Улады прапануюць абаронцам спажыўцоў працаваць бясплатна

2012 2012-04-18T12:46:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mingandliu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Такая норма ўтрымліваецца ў законапраекце “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон РБ “Аб абароне правоў спажыўцоў”, які быў прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні. Згодна з новай рэдакцыяй закона, ГА «Таварыства абароны спажыўцоў» мае права кампенсаваць выдаткі па абароне правоў і інтарэсаў тых, хто звярнуўся да іх па дапамогу, выключна з арганізацыі ці прадпрымальніка, якія прызнаныя вінаватымі.

Прасцей кажучы, аб’яднанні, створаныя для абароны спажыўцоў, будуць аказваць юрыдычныя паслугі толькі на бязвыплатнай аснове (калі законапраект будзе прыняты канчаткова). У якасці альтэрнатывы грамадзянам, у якіх узнік канфлікт з пастаўшчыком тавару ці паслугі, прапануецца звяртацца да спецыяльных упаўнаважаных па абароне правоў спажыўцоў пры мясцовых выканкамах.

Новаўвядзенне прадстаўнікі ўлады тлумачаць клопатам пра спажыўцоў. Маўляў, ім зараз не давядзецца нічога плаціць са сваёй кішэні, калі, да прыкладу, яны купяць няякасны тавар і не дамовяцца з прадаўцом аб яго вяртанні. Грамадскае аб'яднанне возьме ўсе выдаткі на сябе, а потым, у выпадку станоўчага зыходу справы, спагоніць іх праз суд з таго, хто гэты тавар прадаў.

Але, як мяркуе старшыня Брэсцкай рэгіянальнай арганізацыі ГА “Таварыства абароны спажыўцоў” Ірына Маркава, ілюзіі пра такі клопат з боку дзяржавы могуць вельмі хутка рассеяцца, бо кваліфікаваная юрыдычная дапамога каштуе грошай. У выпадку прыняцця новага закона, каб вярнуць грошы і заплаціць юрыстам, Таварыства павінна будзе выйграць суд, а потым яшчэ дачакацца, каб штраф быў сплочаны (часам гэты працэс доўжыцца месяцамі). І, хутчэй за ўсё, юрысты проста не захочуць працаваць на такіх умовах.

На сённяшні дзень сістэма вырашэння спрэчкі наступная. Чалавек звяртаецца ў аб’яднанне абароны спажыўцоў, заключае дамову пра юрыдычныя паслугаў і, калі канфлікт не ўдаецца ўрэгуляваць у дасудовым парадку, грамадская арганізацыя (у адпаведнасці з дамовай і за плату) рыхтуе пазоў. У выпадку яго задавальнення вінаваты бок выплочвае спажыўцу грашовую кампенсацыю, пакрыццё судовых выдаткаў і штраф, 90% якога ідзе ў бюджэт, а 10% - грамадскай арганізацыі. Але распрацоўшчыкі новага законапраекта (урад і Міністэрства гандлю) перакананыя: аб'яднання па абароне спажыўцоў не могуць займацца камерцыйнай дзейнасцю, а таму павінны аказваць свае паслугі цалкам бясплатна.

Ірына Маркава лічыць такую выснову нонсэнсам: “У Грамадзянскім кодэксе РБ няма такога паняцця – “дамова пра аказанне паслугаў на бязвыплатнай аснове”. З намі працуюць прафесійныя юрысты, таму да нас людзі і прыходзяць па дапамогу. Відавочна, калі закон будзе прыняты ў такім выглядзе, як прапаноўваецца, аказваць паўнавартасную юрыдычную дапамогу мы ўжо наўрад ці зможам”, - лічыць старшыня Брэсцкай рэгіянальнай арганізацыі “Таварыства абароны спажыўцоў”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international