Мінскі гарадскі суд стаў на бок Белтэлерадыёкампаніі

2012 2012-05-15T11:25:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bt.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі гарадскі суд 14 мая разгледзеў скаргу жыхара Гомеля, актывіста Руху «За свабоду!» Аляксандра Працко, і адмовіўся яе задавальняць. У гарадскім судзе актывіст спрабаваў абскардзіць рашэнне суда Першамайскага раёна сталіцы. Гамяльчук праз суд дабіваўся кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай яго дачцэ, пра якую Белтэлерадыёкампанія паказала па тэлеканале «Першы нацыянальны» абразлівы сюжэт. Дадзеную перадачу «Зона Х» Аляксандр Працко знайшоў, скапіяваў на дыск і падаў хадайніцтва, каб суд разгледзеў дадзеныя відэаматэрыялы як доказ абразы дачкі. Але суддзя Таццяна Высоцкая адмовілася гэта рабіць і пакінула ў сіле рашэнне Першамайскага суду Мінску.

У лютым 2012 года суд Першамайскага раёну, разглядаючы дадзеную справу, таксама стаў на бок дзяржаўнага тэлеканалу. Дачка актывіста, Галіна Працко, была затрымана міліцыяй ў жніўні 2010 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па артыкулу Крымінальнага кодэксу – гандаль людзьмі. Хоць на той час жанчына не мела статуса абвінавачанай і нават падазраванай па крымінальнай справе, яе паказалі па тэлебачанні ў перадачы «Зона X», сцвярджаючы, што гамяльчанка займалася крымінальным бізнесам. Такім чынам, наўпрост была парушана прэзумпцыя невінаватасці і правы Галіны Працко – яна была абражана, пацярпела яе асабістая годнасць. Варта заўважыць, што першапачатковы артыкул, па якім абвінавацілі маладую жанчыну - «гандаль людзьмі», не знайшоў пацверджання ў судзе.

Цікава, што, выступаючы ў судзе, прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі сцвярджаў, што гэтыя здымкі рабілі не супрацоўнікі тэлебачання. Такім чынам, Белтэлерадыёкампанія не нясе адказнасці за сюжэт. Аляксандр Працко ў судзе прадэманстраваў доказы паклёпу на дачку, а менавіта -- запіс на дыску дадзенага відэасюжэту. Тым не менш, суддзя прыйшла да высновы, што нічога абразлівага ў сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні не было, і адхіліла скаргу.

Аляксандр Працко быў не згодны з дадзеным рашэннем і падаў скаргу ў Мінскі гарадскі суд.

У лістападзе 2011 года гомельскі суд не задаволіў іск зняволенай Галіны Працко, якая патрабавала спагнаць кампенсацыю за маральную і фізічную шкоду з гомельскага следчага ізалятара (СІЗА-3). У заяве ў суд яна сцвярджала, што падчас зняволення набыла некалькі хвароб, у прыватнасці, захворванне нервовай сістэмы, хваробу Рэйно, захворванні ўнутраных органаў, скуры, педыкулёз. Зняволеная даводзіла, што медычная дапамога ёй не аказвалася, і таму яна набыла столькі захворванняў.

27-гадовая жанчына больш за год знаходзілася у гомельскім СІЗА, бо столькі цягнулася следства па абвінавачванні яе ў здзяйсненні крымінальнага злачынства - гандлю людзьмі. Першапачаткова жанчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 7 гадоў. Але ў выніку шматлікіх скаргаў абласны суд перакваліфікаваў абвінавачванне і змякчыў прысуд на пяць гадоў. Прычым артыкул «гандаль людзьмі» быў наогул ануляваны ў абвінавачванні. У рэшце жанчына пакарана 2 гадамі калоніі за ўцягванне ў занятак прастытуцыяй. Але і дадзеныя факты – ануляванне артыкулу «гандаль людзьмі», не дапамаглі Аляксандру Працко спагнаць маральную шкоду з Белтэлерадыёкампаніі, у сюжэце якой наўпрост сцвярджалася, што Галіна Працко займалася дадзеным злачынным бізнесам.

На дадзены момант у Гомельскім абласным судзе слухаецца касацыйная скарга Галіны Працко на рашэнне раённага суда, які адмовіўся спагнаць з СІЗА кампенсацыю за атрыманую шкоду здароўю.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international