Касацыйная скарга Сяргея Каваленкі не задаволена

2012 2012-05-18T14:30:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

18 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на рашэньне Першамайскага райсуду, які прысудзіў актывісту 2 гады і 1 месяц зьняволеньня.

Перад пачаткам працэсу затрымалі жонку Сяргея Алену Каваленку, ягонага брата Канстанціна і актывістку Алену Семенчукову. Суд над імі пачаўся сёньня і працягнецца 30 траўня.

У залю суду, якая была запоўнена пераапранутымі супрацоўнікамі міліцыі, пусьцілі толькі выканаўцу абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ на Беларусі Юрася Беленькага, адказнага сакратара ўправы партыі Алеся Чахольскага, а таксама бацьку Сяргея.

На пачатку суд не задаволіў хадайніцтва аб прысутнасьці на разглядзе скаргі самога Сяргея. Юрась Беленькі распавёў:

«Адвакаты падтрымалі хадайніцтва. Аднак пракурор сказаў, што раней усё было дасьледавана, таму, маўляў, наўрад ці што новага мы пачуем ад Сяргея Каваленкі. Пасьля перапынку суд падтрымаў пракурора».

Паводле Сяргеевага бацькі спадара Аляксандра, працэс цягнуўся каля гадзіны. Ён лічыць, што рашэньне суду было падрыхтавана раней:

«Прасілі, каб на судзе прысутнічаў Сяргей, але пракурор сказаў, што абвінавачаны можа не прысутнічаць. Я там выступіў, што, канечне, у такім выглядзе, з вагой у 45 кіляграм, куды ж вы яго павезяце, каму ж вы будзеце паказваць яго? Ён жа як вязень Бухэнвальду. Усё ж было надумана, усё падрыхтавана».

Паводле Юрася Беленькага, адвакаты аргумэнтавана паказалі незаконнасьць прысуду, але пракурор заявіў, што нібыта ў дзеяньнях Сяргея «быў намер». Пасьля нарады суд абвясьціў сваё рашэньне.

«Я ім гучна сказаў, што вы чакаеце суду Божага. Бо за такое будзе суд. Апусьціўшы галовы, калегія разам з пракурорам сышлі з залі. Адносна гэтых людзей, якія насамрэч так цынічна, дэманстратыўна парушаюць закон, асуджаюць невінаватага чалавека, апроч суду Божага, павінна быць і рэакцыя людзей. Калі Захад насамрэч ня хоча бачыць на сваёй тэрыторыі такіх людзей, то гэта правільна. Навошта ім пускаць на сваю тэрыторыю людзей, якія па сваёй сутнасьці такія вось? Санкцыі адносна такіх асобаў павінны быць працягнутыя. Пабыўшы на такім працэсе, я зрабіў такую выснову, што гэта было б справядліва».

Напярэдадні ў абласным судзе ўзмацнілі ахову. А сёньня раніцай перад будынкам суду супрацоўнікі міліцыі затрымалі жонку Сяргея Каваленкі Алену, а таксама яго стрыечнага брата Канстанціна і актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Алену Семенчукову. Тыя хацелі зрабіць на асфальце перад будынкам суду надпіс «Свабоду Сяргею Каваленку!» Іх вінавацяць у дробным хуліганстве. У рапарце міліцыянты напісалі, што затрыманыя нібыта парушылі грамадзкі спакой пры дапамозе аэразольных балёнчыкаў і трафарэтаў. Усіх трох прывезьлі ў Кастрычніцкі суд. Аднак судзьдзя адклала разгляд справы на 30 траўня, каб дапытаць сьведак. Затрыманых адпусьцілі да суду. Алена Семенчукова распавяла, што затрыманьне было жорсткім:

«Мы зрабілі трафарэт „Свабоду Каваленку“, пачалі маляваць. З усіх бакоў пачалі падбягаць міліцыянты, пад’ехалі тры машыны. Яны лаяліся: „Стаяць, сукі, страляць будзем!“ Сілай запхнулі ў машыну. У Алены Каваленкі сінякі на руках засталіся. Нас трымалі ў Кастрычніцкім РУУС, нас дапыталі, абшукалі. Цяпер быў суд, яго перанесьлі. Артыкул 17.1. Нібыта мы з хуліганскіх матываў усё гэта рабілі».

Паводле Алены, насамрэч яны хацелі выказаць салідарнасьць зь вязьнем Сяргеем Каваленкам, які другі раз распачаў галадоўку пратэсту.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international