Больш за 72% салігорцаў не вераць, што свае правы магчыма абараніць у нашай дзяржаве

2012 2012-04-30T09:26:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravy-chalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чаму салігорцы не бароняць свае правы? Такім пытаннем задаліся мясцовыя праваабаронцы ды вырашылі пашукаць адказ у сацяльных сетках.

- Мы звярнуліся да салігорскіх карыстальнікаў папулярнай сацыяльнай сеткі УКантакце з некалькімі злабадзённымі для праваабаронцаў пытаннямі, - кажа сябра мясцовага прадстаўніцтва Беларускага Хельсінскага Камітэту Аляксей Валабуеў. - Можа гэта і не зусім рэпрэзантатыўнае апытанне, але вынікі апынуліся даволі паказальнымі і карыснымі для нашай далейшай працы ў рэгіёне.

Найперш праваабаронцы пацікавіліся ў інтэрнэт-юзэраў ці, на іх думку, усё добра з правамі чалавека ў горадзе ў прынцыпе. Больш за 63% карыстальнікаў палічылі, што сытуацыя проста жахлівая. 23% не змаглі даць адназначнага адаказу на гэта пытанне і толькі 13% з іх лічаць, што ў Салігорску з правамі чалавека ўсё добра.

Улічваючы, што большасць удзельнікаў апытання назвалі сітуацыю вельмі кепскай, праваабаронцы задаліся пытаннем, ці спрабавалі салігорцы аднавіць свае правы і куды з гэтай нагоды яны звярталіся найперш. Выявілася, што больш за палову апытаных (каля 53%) наагул нікуды не звярталіся з нагоды парушэння іх правоў. Пятая частка апытаных звярталіся з гэтай прычыны ў суды ды іншыя наглядныя інстанцыі, каля 8% - звярталіся да праваабаронцаў. Зрэшты, 19% апытаных лічыць, што іх правы ўвогуле ніхто і ніколі не парушаў.

Абапіраючыся на вынікі папярэдніх двух апытанак, праваабаронцы прыйшлі да высновы, што салігорцы перакананыя ў парушэнні іх правоў, але не спрабуюць іх абараніць ды аднавіць. Чаму так адбываецца, мусіла даць адказ апошняе, трэцяе, апытанне. Як высветлілася, абсалютная большасць, а гэта больш за 72% апытаных, проста не верыць, што свае правы магчыма абараніць у нашай дзяржаве. Каля 17% удзельнікаў апытання не бароняць парушаныя правы, бо не ведаюць як гэта правільна робіцца. Яшчэ 11% апытаных баіцца, што актыўная абарона сваіх правоў у беларускіх умовах можа ім толькі нашкодзіць.

Салігорскія праваабаронцы называюць вынікі апытанняў заканамернымі:

- Калі ўлады не абіраюцца альбо абіраюцца праз фальсіфікацыі, калі суддзі кантралююцца выканаўчымі органамі і ўвогуле сістэма падзелу ўлады ў краіне не прапанцыйная, гэта наўпрост адбіваецца на стаўленне дзяржавы да людзей і, адпаведна, людзей да дзяржавы, - кажа Аляксей Валабуеў. - Дастакова перыядычна праглядаць незалежныя інфармацыйныя рэсурсы ў Інтэрнэце, каб разумець, што сумневы салігорцаў у магчымасці абараніць свае правы ў беларускай дзяржаве зусім не беспадстаўныя.

Тым не менш абаронцы правоў чалавека лічаць, што сэнс у спробах абараніць свае правы ёсць. Бо ўся гісторыя з’яўлення і распўсюду ідэалогіі правоў чалавека -- гэта вельмі паспяховая гісторыя. Тое, што яшчэ ўчора нават у цывілізаваных краінах здавалася недасягальным, сёння з’яўляецца стандартам. Улічваючы вынікі апытання, салігорскія праваабаронцы збіраюцца правесці інфармацыйную кампанію, у якой будуць на канкрэтных паспяховых прыкладах даводзіць, што абараніць свае правы можна і варта нават у беларускіх палітычных умовах.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international