viasna on patreon

Чарнобыльскі Шлях-2012 (+відэа)

2012 2012-04-26T18:27:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/charnobylski_shliah.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка ў Менску прайшло штогадовае шэсце і мітынг, прымеркаваныя да 26-ай гадавіны аварыі на ЧАЭС. Паводле ранейшых заяваў арганізатараў, асноўныя патрабаванні мітынгоўцаў будуць датычыць адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС і вызвалення палітвязняў.

Як ужо паведамлялася, сёлета гарадскія ўлады дазволілі правядзенне мерапрыемства ў поўным аб’ёме: шэсце з 18.30 да 19.30 ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе запланаваны гадзінны жалобны мітынг, а пасля - ускладанне кветак да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых», размешчанай побач з паркам.

Хроніка мерапрыемства:

20:49

Дзяніс Садоўскі сказаў, што мітынг скончаны. Прапанаваў людзям ці разыходзіцца, ці разам з палітыкамі ісці да Чарнобыльскай капліцы, каб запаліць знічы і ўскласці кветкі. Частка разыходзіцца, частка ідзе да капліцы. (Наша Ніва)

- - -

На мітынгу выступілі Таццяна Новікава (“Экадом”), Аляксей Янукевіч (ПБНФ), Мікола Дземідзенка (Малады Фронт), Юры Хадыка (сустаршыня аргкаміітэта ЧШ), Мікалай Уласевіч (інцыятыва «Астравецкая — гэта злачынства») і інш.

20:20

На пачатку мітынгу Юры Хадыка тлумачыць, што арганізатарам забаранілі гукаўзмацняльную апаратуру. Удзельнікам мітынгу раздаюць праект рэзалюцыі пад назовам «Спынім ядзерны генацыд беларускаага народу». Маладафронтаўцы рыхтуюцца запусьціць ліхтарыкі. Юры Хадыка ўзгадвае людзей, якія актыўна ўдзельнічалі ў Чарнобыльскім руху — прафэсара Васіля Несьцярэнку, Івана Нікітчанку ды многіх іншых. Іх памяць ушаноўваюць хвілінай маўчаньня. (Радыё Свабода)

19:53

Галава калоны дайшла па парка Дружбы народаў, які ачэплены металічнымі турнікетамі. Праз іх будуць прапускаць людзей.

Зміцер Каспяровіч спрабаваў пранесці расцяжку «Не — АЭС», яе адабралі і выкінулі ў сметніцу. (Наша Ніва)

19:30 

Да плочы Бангалор па вуліцы Багдановіча падцягваюцца аўтазакі спэцназу міліцыі. Таксама сюды перабазаваліся зь дзясятак мікрааўтобусаў з танаванымі шыбамі і без нумарных знакаў. 

Бліжэй да плошчы Бангалор людзей у калоне істотна паменела. (Радыё Свабода)

19:00

У калоне — расцяжка «Свабоду Бяляцкаму». (Радыё Свабода)

18:51

Пастаянна ўздоўж шэсця спыняюцца машыны без нумароў, адкуль выходзяць асобы ў цывільным.

З'явіліся прадстаўнікі руху сэкс-мяншыняў. (Наша Ніва)

18:50

У калоне — інваліды ў вазках, жанчыны з дзецьмі з плакатамі «Аднаго Чарнобыля хопіць». Распаўсюджваецца інфармацыя пра будаўніцтва Астравецкай АЭС, пра байкот парламенцкіх выбараў. (Радыё Свабода)

18:42

ДАІшнікі перакрылі рух на праспекце, даюць прайсці калоне на вуліцу Сурганава.

Зараз калона моцна расцягнулася, у шэсці ўдзельнічае каля 1,5-2 тыс. чалавек.

Удзельнікі шэсця па чарзе крычаць "Свабоду Каваленку", "Свабоду Бяляцкаму", "Свабоду Статкевічу", "Жыве Беларусь".

З'явілася групка людзей у чырвона-жоўтых масках.

На Сурганава заўважаныя тры мікрааўтобусы без нумарных знакаў з уключанай аварыйнай сігналізацыяй. (Наша Ніва)

18:28

Пачалося шэсце, якое ўзначальваюць Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў, яны нясуць абраз «Маці Божай Чарнобыльскай». Удзельнікі (500–800 чалавек) рушылі ад Акадэміі навук у парк Дружбы народаў. «Еўрапейская Беларусь» гукала «Жыве Беларусь», «Маладая Беларусь» скандуе «Не — АЭС у Беларусі». (Наша Ніва)

- - -
Вельмі стракатая публіка сабралася, калі меркаваць па сцягах грамадскіх арганізацый: сцягі «Гавары праўду», «Еўрапейскай Беларусі», БХД, «Маладой Беларусі», нацыянальныя сцягі ды інш.

Расійскі «Яблык» узняў расцяжку «Нет — АЭС», «Маладая Беларусь» узняла расцяжку «Чарнобыль — наш боль», маладафронтаўцы стаяць у рэспіратарах, трымаюць расцяжку сваёй арганізацыі. Ідзе запіс у кампанію байкоту парламенцкіх выбараў.

Прынеслі чарнобыльскі звон, перыядычна б’юць у яго. Людзі чакаюць пачатку шэсця. (Наша Ніва)

- - -
Ля месца збору, на вуліцы Акадэмічнай, прыпаркавана пяць мікрааўтобусаў без нумароў, міліцэйская машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, машыны хуткай дапамогі і ДАІ. Цягнікі на станцыі мэтро «Акадэмія навук» не спыняюцца. (Радыё Свабода)

Чарнобыльскі Шлях-2012 (+відэа)
Расцяжка «Свабоду Бяляцкаму» падчас "Чарнобыльскага Шляху", 26.04.12

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства