Алена Танкачова: Задача праваабаронцаў - змена становішча з правамі чалавека пры любой уладзе

2012 2012-05-22T13:40:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tankachova-euraradyjo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алена Танкачова ў студыі Еўрарадыё

Праваабаронца Алена Танкачова ў студыі Еўрарадыё

Вядомая праваабаронца тлумачыць, чаму яна будзе гутарыць з уладамі нягледзячы ні на што.

Алена Танкачова запрашае вас падыскутаваць на гэтую тэму ў межах сваёй публічнай лекцыі “Праваабарона: палітыка ці грамадскі інтарэс? або Чаму мы працягнем гутарку з урадам, нягледзячы на сабатаж апошняга”. Лекцыя пройдзе ў межах цыкла лекцый “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) 25 мая (бліжэйшая пятніца), пачатак а 18.30. Месца правядзення: "Арт-сядзіба" (вул. Куйбышава, 22, 2-гі паверх ГД “Гарызонт”). Уваход вольны!

Алена Танкачова займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі з 1996 года. Цяпер яна - кіраўніца Цэнтра прававой трансфармацыі. Апроч тэорыі, зведала і практыку: пасля 19 снежня 2010 года яе выклікалі на допыт, а затым правялі ператрус на яе кватэры.

Чаму зняволенне Алеся Бяляцкага Танкачова лічыць перамогай беларускіх праваабаронцаў? Што адрознівае праваабаронцаў ад палітыкаў? Чаму навучылі Алену былы старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч і яе аднакурсніца Наталля Пяткевіч? Пра гэта у гутарцы напярэдадні лекцыі.

“Я ўяўляю гэтую дзяржаву ў выглядзе імбрыка з запаяным носікам, які стаіць на павольным агні”

Глеб Лабазенка: Беларускім праваабаронцам, напэўна, не пазайздросціш - занадта шмат працы. Вы не адчуваеце сябе ў сітуацыі матылька і танка?

Алена Танкачова: Не, усё ў парадку. Я лічу, што кожны выконвае сваю функцыю. Кожны знаходзіцца на тым месцы, дзе мусіць знаходзіцца. Я не ўяўляю гэтую дзяржаву ў выглядзе танка. Хутчэй, у выглядзе такога дзіўнага імбрыка з запаяным носікам, які стаіць на павольным агні. А гэта (з дзяцінства многія хуліганы ведаюць) ні да чаго добрага не прыводзіць. Калі ў гэтым імбрыку не зрабіць патрэбную колькасць дзірачак і не забяспечыць сувязь са знешнім светам, то калі рване, нікому мала не падасца. Таму я лічу, што праваабаронцы, як і іншыя грамадскія дзеячы, з'яўляюцца тымі суб'ектамі, якія павінны здымаць крыніцы напружання. Калі дзяржава сёння гэтага не разумее, не гатовая бачыць пазітыўную ролю грамадзянскіх актывістаў, то гэта праблема дзяржавы.

- То бок Вашая задача падточваць імбрык і псаваць яго?

- Нашая задача - рабіць жыццё лепшым. Выхоўваць дзяржаву. Нашая задача - не канфрантацыя, а змены. Правы чалавека - гэта заўсёды ўзаемадачыненні між дзяржаваю і грамадзянінам. Не бывае па-іншаму.

- Вы сказалі, што ўсё на сваіх месцах: вось дзяржава, а вось праваабаронцы, якія дбаюць пра правы чалавека. Вам не здаецца, што ўсё сапраўды на сваіх месцах, і дзяржаву ўсё задавальняе без усякіх праваабаронцаў?

- Па-першае, я свята веру, што кожная разумная істота імкнецца да развіцця. Па-другое, я мяркую, што і ў структуры дзяржаўных органаў дастаткова людзей, якія прыходзілі і выбіралі для сябе дзяржаўную службу ўсвядомлена і сапраўды збіраліся рабіцца прафесійнымі менеджарамі па кіраванню дзяржавай. Ніводная дзяржава не можа быць якаснай і нармалёвай, калі там няма імкнення паважаць правы чалавека.

- Спадарыня Алена, а Вам не здаецца, што нашая ўлада занадта моцна цэнтралізаваная, каб нешта залежала ад “сапраўдных чыноўнікаў”? Вось Вы дамовіцеся, каб ён быў белым і пухнатым, а яму потым надаюць па галаве ці ўвогуле звольняць.

- Ведаеце, які б, напрыклад, міністр унутраных спраў быў несімпатычны і крыважэрны чалавек, я, знаходзячыся ў сваёй функцыі, буду з ім гутарыць. Калі я буду ведаць, што ад нашай камунікацыі можа залежыць тое, што заўтра на плошчы людзі не патрапяць пад каток і раздачу, я буду гутарыць з любым чалавекам, які знаходзіцца на пазіцыі міністра ўнутраных спраў. Мая задача - прымусіць іх гутарыць пра стандарты, прымусіць іх чуць. Адказнасць за рашэнні, якія яны прымаюць потым, - гэта іх адказнасць. Але калі я не прадпрымаю нейкага дзеяння, якое магло паўплываць, - гэта мая адказнасць.

“Пакуль ёсць дзяржава - будуць парушэнні правоў чалавека”

- Вось Вы кажаце: будзем гутарыць з уладаю. Нашыя палітыкі таксама перманентна вырашаюць: весці ім дыялог з уладаю ці не. А чаму Вы вырашылі, што ўлада будзе з Вамі гутарыць?

- Гаворка ідзе не столькі пра дыялог. А пра тое, што калі між людзьмі і дзяржаваю дыялог пра правы чалавека вядзецца, то гэта вялікая ўдача і для дзяржавы, і для людзей, якія ў ёй жывуць. Імкненне да дыялогу пра правы чалавека - гэта частка праваабарончай функцыі і дзейнасці. У гэтым сэнсе, ёсць вялікая розніца між пазіцыяй праваабаронцаў і палітыкаў. Палітыкі выкарыстоўваюць рыторыку правоў чалавека выключна для мэт барацьбы за ўладу. Задача праваабаронцаў - змена становішча з правамі чалавека пры любой уладзе. Пакуль ёсць дзяржава - будуць парушэнні правоў чалавека. Адпаведна, задача праваабаронцаў - змяняць сітуацыю, а не ўладу.

- Калі шырокі чытач сустракае праваабаронцу ў навінах, то верагодней за ўсё гэта інфармацыя, як праваабаронцы канстатуюць нейкае парушэнне правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы пераўтварыліся міжволі ў такіх “паталагаанатамаў”?

- Так было, ёсць і будзе. Праваабаронцы заўжды будуць канстатаваць парушэнні правоў чалавека.Пытанне ў тым, што адбываецца далей. Пры нармалёвай сітуацыі праваабаронцы канстатуюць праблему, дзяржава ўступае ў дыялог з грамадствам і знаходзіць шляхі і спосабы вырашэння гэтай праблемы.

- Спадарыня Алена, значная доля праваабарончых прыкладаў, пра якія даводзіцца чуць, ляжыць у палітычнай плоскасці. Якую долю ў працы праваабаронцы займае гэты палітычны складнік насамрэч?

- Гэтае пытанне скрайне важнае. Яно ж вельмі часта выкарыстоўваецца ў якасці крытыкі праваабарончых арганізацый. Аднак праваабарончая дзейнасць заўсёды змяняецца ў залежнасці ад таго, як змяняюцца акалічнасці. У сітуацыі з аўтарытарнымі рэжымамі пытанні неабароненасці палітычных правоў і свабод з’яўляюцца найбольш бачнымі, адлюстроўваюцца ў тым ліку і ў СМІ. У адносінах іншых сфер - працоўных, сацыяльных, культурных, эканамічных - яны проста менш навідавоку, часта вырашэнне вядзецца не ў дыскурсе правоў чалавека. Напрыклад, калі была крытычная сітуацыя з увядзеннем кароткатэрміновай кантрактнай сістэмы, то праваабаронцы сталі выступаць са свайго боку, але ў сферы працоўных адносін. Калі ўводзілі абмежаванне для прадпрымальнікаў аб найме на працу максімум трох чалавек, гэтую тэму таксама ўздымалі праваабаронцы, хоць яна эканамічная. Таму дзейнасць праваабаронцаў у Беларусі сапраўды больш сканцэнтраваная на палітычных пытаннях, а таксама на праблемах асобных, найменш абароненых сацыяльных груп. Напрыклад, актыўна развіваецца дзейнасць Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Тыя ж прафсаюзы працягваюць працаваць, скажам, з незаконнымі звальненнямі. Напрыклад, Беларуская асацыяцыя журналістаў, хоць і не з’яўляецца праваабарончай арганізацыяй, але аказваючы юрыдычную дапамогу журналістам, фактычна таксама выконвае праваабарончую функцыю. Хоць ёсць галіны, дзе праваабарончы складнік проста правальны. Напрыклад, правы пацыентаў, дзе ёсць шмат праблем. Проста ніхто пакуль не бярэ на сябе праваабарончую функцыю ў гэтай сферы, бо гэта мусіць быць нехта з медычнай супольнасці. І рана ці позна гэта адбудзецца.

