Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека паўторна рэкамендуе Беларусі вырашыць сістэмныя праблемы

2012 2012-05-18T13:44:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pillay.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наванэтхем Пілэй, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека

Наванэтхем Пілэй, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека

Апублікаваны Даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі, які ў вуснай форме быў прадстаўлены падчас 18-ай сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе ў мінулым верасні. Паколькі з таго часу рэкамендацыі застаюцца ў асноўным нявыкананымі беларускім урадам, УВКПЧ паўтарае іх, акцэнтуючы дадатковыя патрабаванні.

Даклад ахоплівае перыяд з 19 снежня 2010 г. да 23 сакавіка 2012 г. Паколькі Упраўленню Вярхоўнага камісара не быў дазволены ўезд у Беларусь, гэты Даклад заснаваны на розных крыніцах, уключаючы інфармацыю, прадстаўленую ўрадам.

“Пасля выбараў сітуацыя з правамі чалавека яшчэ больш пагоршылася, у прыватнасці гэта датычыла права на свабоду асацыяцыяў, сходаў і выказвання меркаванняў і права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Па-ранейшаму з’яўляюцца заявы аб катаваннях і жорсткім абыходжанні пад вартай, беспакаранасці вінаватых асобаў, парушэнні належнага судовага працэсу і ціску на адвакатаў. Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і нацыянальнага інстытута па правах чалавека пагаршае сітуацыю з правамі чалавека і перашкаджаюць прагрэсу”, - паведамляецца ў рэзюмэ.

У частку Дакладу, датычную свабоды асацыяцыяў і праваабаронцаў у Беларусі, увайшла інфармацыя пра факты рэпрэсій у дачыненні да Беларускага Хельсінкскага камітэта і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, а таксама дыфамацыйныя кампаніі супраць палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў і журналістаў.

Пераклад ПЦ "Вясна":

Свабода асацыяцыяў і праваабаронцаў

Згодна з артыкулам 22.1 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключаючы права ствараць і ўступаць у прафесійныя саюзы для абароны сваіх інтарэсаў. Тым не менш, Крымінальны кодэкс прадугледжвае крымінальную адказнасць за "арганізацыю незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў" (артыкул 193.1). На працягу разгляданага перыяду, праваабаронцы і няўрадавыя арганізацыі сталі ахвярамі розных формаў ціску, уключаючы арышты, допыты, ператрусы на офісах і канфіскацыю матэрыялаў, а таксама выпадкаў запалохвання, звязаных з іх кантактамі з міжнароднымі і міжурадавымі арганізацыямі.

Гэтыя дзеянні парушаюць Пакт, а таксама артыкулы 5 (с), 9.4 і 12 Дэкларацыі аб праваабаронцах.

Як знак сур'ёзнасці сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, факты рэпрэсій у дачыненні да Беларускага Хельсінкскага камітэта ў сувязі з супрацоўніцтвам з Спецыяльным дакладчыкам па пытаннях аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў былі ўключаныя ў даклад Генеральнага сакратара аб супрацоўніцтве з ААН, яе механізмамі і прадстаўнікамі ў галіне правоў чалавека.

Увесну 2011 года, некалькі праваабаронцаў (грамадзяне Расіі і Украіны) з міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі былі дэпартаваныя з Беларусі, а некаторыя не былі дапушчаныя ў краіну. Напрыклад, 16 сакавіка 2011 года кіраўнік місіі Андрэй Юраў (Расія) быў ненадоўга затрыманы беларускімі праваахоўнымі органамі ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 371 КК ("Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы асобай, якой раней адмовілі ва ўездзе ў краіну").

Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама неаднаразова быў ахвярай дзеянняў уладаў. Пасля адмены ягонай рэгістрацыі ў 2003 годзе беларускія ўлады пагражалі старшыню “Вясны” Алесю Бяляцкаму (які таксама з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека і сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў) крымінальным пераследам за «несанкцыянаваную дзейнасць няўрадавай арганізацыі» (Крымінальны кодэкс, арт. 193.1). Апошняе папярэджанне было выдадзенае ў красавіку 2011 года. 20 снежня 2010 года супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у офісе “Вясны”, канфіскавалі кампутары і дакументацыю, і затрымалі 10 супрацоўнікаў, якія былі вызваленыя ў той жа дзень. 4 жніўня 2011 г. сп. Бяляцкі быў зноў арыштаваны, змешчаны ў следчы ізалятар Міністэрства ўнутраных справаў па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. 24 лістапада ён быў прысуджаны Першамайскім раённым судом Менску да чатырох з паловай гадоў турэмнага зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыі маёмасці. Сп. Бяляцкі быў асуджаны за “ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры” (Крымінальны кодэкс, артыкул 243.2). Суд пастанавіў, што сп. Бяляцкі наўмысна пазбягаў выплаты падаткаў з грошай, якія ён нібыта захоўваў на банкаўскіх рахунках за мяжой. Суд праігнараваў той факт, што грошы не былі “асабістым даходам” сп. Бяляцкага. Ён абскардзіў прысуд, які, аднак, быў пакінуты без зменаў 24 снежня 2011 года Мінскім гарадскім судом. У лютым 2012 года сп. Бяляцкі быў дастаўлены ў Бабруйскую папраўчую калонію № 2. Яшчэ адзін сябра “Вясны”, Валянцін Стэфановіч, таксама быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, і 16 снежня 2011 г. суд у Менску прысудзіў яго да штрафу за ўтойванне даходаў.

