Сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць падчас фестываля праваабарончых фільмаў у Бруселі

2012 2012-05-16T15:23:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/jeden_svet_v_bruselu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак 21 траўня ў Еўрапарламенце ў Бруселі ў рамках Міжнароднага фестываля праваабарончых фільмаў “Адзін свет” (One World) пройдзе абмеркаванне бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У дыскусіі прымуць удзел праваабаронцы - Таццяна Рэвяка (ПЦ “Вясна”), Ліда Вацкова (каардынатар беларускіх праектаў арганізацыі “Чалавек у бядзе”) і Саша Кулаева (кіраўнік аддзела краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH).

Чэшскі гуманітарны фонд “Чалавек у бядзе” (People in Need) у супрацоўніцтве з Сталым прадстаўніцтвам Чэшскай Рэспублікі ў Еўрапейскім Саюзе і Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH) запрашаюць у гэты дзень на паказ дакументальнага фільма “Беларуская мара”, пасля якога і адбудзецца дыскусія (21 траўня, 19.00 - 20.30).

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізатараў, фільм Кацярыны Кібальчыч “Беларуская мара” (Расія, 2011) – гэта, перш за ўсё, даніна павагі тым беларусам, для якіх свабода застаецца вартай змагання за яе. “Паводле ананімнага героя гэтага фільма, восень 2010 года была найвыдатнейшым перыядам у Беларусі ў апошнія гады. Ягоныя словы ілюструюць кадры перадвыбарчых мітынгаў незалежных кандыдатаў у прэзідэнты. Аўтар, як і многія іншыя, спадзяваліся, што першыя свабодныя выбары ў краіне за 16 гадоў спыняць аўтарытарнае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя надзеі, звязаныя з перадвыбарчымі апытаннямі, былі разбітыя пасля абвяшчэння вынікаў галасавання. Лукашэнка атрымаў 80 адсоткаў галасоў. Адзін з кандыдатаў ад апазіцыі быў збіты і выкрадзены. Акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, як паведамляецца, скончыліся арыштам апазіцыйных палітыкаў, іх жонак, калег па выбарчай кампаніі і нават звычайных дэманстрантаў. Фільм уяўляе сабой унікальны дэталёвы погляд на практыку дзяржаўных органаў таталітарнай Беларусі, якія не баяцца выкарыстоўваць прапаганду ў сродках масавай інфармацыі, спецслужбы, пагрозы і паказальныя працэсы”, - распавядаецца ў анонсе “Беларускай мары”.

Прагляд і абмеркаванне праводзяцца ў рамках шостага штогадовага Фестываля дакументальных праваабарончых фільмаў “Адзін свет” (One World ), які праходзіць з 14 па 23 траўня ў Бруселі. Арганізатары прывозяць у сталіцу Еўрасаюза фільмы, адабраныя з тых, што паказвалі падчас фестываля ў Празе. Прагляды адбываюцца ў будынку Еўрапарламента, дзе пасля праходзяць і дыскусіі з удзелам гледачоў, еўрадэпутатаў і грамадзянскіх актывістаў, запрошаных на фестываль у якасці гасцей.  

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international