“Канцэпцыя правоў чалавека - гэта самая геніяльная соцыякультурная канцэпцыя ХХ стагоддзя!”

- Вы заўважылі некалі, што ў нас не прынята казаць пра правы чалавека ў школе і універсітэце. І што іх прынята абясцэньваць - зводзіць да “правоў тых, каго пакрыўдзілі”. Чаму ў нас старанна ствараюць вобраз, што гэта правы не ўсіх людзей, а толькі тых, каго канкрэтна цяпер крыўдзяць?

- Магчыма, гэта спадчына старой савецкай школы. Бо канцэпцыя правоў чалавека - гэта самая геніяльная соцыякультурная канцэпцыя ХХ стагоддзя! У нас яе як філасофскую аснову не ўносяць у вышэйшую адукацыю. Гэтым самым дзяржава абясцэньвае ў першую чаргу сябе. Бо бунт спажыўцоў - ён больш страшны і больш непрыемны, чым нармалёвае змаганне за вартасці двух роўных суб’ектаў.

- Вы маеце на ўвазе, што калі не выхоўваць грамадства ў цывілізаваных нормах, то ў сітуацыі, калі стане нешта не падабацца, замест дыялога людзі возьмуцца за дубіны?

- Так! І здарыцца гэта за каўбасу, а не за свабоду! Гэта будзе непрыемна бачыць у цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі.

- Ведаю, што Ваш шлях да юрыдычнай адукацыі быў пакручасты. Чаму Вы насуперак волі бацькоў уцяклі з журфака? Няўжо ў сям’і паважанага марскога вайскоўца былі дапушчальныя такія вольнасці?

- Я думаю, што вольнасці якраз і былі абумоўленыя выхаваннем у сям’і. Мяне гадавалі як вольнага і свабоднага чалавека. Бацька, як вайсковец, шмат пераязджаў. Гэтак пасля Масквы я апынулася ў Быхаве. У Маскве ўжо дазвалялася не насіць строгую школьную форму, быў выбар. А ў Быхаве, ясная справа, мяне пачалі прымушаць хадзіць у гэтым карычневым страхоцці. Выйсце і кампраміс знайшлі: мама пашыла мне з гэтай карычневай тканіны даволі сімпатычную сукенку... А што да адукацыі, то спачатку бацькі ўвогуле бачылі ва мне навучэнку Баўманскага інстытута. Бацька напраўду вельмі таленавіты ваенны інжынер, таму ён і даслужыўся да пасады галоўнага інжынера авіяцыі Балтыйскага флота. Але, хоць дакладныя навукі мне і даваліся лёгка, сама я ў сабе матэматыка ці фізіка не бачыла. Бачыла гісторыка, але бацькі цьвердзілі, што гэтым я і самастойна начытацца магу. У выніку, паехалі на журфак. Як толькі бацькі з’ехалі, я забрала дакументы. Пайшла на гістфак, там на першым жа іспыце нейкім дзівам атрымала двойку. Карацей, у выніку, я скончыла юрфак БДУ. Я люблю права, таму выбар юрыдычнай прафесіі арганічны для мяне. Асабліва мне падабалася філасофія дзяржавы і права, канстытуцыйнае права...

- Гэтую любоў да канстытуцыйнага права прышчапіў Ваш выкладчык Рыгор Васілевіч?

