць гэты нагляд, на які тэрмін і якія канкрэтна могуць быць абмежаванні”.

За два апошнія месяцы Уладзімір Яроменак стаў ужо трэцім актывістам, якога беспадстаўна перазатрымліваюць: замест вызвалення пасля адміністратыўнага арышту адвозяць у РАУС, складаюць сфабрыкаваны пратакол пра тое, што праз некалькі гадзінаў пасля вызвалення лаяўся матам у грамадскім месцы. Так было з актывістам кампаніі “Гавары праўды!” Паўлам Вінаградавым перад тым, як над ім усталявалі прэвентыўны нагляд, а  таксама з маладафронтаўцам Міхаілам Мускім перад адпраўкай яго ў войска.

Нагадаем, 17 траўня суддзя Фрунзенскага раёна Менска Людміла Лапо, разгледзеўшы адміністратыўную справу Уладзіміра Яроменка, асудзіла яго да 7 сутак адміністратыўнага арышту па арт. 17.1 КаАП РБ («Дробнае хуліганства»). Актывісты «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак і Павел Сяргей 16 траўня былі затрыманыя ва ўласнай кватэры і дастаўлены ў Фрунзенскі РАУС, а затым - у ЦІП на Акрэсціна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international