Дыфамацыйныя кампаніі, распачатыя ўрадам у сродка масавай інфармацыі супраць лідараў палітычнай апазіцыі таксама былі накіраваныя супраць праваабаронцаў і журналістаў. Напрыклад, інтэрнэт-сайт "Здраднікі" (www.predateli.com), які звязаны з групай прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта, змяшчае імёны і фатаграфіі праваабаронцаў, журналістаў і апанентаў прэзідэнта Лукашэнкі і разглядаецца як частка паклёпніцкай кампаніі, накіраванай супраць дысідэнтаў”.  


У Высновах Вярхоўнага камісара паведамляецца, што:

- Сабраная інфармацыя і яе аналіз кажуць пра сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, пачынаючы з 19 снежня 2010 года. Шэраг дзеянняў, 19 снежня 2010 года і ў паслявыбарчы перыяд, былі відавочна накіраваныя на абмежаванне права на свабоду асацыяцыяў, сходаў і выказвання меркаванняў і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

- Нягледзячы на ​​вызваленне ў жніўні і верасні 2011 года шэрагу асобаў, пазбаўленых свабоды ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года, унясенне зменаў у некаторыя законы яшчэ больш абмежалі грамадзянскія і палітычныя правы. Гэтая сітуацыя дэманструе, што недахопы, якія тычацца правоў чалавека ў Беларусі, маюць сістэмны характар. Яны павінны быць разгледжаны органамі ўлады на аснове ўсеабдымнага падыходу, які будзе ўключаць у сябе перагляд заканадаўства, палітыкі, стратэгіі і практыкі, якія адносяцца да правоў чалавека.

- Прадстаўляючы вусны даклад Савету па правах чалавека, намеснік Вярхоўнага камісара зрабіў некалькі папярэдніх рэкамендацый ураду Беларусі. Паколькі гэтыя рэкамендацыі застаюцца ў асноўным нявыкананымі, УВКПЧ паўтарае іх, пашырыўшы сферу іх прымянення і акцэнтуючы дадатковыя патрабаванні.


Сярод рэкамендацый Вярхоўнага камісара ўраду Беларусі ў Дакладзе ўтрымліваюцца наступныя:

- неадкладна і безумоўна вызваліць астатніх палітычных апанентаў, актывістаў і журналістаў, якія не былі ўдзельнікамі гвалту ў падзеях 19 снежня 2010 г. і іх наступстваў;

- правесці бесстаронняе, дбайнае і аб'ектыўнае расследаванне абставінаў, пры якіх названыя асобы былі арыштаваныя і затрыманыя, а таксама прыняць захады для неадкладнай іх рэабілітацыі;

- правесці ўсеабдымнае, празрыстае і заслугоўваючае даверу расследаванне ўсіх паведамленняў пра выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама прыцягнуць вінаватых да адказнасці, забяспечыць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць затрыманых і зняволеных пад варту, і стварыць незалежны нацыянальны прэвентыўны механізм для папярэджання катаванняў на нацыянальным узроўні;

- забяспечыць поўнае ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыяў і сходаў, у адпаведнасці з міжнародным правам, і неадкладна спыніць усе формы палітычнага і адміністратыўнага ціску і пераследу палітычных апанентаў;

- неадкладна спыніць усе формы ціску і пераследу арганізацый грамадзянскай супольнасці, асобных праваабаронцаў, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, зняць абвінавачванні, высунутыя супраць яго і іншых праваабаронцаў;

- прыняць захады для таго, каб арганізацыі грамадзянскай супольнасці карысталіся свабодай выканання сваіх задачаў; адмяніць афіцыйныя папярэджанні, выдадзеныя ў адносінах да арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, а таксама спыніць практыку выдачы такіх папярэджанняў;

- неадкладна спыніць усе формы ціску на журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, зняць усе абвінавачванні супраць журналістаў, датычныя пераследу за прафесійную дзейнасць, а таксама прыняць захады па іх рэабілітацыі, адмяніць афіцыйныя папярэджанні газетам і спыніць такую ​​практыку;

- забяспечыць свабоду слова і стварэнне прававых умоў і практыкі, якія спрыяюць эфектыўнай свабодзе СМІ, спыніць практыку цэнзуры і самацэнзуры, а таксама забяспечыць, каб меры кантролю інтэрнэту былі мінімальныя і каб гэтыя абмежаванні не прыводзілі да цэнзуры электронных СМІ і свабоды слова;

- забяспечыць поўную адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі належнай прававой працэдуры і справядлівага судовага разбіральніцтва, неадкладна спыніць усе формы ціску на суддзяў, адвакатаў і сябраў калегій, а таксама гарантаваць ім свабоду і незалежнасць ад усіх формаў адміністрацыйнага кантролю з боку ўраду;

- у поўнай меры супрацоўнічаць з усімі механізмамі ААН па правах чалавека і цалкам выконваць усе рэкамендацыі, зробленыя ў рамках універсальнага перыядычнага агляду і дамоўнымі органамі і спецыяльнымі працэдурамі;

- у поўнай меры супрацоўнічаць з УВКПЧ, у тым ліку шляхам дазволу доступу тэхнічнай групы УВКПЧ у Беларусь і непасрэдна ўзаемадзейнічаць з адпаведнымі органамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці;

- стварыць нацыянальны інстытут па правах чалавека ў адпаведнасці з Парыжскімі прынцыпамі;

- увесці мараторый на ўсе пакаранні з мэтай адмены смяротнага пакарання, а таксама ратыфікаваць Другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах;

- пачаць ўсеабдымны перагляд агульных прававых рамак, у тым ліку Крымінальнага кодэкса, а таксама паправак у законы, унесеныя ў 2011 годзе; прывесці іх у адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы у галіне правоў чалавека і, тым самым, звяртацца да міжнароднага досведу Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, АБСЕ і Савета Еўропы.

Поўны тэкст Дакладу на англійскай мове:

Файлы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international