Прамова Прэзідэнта FIDH на парыжскім мітынгу ў падтрымку Алеся Бяляцкага

2012 2012-05-14T20:21:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bielhasen-paryzh-1105.12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Выступление Президента FIDH Суэр Белхассен

Выступление Президента FIDH Суэр Белхассен

Прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Суэр Белхасэн у сваім выступе на ўрачыстым мітынгу 11 траўня ў Парыжы падкрэсліла, што сёння лёс віцэ-прэзідэнта FIDH і кіраўніка ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага шмат у чым залежыць ад міжнароднай грамадскасці, падтрымка якой павінна быць «безумоўнай, моцнай і, галоўнае, яднанай».

 

 

 

 

 

Прамова Суэр Белхасэн
 Прэзідэнта FIDH

 

Дарагія сябры,

Вось ужо 9 месяцаў, як Алесь Бяляцкі, Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы Чалавека (FIDH), знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі. Асуджаны па сфабрыкаванай справе і прысуджаны да 4,5 гадоў папраўчай калоніі строгага рэжыму, ён плаціць сваёй свабодай за нястомную барацьбу ў абарону чалавечай годнасці, правоў чалавека і фундаментальных свабодаў. Алесь, наш сябар і калега, - таксама старшыня беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна" і вядомы праваабаронца, паважаны ўсёй міжнароднай грамадскасцю.

З пачатку 1980-х Алесь Бяляцкі, малады беларускі пісьменнік, уступае ў шэрагі дэмакратычнага руху. У той час, калі Еўропу яшчэ падзяляе жалезная заслона, ён удзельнічае ў арганізацыі першых дэманстрацый супраць таталітарызму. Гэтыя дзеянні прыводзяць да яго арышту ў 1988 годзе - першаму ў чарадзе шматлікіх арыштаў і пераследаў.

У 1996 годзе, у адказ на ўзмацненне рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, Алесь стварае Праваабарончы цэнтр "Вясна", арганізацыю дапамогі ахвярам палітычнага тэрору, якая інфармуе сусветную грамадскасць пра рэпрэсіі ў Беларусі. У 2003 годзе "Вясна", як і сотні іншых асацыяцый, была ліквідаваная пастановай падкантрольнага ўладам суду і была вымушана выжываць ва ўмовах нелегальнасці.

Дзейнасць Алеся, якая вельмі хутка атрымала міжнароднае прызнанне, тым не менш не спынілася і была ўдастоена шэрагу прэстыжных узнагародаў.

Беларусь застаецца сёння апошняй дыктатурай Еўропы. Насельніцтва краіны пастаянна падвяргаецца палітычным рэпрэсіям і грубым парушэнням правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі.

У 2007 годзе, усяго праз тры гады пасля ўступлення "Вясны" ў Міжнародную Федэрацыю за правы чалавека (FIDH), Алесь Бяляцкі быў абраны яе віцэ-прэзідэнтам. Ён стаў першым прадстаўніком краін былога савецкага блока на гэтай пасадзе.

З тых часоў ён здзейсніў мноства даследчых місій у Расіі, Казахстане, Украіне, Кыргызстане, Грузіі і Арменіі. Ён вёў назіранне за палітычна матываванымі судовымі працэсамі, падтрымліваў сем'і зняволеных, расследаваў масавыя злачынствы.

Алесь вёў і актыўную працу на міжнародным узроўні і ўдзельнічаў у розных акцыях салідарнасці. Ён дзяліўся досведам з праваабаронцамі Егіпта, Туніса, Кубы ... Ён пабываў ва ўсіх гэтых краінах, у тым ліку ў Тунісе пасля рэвалюцыі, дзе ён удзельнічаў у экстранай нарадзе з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Алесь Бяляцкі заўсёды быў перакананы ў выключнай важнасці супрацоўніцтва праваабаронцаў з іх калегамі на рэгіянальным і міжнародным узроўні і міжнароднай салідарнасці як такой. Ён нястомна працаваў над развіццём узаемадапамогі і салідарнасці з праваабаронцамі і ахвярамі рэпрэсій.
Алесь і сам наведваў у месцах зняволення пазбаўленых свабоды праваабаронцаў. З гэтага часу ён падзяляе іх лёс.

З моманту арышту Алеся наша мабілізацыя ні на хвіліну не слабела, і мы вельмі рады безумоўнай падтрымцы Мэрыі Парыжа. Сёння гэтая падтрымка выявілася ў партрэце Алеся, вывешаным ў мэрыі XI-й акругі, у якой размяшчаецца офіс міжнароднага сакратарыята FIDH.

Мы хочам выказаць сваю падзяку сп. Патрыку Блошу, мэру XI-й акругі і сп. П'еру Шапіра, намесніку мэра па міжнародных адносінах, за іх падтрымку. Мы таксама дзякуем сп. Зімерэ, Паслу па правах чалавека пры МЗС Францыі, і паслам па правах чалавека Фінляндыі, Аўстрыі, Венгрыі і Нідэрландаў за іх прысутнасць.
Мы будзем змагацца за Алеся Бяляцкага да самага яго вызвалення. Мы спадзяемся, што і іншыя гарады свету зробяць па прыкладу жэсту салідарнасці Мэрыі Парыжа.

За тры дні да смерці Вацлаў Гавел адправіў Алесю ліст у турму. Ён пажадаў яму мужнасці і прывёў прыклад гісторыі сваёй краіны як крыніцу для надзеі. Гэты ліст - перадача эстафеты Алесю, каб ён працягваў барацьбу Гавела за чалавечую годнасць, а таксама зварот да Еўропы і да міжнароднай грамадскасці, каб іх падтрымка грамадзянскіх актывістаў была безумоўнай, моцнай і, галоўнае, яднанай. Менавіта ад гэтага залежыць сёння лёс Алеся Бяляцкага і, у выніку, лёс усёй Еўропы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international