- Рыгор Аляксеевіч, скажам наўпрост, не змог яе разбурыць. Напэўна, з аспірантуры кафедры канстытуцыйнага права я сыйшла менавіта ў сілу таго, што Рыгор Васілевіч адначасова стаў не столькі старшынёй Канстытуцыйнага суда пасля сумнавядомых падзей, але і загадчыкам кафедры канстытуцыйнага права. На той момант у маёй ідэалістычнай галаве не магла ўкласціся ягоная здрада (як я тады гэта вызначала) прафесіі. А па-другое, я не магла зразумець, як пры ўсіх гэтых акалічнасцях акадэмічная супольнасць можа дазволіць яму быць загадчыкам кафедры.

- З Вашай аднакурсніцай Наталляй Пяткевіч у Вас рознае разуменне права?

- Я разважаю пра гэта доўгія гады. Яна была вельмі здольнай і таленавітай студэнткай, у яе напраўду была схільнасць да прававой прафесіі. Я меркавала, што Наталля стане выкладчыцай права, бо мела схільнасць і да гэтага. Што потым здарылася і як гэта магло трансфармавацца ў выбар такой адміністрацыйнай сферы, не ведаю.

- Вы ўжо 16 гадоў змагаецеся за правы чалавека ў Беларусі. Ці ёсць нейкія рэальныя зрухі ў гэтай сферы, ці ёсць нейкія перамогі?

- Гледзячы, што лічыць перамогамі. Нашая перамога складаецца ў тым, што Бяляцкі сядзіць. Калі найлепшы, вядучы і вядомы праваабаронца гэтай краіны ў турме, гэта значыцца, што ўлада нас прызнае. Настолькі прызнае, што лічыць неабходным прараўнаць нас да палітычнай апазіцыі і назваць “пятай калонай”. Іншая нашая перамога складаецца ў тым, што ўзровень сустрэч беларускіх праваабаронцаў з еўрапейскімі палітыкамі і дыпламатамі нічым не ніжэйшы чым у беларускага Міністэрства замежных спраў. Трэцяя перамога: мы навучыліся быць праваабарончай супольнасцю. Не толькі не казаць адно пра аднаго кепска, але і сумесна дзейнічаць. Наша перамога і ў тым, што ёсць шмат людзей, якім мы дапамаглі.

- Цікава Вы пра Бяляцкага... То бок калі ў Вас на кватэры быў ператрус, Вы таксама радаваліся? Кшталту: “Крута! Мяне прызнала дзяржава!”

- Не, я баялася. Не столькі ператруса, колькі допыта перад гэтым. Была дзіўная сітуацыя. Я сотні разоў вучыла іншых людзей, як паводзіць сябе на допыце, што трэба казаць, што не трэба, што нельга баяцца... І тут наступіла практыка. Я вельмі баялася. Перад тым, як пайсці на допыт, я пасадзіла дачку ў машыну, адвезла яе ў аэрапорт і адправіла да сваіх бацькоў у Калінінград. І з аэрапорта паехала на допыт. На допыце я зразумела, што маўчаць не буду. Тым больш, што яны запісвалі ўсё, што я кажу. У выніку, размова ў нас апынулася доўгая, і я прачытала ім някепскую лекцыю на тэму праваабарончай ацэнкі падзеяў 19 снежня. Потым яны павезлі мяне да мяне на кватэру рабіць ператрус... Вось ідзе ператрус, а адзін з супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі заўважае ў мяне на сцяне колькі рэпрадукцыяў Кандзінскага. Я іх спецыяльна павесіла, каб мець сабе такі нямы папрок. Кандзінскі ж таксама быў юрыстам, а вунь якія рэчы рабіў! І вось гэты супрацоўнік глядзіць, секунд трыццаць. Я вырашаю яму дапамагчы, кажу: “Кандзінскі”. Ён адказвае: “Ды я на рамы гляджу. Добрае месца, каб схаваць нейкія незаконныя прадметы!” Потым у пакоі мае дачкі яны выцягнулі з яе рэчаў нейкую празрыстую скрыначку з недапалкамі і пытаюцца ў мяне: “Што гэта?”. Я аслупянела, усё пранеслася перад вачыма, думаю: “Ну вось, касякоў марыхуаны падкінулі”. Потым яны яе адкрылі і зразумелі, што гэта звычаныя бычкі ад цыгарэт. Я не змагла ўстрымацца і ўскрыкнула: “Мая дачка паліць?!” На што супрацоўнік сур’ёзна адказаў: “Вось бачыце, і ад КДБ можа быць карысць!”

Глеб Лабадзенка, TUT.BY. Паводле eurobelarus.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international