Судзяцца камуністы

2006 2006-10-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску будзе разглядацца пазоў апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) да газэты праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) “Коммунист Беларуси” і першага сакратара гэтай партыі Тацяны Голубевай.

Апазыцыйныя камуністы дамагаюцца ад іх абвяржэньня інфармацыі пра тое, што ў так званым аб’яднаўчым зьезьдзе КПБ і ПКБ, што прайшоў у Менску 18 ліпеня, удзельнічалі дэлегаты ад большасьці суполак партыі, якую ўзначальвае Сяргей Калякін.

Пасьля гэтага зьезду ў газэце праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі былі надрукаваныя вытрымкі дакладу першага сакратара, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Тацяны Голубевай. Яна сьцьвярджала, што многія партыйныя структуры апазыцыйнай кампартыі вырашылі ўвайсьці ў склад КПБ. Гэта абурыла сяброў апазыцыйнай кампартыі.

Першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін расказаў Радыё Свабода:

- Гэта не адпавядае сапраўднасьці – таму што сёньня існуе Партыя камуністаў беларуская. Існуе на падставе ўласных праграмы і статуту. І таму мы патрабуем абвергнуць, што нас ужо пахавалі. Мы жывыя і працягваем сваю працу. А публікацыя ў сродках масавай інфармацыі паведамленьня пра тое, што нас няма, уводзіць у зман нашых прыхільнікаў, нашых патэнцыйных выбарнікаў. Асабліва гэта важна ў часе выбарчай кампаніі, якая пачалася.

Сяргей Калякін гаворыць, што ў іх ёсьць дакумэнтальныя доказы таго, што Тацяна Голубева і газэта яе партыі казалі няпраўду.

Днямі ў менскіх судах разглядаліся падобныя пазовы Партыі камуністаў беларускай да газэтаў “Белорусская нива” і “Рэспубліка”, якія таксама апублікавалі інфармацыю пра нібыта ўдзел дэлегатаў большасьці структураў ПКБ у аб’яднаўчым зьезьдзе. Пазовы ПКБ не былі задаволеныя. Суд палічыў апублікаваную гэтымі газэтамі інфармацыю палітычнай палемікай.

У зьвязку з гэтым я задаў Сяргею Калякіну пытаньне, ці ёсьць сэнс траціць час, высілкі і сродкі на судовыя разборы, якія канчаюцца адным і тым самым вынікам?

- Яны вымушаныя хлусіць у судзе. А гэта на мяжы завядзеньня супраць іх крымінальнай справы. Сьлед застанецца ў любым выпадку. Вельмі шкада часу, які мы сёньня трацім на гэта, але гэта не безвыніковая праца.

Першае судовае паседжаньне ў гэтай справе было прызначанае на 22 верасьня. Але яго перанесьлі. Тацяна Голубева знаходзілася ў той час на лячэньні, а яе законны прадстаўнік у суд не зьявіўся. Таму разгляд справы быў перанесены на 19 кастрычніка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international