viasna on patreon

У Бялыніцкім раёне будуць эканоміць на сіротах

2012 2012-05-14T16:25:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім раёне 11 траўня ў мясцовым РАНА адбылася нарада супрацоўнікаў аддзела адукацыі з прыёмнымі бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей у прыёмных і апякунскіх сем’ях. Падчас нарады супрацоўнікі аддзела адукацыі заявілі аб тым, што зараз разглядаецца пытанне аб пераразмеркаванні дзяцей паміж прыёмнымі сем’ямі, бо гэта дазволіць сэканоміць бюджэтныя грошы ў памеры сто мільёнаў рублёў. Пра інтарэсы дзяцей і іх прыёмных бацькоў чыноўнікі ад адукацыі не ўзгадвалі.

“Пасля гэтай нарады я знаходжусь проста ў шокавым стане, - распавядае адна з удзельніц сустрэчы, прыёмная маці з Бялыніцкага раёна. – Там выступіла супрацоўніца Бялыніцкага РАНА, якая адказвае за ахову дзяцей, і заявіла, што дзеці-сіроты ў Бялыніцкім раёне могуць быць перазмеркаваны паміж прыёмнымі сем’ямі. Падставай для гэтага з’яўляецца той факт, што пракурорская праверка выявіла перарасход грашовых сродкаў на ўтрыманне дзяцей-сірот у нашым раёне. Зараз у раёне 30 прыёмных сем’яў, у пятнаццаці з іх засталося па аднаму дзіцяці, пераразмеркаванне дзяцей дазволіць сэканоміць 100 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай. Гэта проста нейкае дзікунства: пра дзяцей, якія пражылі ў прыёмных сем’ях па 5-10 гадоў, хто-небудзь падумаў? Гэта ж людзі, а не нейкія рэчы. Амаль усе прыёмныя бацькі выказалі сваё абурэнне, тым больш, што раней ва ўсіх прыёмных сем’ях выхоўвалася па некалькі дзяцей, пасля яны павырасталі і выправіліся ў дарослае жыццё. Так, у маёй сям’і раней было трое выхаванцаў, зараз засталася адна дзяўчынка. Хлопцы выраслі, але прыязджаюць да мяне пастаянна. Новых дзяцей я ўзяць на выхаванне не магу па стане здароўя і ўзросту. І ў іншых прыёмных сем’ях падобная сітуацыя. Пасля выказвання нашага абурэння чыноўнікі сказалі, што пытанне яшчэ будзе разглядацца на пасяджэнні Бялыніцкага райвыканкама”.

Прыёмная маці распавяла таксама, што чыноўнікі ад адукацыі папярэдзілі прыёмных бацькоў пра тое, што зараз кампенсацыя за невыкарыстаныя дні адпачынку ім больш выплочвацца не будзе. Падстава тая ж – не хапае бюджэтных грошай. Прагучала таксама настойлівая парада прыёмным бацькам, каб яны выпраўлялі дзяцей для далейшага навучання ў прафесійна-тэхнічныя і сярэдне-спецыяльныя навуковыя ўстановы ўжо пасля дзесятага класа.

“Мяне вельмі абурылі ўсе гэтыя навацыі чыноўнікаў Бялыніцкага РАНА, на пятнацці дзецях-сіротах яны захацелі сэканоміць грошы, - кажа жанчына. – Пра дзяцей яны не думаюць, думаюць толькі пра тое, каб выканаць распараджэнні вышэйстаячага кіраўніцтва і захаваць свае пасады”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства