viasna on patreon

Камітэт ААН па правах чалавека стаў на бок віцебскага актывіста

2012 2012-05-11T14:02:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/beliazeka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Белязека

Сяргей Белязека

Больш як чатыры гады спатрэбілася віцебскаму актывісту Сяргею Белязеку на тое, каб дамагчыся абароны сваіх правоў. Менавіта столькі часу разглядаў ягоную скаргу на дзеянні міліцыянтаў і пастанову суду Камітэт ААН па правах чалавека.

Вынік разгляду: прызнана, што дзяржава парушыла правы актывіста на мірныя сходы і публічнае выказванне думак. Згодна з прынятым рашэннем, беларускія ўлады абавязаныя забяспечыць спадара Белязеку эфэктыўнымі сродкамі прававой абароны і кампенсаваць панесеную ім шкоду. Цягам 180 дзён улады павінны інфармаваць Камітэт пра зробленыя імі захады, датычныя да гэтай справы.

Сяргей Белязека звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека пасля таго, як вычарпаў усе сродкі судовай абароны ўнутры краіны. Падзеі, што спрычынілся да звароту ў камітэт, адбыліся ў кастрычніку 2007 году. У той год на восеньскія Дзяды каля 30-ці жыхароў Віцебску вырашылі зладзіць грамадзянскую паніхіду ля вёскі Паляі - на месцы, дзе ў 1930-40-х гадах органы НКУС здзяйснялі масавыя расстрэлы невінаватых людзей. Таксама меркавалася наведаць могілкі, дзе былі пахаваныя ахвяры сталінізму.

Удзельнікі грамадзянскай паніхіды меркавалі ўшанаваць памяць загінулых падчас сталінскіх рэпрэсіяў і ўсталяваць на месцы расстрэлаў крыж. Аднак калі яны прыбылі ў раён Паляёў і пачалі выгружаць з аўтобусу складаныя часткі крыжа, якія неабходна было змацаваць, вянкі, кветкі, да іх раптам пад’ехалі супрацоўнікі праваахоўных ворганаў. Старэйшы міліцэйскай групы - намеснік начальніка Віцебскага раённага аддзелу ўнутраных спраў маёр Ліленка кваліфікаваў працэс падрыхтоўкі да грамадзянскай паніхіды як недазволенае масавае мерапрыемства - пікетаванне. Усім прысутным ён прапанаваў разысціся.

Акцыю ў памяць расстраляных камуністамі ўсё ж удалося пачаць. Па завяршэнні першай часткі паніхіды - у лесе ля Паляёў - яе ўдзельнікі вярнуліся да аўтобусу, на якім прыехалі, каб адправіцца ў іншыя месцы, дзе меркавалася працягнуць мерапрыемства. Аднак патрапіць на могілкі ў ваколіцах вёсак Вароны і Копці ім у той дзень не далі.

Маёр Ліленка абвясьціў, што ён перапыняе паніхіду, і што ўсе прысутныя затрымліваюцца як удзельнікі несанкцыянаванага пікету. На аўтобусе, нанятым арганізатарамі акцыі, людзей даставілі ў аддзел унутраных спраў Віцебскага раёну. Былі складзеныя пратаколы аб удзеле ў недазволеным пікетаванні.

На наступны дзень ў судзе Віцебскага раёну адбыліся адміністрацыйныя працэсы. Пяцёра ўдзельнікаў жалобнай акцыі, у тым ліку і Сяргей Белязека, былі прызнаныя парушальнікамі артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства). Штраф, прызначаны Сяргею Белязеку, склаў 20 базавых велічынь (на той час гэта было роўна 620 тысячам рублёў).

Актывіст спрабаваў абскардзіць рашэнне райсуду ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах. Але ўсе яго довады - што грамадзянская паніхіда гэта не пікет, а хрысціянскі рытуал; што ўдзельнікі жалобнай акцыі ня мелі на мэце ладзіць палітычнае, сацыяльнае або эканамічнае мерапрыемства, таму ім ня трэба было звяртацца па адпаведны дазвол у органы ўлады; што паніхіда ня несла пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму ладу, маралі і здароўю насельніцтва, не абмяжоўвала правы і свабоды іншых грамадзян - усё гэта не было ўзята судамі пад увагу. Беларуская Фэміда вырашыла, што правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы, парушаныя не былі.

І вось, праз чатыры з лішкам гады пасля апісаных падзеяў, Камітэт па правах чалавека ААН выказаў думку, супрацьлеглую думцы беларускіх судоў: сваім умяшаннем у мірны сход прадстаўнікі ўлады незаконна пазбавілі грамадзян правоў як на самі мірныя сходы, гэтак і на публічнае выказванне сваіх меркаванняў. Як краіна - удзельнік міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь цяпер абавязаная аднавіць парушаныя правы і зрабіць адпаведныя захады, каб пазбегнуць аналагічныя парушэнні правоў грамадзян у будучыні.

Віцебская вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства