Швецкія праваабаронцы супраць правядзення ў Беларусі чемпіянату свету па хакеі

2012 2012-04-25T00:00:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paulina-jana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Швецкая арганізацыя Ostgruppen з часу свайго заснавання ў 2005 годзе актыўна супрацоўнічае з беларускімі праваабаронцамі. Пра бачанне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і працу швецкіх праваабаронцаў у “беларускім накірунку” – размова з прадстаўнікамі Ostgruppen Паулінай Клюге і Янай Фраловай.

-- Як вам бачыцца сітуацыя ў Беларусі і чаму вам цікава займацца беларускімі пытаннямі?

Пауліна Клюге: Я лічу, што вельмі важна, каб у кожнай краіне людзі маглі выказаць свае меркаванні, выходзіць на дэманстрацыі, сустракацца дзе заўгодна і з кім заўгодна, але я ведаю, што ў Беларусі так не адбываецца. І таму нам вельмі хочацца дапамагчы. І, канешне, нас непакоіць сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі. Мы ўжо некалькі разоў праводзілі акцыі пратэсту ля беларускай амбасады ў Стакгольме ў аброну Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў і збіраемся іх працягваць.

Яна Фралова: У маім выпадку ўсё значна прасцей, бо я сама нарадзілася ў Беларусі і пражыла там 20 гадоў. Таму я дакладна ведаю, што значыць жыць у краіне, дзе парушаюцца правы чалавека: калі ты не можаш чытаць тую інфармацыю, якая цябе цікавіць, не можаш выходзіць на вуліцу і праводзіць маніфестацыі і г.д. Калі я пераехала 5 гадоў таму ў Швецыю, то з задавальненнем пайшла працаваць у Ostgruppen валанцёрам. Зараз наша арганізацыя пачала выдаваць онлайн-газету, дзе мы перакладаем навіны на швецкую мову, і яны становяцца даступнымі для нашых сродкаў масавай інфармацыі.

- Якія складанасці здараюцца падчас працы з беларускімі калегамі?

Паўліна Клюге: Напрыклад, гэта спісы невыяздных, якія з’явіліся не так даўно. Людзі, з якімі мы супрацоўнічаем, не могуць прыехаць у Швецыю на канферэнцыю, калі мы іх запрашаем. Гэта вялікая праблема.

Яна Фралова: Кіраўніка Ostgruppen Марціна Углу не пускаюць ужо некалькі гадоў у Беларусь. Нядаўна ён рабіў чарговую спробу атрымаць беларускую візу, але зноў атрымаў адмову. Гэта перашкода ў нашай працы. Каб працаваць паспяхова і эфектыўна, то трэба сустракацца з людзьмі. Але паколькі гэта немагчыма, прыходзіцца выкарыстоўваць іншыя сродкі камунікацыі. Хаця, канешне, гэта не спыніць нашу сумесную працу з беларускімі калегамі.

- У Швецыі дыскутуецца пытанне пра правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года?

Яна Фралова: Так, у Швецыі гэтае пытанне даволі вядомае, і шмат хто супраць яго правядзення ў Беларусі. Разам з тым, швецкая федэрацыя хакею не супраць правядзення чэмпіянату ў Беларусі, таму што там лічаць, што спорт трэба аддзяляць ад палітыкі. Яны не разумеюць, што гэтыя два паняцці ў Беларусі вельмі звязаныя. Мы з імі не вялі дыялог, але выказвалі сваё меркаванне ў сродках масавай інфармацыі. У Швецыі склалася вялікае лобі вакол гэтай праблемы. І, можа быць, чэмпіянат будзе скасаваны ў Беларусі. І калі гэта адбудзецца, то гэта вынік і нашых намаганняў таксама.

 

На фота: Яна Фралова (злева) і Пауліна Клюге (справа)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international