За падроблены пратакол быхаўскага міліцыянера не пакараюць

2012 2012-05-14T18:23:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У трэці раз жыхару вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандру Шачанку адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць участковага міліцыянера Віталя Вашчылы за службовы падлог.

Нагадаем, што падчас судовага пасяджэння ў судзе Быхаўскага раёна пры азнаямленні з матэрыяламі справы Аляксандр Шачанок заўважыў, што подпіс пад пратаколам і фраза “З маіх слоў запісана дакладна, прачытана ўслых” былі зроблены не ягонай рукой. Аб тым, што на яго заведзена адміністрацыйная справа, быхаўчанін даведаўся толькі тады, калі прыйшла позва ў суд. Яго абвінавачвалі ў збіцці суседкі. У судзе шытая белымі ніткамі справа развалілася, бо не было нават заявы пацярпелай.

Пракуратура Быхаўскага раёна пасля чарговай праверкі пацвердзіла, што подпіс пад пратаколам і фраза “З маіх слоў запісана дакладна прачытана ўслых” не належыць Аляксандру Шачанку, але ўстанавіць асобу, якая распісвалася і рабіла запіс не змагла. На падставе гэтага ва ўзбуджэнні крымінальнай справы -- адмоўлена.

Участковы міліцыянер, які складаў пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, стаіць на сваім і сцвярджае, што Аляксандр Шачанок падпісваў пратакол стоячы, таму ягоны подпіс і запіс аказаліся скажонымі. Экспертыза почырка, зробленая быхаўчанінам, пацвярджае – подпіс і запіс зроблены не ягонай рукой.

Дагэтуль заявы з просьбай узбудзіць крымінальную справу на міліцыянера Вашчылу за падробку дакументаў накіроўваліся ў пракуратуру Быхаўскага раёна, Следчы камітэт Быхаўскага раёна і ў пракуратуру Магілёўскай вобласці, якая зноўку пераслала заяву ў ніжэйстаячую пракуратуру.

За неправамероцнае складанне адміністрацыйнага пратакола ўчастковы быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці і атрымаў вусную вымову, якая прадугледжвае дэпрэміраванне і затрымку на месяц у атрыманні чарговага міліцэйскага звання.

Праваабаронца Барыс Бухель гаворыць, што міліцыянер не мог не ведаць тую асобу, якая падпісвала пратакол.

“Усё гэта нагадвае дзіцячую гульню. Верагодна, міліцыянеры, пракуратура і Следчы камітэт хочуць прыкрыць свайго супрацоўніка і робяць дзеля гэтага ўсё магчымае. Тры экспертызы почырка ўстанавілі, што почырк на пратаколе не належыць Шачанку, пратакол цалкам сфальсіфікаваны, вядомы міліцыянер, з ведама і ў прысутнасці якога гэта рабілася, аднак пакараць яго за ягоныя прадзелкі ніхто не хоча. Гэта ўдар па іміджу быхаўскай міліцыі – такіх участковых трэба гнаць са службы, а не пакрываць іх. Разам з Аляксандрам Шачанком будзем скардзіцца далей і дамагацца прыцягнення да адказнасці недобрасумленнага міліцыянера”, - гаворыць Барыс Бухель.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international