viasna on patreon

З Бяляцкага дзяруць тры скуры, пазбаўляючы магчымасці вызвалення

2012 2012-04-19T13:28:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

Суд Першамайскага раёна Менска па грамадзянскім іску падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна спаганяе з Алеся Бяляцкага больш за 140 мільёнаў пені – за несвоечасовую ўплату сумы запазычанасці. Пры тым, што сплочаная праваабаронцам у студзені сума паводле прысуду ўжо была праіндэксаваная з улікам інфляцыі, пасля чаго павялічылася больш як удвая.

Грамадзянскую справу 29 сакавіка разглядала суддзя Першамайскага суда Вольга Багам’я з удзелам прадстаўнікоў падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна Собалевай, Тодрык і Карташовай

Аднак, як адзначае намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, ні калегі Алеся Бяляцкага, ні яго сям’я пра гэты судовы працэс нічога не ведалі.

“Рашэнне суда Першамайскага раёна ад 29 сакавіка 2012 года было дасланае самім Бяляцкім жонцы Наталлі па пошце, - распавядае  Стэфановіч. – Суд адбываўся ў адсутнасць Бяляцкага, і ў судовым рашэнні ўказана: “адказчык у судовае паседжанне не з’явіўся, знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, пра дату і час разгляду справы апавешчаны належна. Ну, а як ён мог з’явіцца, калі знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі!”

Адвакат Алеся Бяляцкага падчас разгляду грамадзянскай справы ў судзе таксама не прысутнічаў.

“На падставе акта праверкі ад 15.08.2011 №249 Інспекцыяй 29.09.2011 вынесена рашэнне №516 пра спагнанне падаходнага падатку на суму 208 556 390 рублёў і пені па падаходным падатку на суму 120 615 000 рублёў.

Паколькі адказчыкам у добраахвотным парадку сума запазычаннасці не пагашана, прасілі спагнаць з Бяляцкага А.В. запазычаннасць у памеры 497 366 764 рублі, якая складаецца з падаходнага падатку ў суме 352 274 362 рублі, пені ў суме 145 092 402 рублі.

У судовым паседжанні прадстаўнікі істца іскавыя патрабаванні ўдакладнілі, прасілі спагнаць з Бяляцкага А.В. суму пені ў памеры 140 366 151 рубель за перыяд з 16 траўня 2008 года па 19 студзеня 2012 года”, - паведамляецца ў рашэнні суддзі Багам’і па выніках разгляду грамадзянскай справы.

У дадзенай сітуацыі паўстае пытанне: на якой падставе судом Першамайскага раёна Менска была праведзена індэксацыя сумы так званага ўрону, што адлюстравана ў прысудзе? З гэтым пытаннем паспрабавалі разабрацца юрысты ПЦ “Вясна”. Пасля атрымання судовага рашэння па грамадзянскай справе пра спагнанне пені Валянцін Стэфановіч з Наталляй Пінчук наведалі падаткавую інспекцыю Першамайскага раёна.

“Была там размова на гэтую тэму, - распавядае Стэфановіч. - І прадстаўнікі інспекцыі, з якімі мы размаўлялі, сказалі, што яны тлумачылі “ім” (я перапытаў , каму гэта “ім”, яны адказалі - “пракуратуры”), што сума гэта не павінна індэксавацца. І сказалі, што гэта падыход ІМПЗ у дадзеным выпадку, але гэта не было пачута”.

Падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе Першамайскага раёна пракуратура прасіла спагнаць з Алеся Бяляцкага “нанесеную шкоду дзяржаве ў выглядзе нявыплачанага падаходнага падатку” на суму 352.274.360 рублёў (плюс дзяржаўная пошліна), праіндэксаваўшы яе з улікам інфляцыі. Што суд і зрабіў. Аднак! У сваім іску пракуратура не спасылалася ўвогуле ні на якія нормы закона, на падставе якіх яна магла б лічыць, што сума павінна быць праіндэксаваная. Не зразумела і тое, якія каэфіцыенты пры гэтым выкарыстоўваліся.

“Суд нейкім “цудоўным” чынам праіндэксаваў гэтую суму, і яна ператварылася з 350-ці з нечым у больш за 750 мільёнаў рублёў, - адзначае Валянцін Стэфановіч. - Натуральна, і абаронца Алеся і мы не пагадзіліся з тым, што сума была праіндэксаваная, паколькі Падаткавы кодэкс не прадугледжвае якую-небудзь індэксацыю. Падаткавае заканадаўства прадугледжвае толькі адзін від “асучаснівання” запазычанасці – пеню, якая вылічваецца, зыходзячы са ставак рэфінансавання”.

Аднак прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці прыйшлі да высновы, што трэба правесці кампанію па зборы сродкаў і сплаціць суму - дзеля вызвалення Алеся Бяляцкага. Уся сума – праіндэксаваная! – была сплочана.

“І зараз з’яўляецца гэты іск пра спагнанне пені за несвоечасовую сплату запазычаннасці, якая вылічваецца з моманту паступлення плацяжоў у 2008 годзе на рахункі Алеся Бяляцкага да моманту ўнясення Наталляй Пінчук грашовых сродкаў на рахунак суда ў 2012 годзе – агулам больш за 140 мільёнаў рублёў, - кажа Стэфановіч. - То бок, атрымліваецца, што пеня спаганяецца з сумы запазычаннасці, якая, праіндэксаваная, павялічана больш як у два разы. Гэта абсалютна неправавы падыход у дадзенай сітуацыі. Бо павінна быць сумма запазычаннасці – 350 з нечым мільёнаў плюс пеня - 140 з нечым мільёнаў. І агульная сума, такім чынам, павінна была б складаць каля 500 мільёнаў. А зараз атрымліваецца, што яна дасягае ўвогуле 900 мільёнаў”.

Адвакат Бяляцкага Дзмітрый Лаеўскі яшчэ на этапе абскарджання прысуду ў касацыйнай інстанцыі ўказваў на неправамернасць індэксацыі сумы “нанесенай шкоды”, аднак калегія Менскага гарадскога суда не дала ніякай ацэнкі. Пасля гэтае пытанне адвакат ставіў у нагляднай скарзе, пададзенай на імя старшыні гарадскога суда.

Па словах праваабаронцаў, зараз будзе пададзена касацыйная скарга на рашэнне суда Першамайскага раёна па грамадзянскай справе пра спагнанне пені. Таксама будзе пададзены дадатак да нагляднай скаргі, накіраванай адвакатам на імя старшыні Менгарсуда, дзе, акрамя патрабавання адмены прысуда па крымінальнай справе Алеся Бяляцкага, гаворыцца пра ўказаныя абсалютна неправавыя падыходы пракуратуры.  

Па меркаванні праваабаронцаў, гэта акалічнасць толькі падкрэслівае чыста палітычны матыў справы Алеся Бяляцкага. Па словах юрыста ПЦ “Вясна” Уладзіміра Лабковіча, цяпер улады маюць новы “козыр”.

“Да з’яўлення іска пра спагнанне пені ў сённяшняга рэжыма былі ўсе прававыя падставы, каб прымяніць у дачыненні да Бяляцкага памілаванне, і ён таксама мог бы быць вызвалены. Але зараз абсалютна палітычна створана штучная прававая перашкода для прымянення працэдуры памілавання - новыя матэрыяльныя прэтэнзіі да яго, - заяўляе Лабковіч. - Мы лічым, што гэта зроблена выключна для таго, каб было чым тлумачыць немагчымасць прымянення да Бяляцкага любых формаў па скарачэнні тэрміна яго зняволення – умоўна-датэрміновага вызвалення, амністыі, памілавання”.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” разглядае гэтае палітычнае рашэнне пра стварэнне фармальных прычынаў немагчымасці вызвалення Алеся Бяляцкага як элемент расправы над ім і ціск на яго паплечнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства