viasna on patreon

Чаму целы расстраляных не выдаюцца і месца пахавання не паведамляецца?

2012 2012-05-08T09:47:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pistalet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адказаў на гэтыя пытанні запатрабавалі маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў  датычнасці да тэракту ў мінскім метро і расстралянага паводле прысуду Вярхоўнага суду. Любоў і Тацяна Кавалёвы звярнуліся па тлумачэнні да Аляксандра Лукашэнкі, начальніка Дэпартамента па выкананні пакаранняў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і чальцоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу.

У заяве, накіраванай у названыя вышэй інстанцыі,  родныя расстралянага Уладзіслава Кавалёва пішуць, што яны звярталіся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аддаць цела сына і брата, каб пахаваць яго паводле праваслаўнай традыцыі. Аднак у адказ атрымалі лісты з Дэпартаменту выканання пакаранняў і з прэзідэнцкай адміністрацыі, што ў адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, целы пасля смяротнага пакарання сваякам не выдаюцца, і месца пахавання не паведамляецца.

Чаму так? Пра гэта і пытаюцца Любоў і Тацяна Кавалёвы. На падставе артыкула 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і пункта 2 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах яны просяць выкласці,  "паводле якой прычыны і навошта ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь неабходная гэткая норма", "чаму пасля расстрэлу паводле судовага выраку адбываюцца здзекі над сваякамі пакаранага", якім не выдаюць цела расстралянага, не называючы месца пахавання. Кавалёвы хочуць ведаць адказ, чым выклікана такая неабходнасць, і чаму "сваякі не могуць забраць цела пакаранага і пахаваць у адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі поглядамі".

У заяве родныя Уладзіслава Кавалёва падкрэсліваюць, што хацелі б атрымаць не фармальны адказ са спасылкай на Крымінальна-выканаўчы кодэкс, а змястоўнае абгрунтаванне дадзенай заканадаўчай нормы.

Апрача гэтай заявы, Любоў і Тацяна Кавалёвы звярнуліся і асобным лістом да Аляксандра Лукашэнкі: яны прапануюць яму выдаць адмысловы  прэзідэнцкі ўказ, каб ліквідаваць норму заканадаўства, якая забараняе выдаваць целы пасля выканання смяротнага прысуду і паведамляць сваякам месца пахавання.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства