На сустрэчы з Мядзведзевым гаварылі пра Бяляцкага

2012 2012-04-29T12:50:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прэзідэнт Расіі заявіў аб непрымальнасці пераследу палітычных апанентаў.

Беларуская праблематыка закраналася на пасяджэнні Савета па правах чалавека пры прэзідэнце РФ 28 красавіка.

Як вынікае са стэнаграмы пасяджэння, размешчанай на сайце Крамля, кіраўнік Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ заявіў, што Расія павінна рэагаваць на факты парушэння правоў чалавека ў краінах-партнёрах. Паводле яго слоў, расійскія дыпламаты часам робяць заявы аб сітуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах зыходзячы з прынцыпу "вока за вока, зуб за зуб" — звяртаюць увагу на парушэнні толькі ў тых краінах, якія крытыкуюць Расію, у той час як парушэнні ў краінах-партнёрах застаюцца незаўважанымі, а крытыка ў іх адрас з боку міжнародных арганізацый расійскімі дыпламатамі блакіруецца.

У якасці прыкладу Джыбладзэ назваў Туркменістан і Беларусь.

Ён, у прыватнасці, указаў на сітуацыю з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, які асуджаны на чатыры з паловай гады "за нібыта ўхіленне ад падаткаў, а на самой справе — за шматгадовую прынцыповую пазіцыю і працу ў галіне правоў чалавека". Для вырашэння гэтага пытання Расія амаль нічога не робіць, падкрэсліў Джыбладзэ і перадаў Дзмітрыю Мядзведзеву зварот членаў Савета па правах чалавека ў абарону Бяляцкага.

"Наша краіна, якая імкнецца мець вядучае становішча ў свеце, не можа і не павінна ігнараваць праблему правоў чалавека не толькі ў сябе дома, але і ў суседніх краінах. З таго, каму шмат дадзена і хто прэтэндуе на многае, і попыт большы, і адказнасць павінна быць больш сур'ёзнай", — перакананы праваабаронца.

У адказ на гэта Мядзведзеў заявіў, што не ідэалізуе працу Міністэрства замежных спраў. "МЗС у нас такое, якое ёсць. У яго ёсць і моцныя бакі чычэрынска-молатаўскай школы, і не вельмі моцныя. І я сам, як кіраўнік дзяржавы, неаднаразова да гэтай тэмы звяртаўся, але я ўсё-такі не магу згадзіцца вось з чым. Канешне, МЗС павінна займаць адэкватную пазіцыю, але лічыць, то МЗС кусае толькі тых, хто кусае нас, гэта не зусім справядліва", — лічыць прэзідэнт РФ.

Мядзведзеў нагадаў, што і яму асабіста, і МЗС даводзілася рабіць даволі жорсткія заявы, якія тычацца сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Прэзідэнт РФ, у прыватнасці, заявіў аб непрымальнасці пераследу палітычных праціўнікаў.

Трэба адзначыць, што Юрый Джыбладзэ з'яўляецца ў Беларусі персонай нон грата. 27 жніўня 2011 года, калі праваабаронца ехаў на цягніку ў Вільнюс, на мяжы з Літвой беларускія памежнікі паведамілі Джыбладзэ, што яму "забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь". "Для мяне відавочна, што забарона ўезду наўпрост звязана з маёй законнай прафесійнай праваабарончай дзейнасцю. Я разумею, што дзяржавы пакідаюць за сабой права не пускаць людзей на сваю тэрыторыю па меркаваннях бяспекі. Але ў Беларусі гэты механізм абсалютна непразрысты — незразумела, хто прымае рашэнне і як яго аспрэчваць, што супярэчыць нормам міжнароднага права" — так пракаментаваў тады сітуацыю расійскі праваабаронца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international