Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Сакавік 2012 году

2012 2012-04-08T11:27:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

 

На працягу сакавіка сітуацыя з правамі чалавека моцна залежала ад знешнепалітычнай кан’юнктуры. Нявырашанасць праблемы палітычных зняволеных паглыбляла комплексны крызіс паміж беларускімі ўладамі і Еўрапейскім Саюзам: нежаданне афіцыйнага Мінска ўстраняць асноўную прычыну канфлікту сутыкнулася з цвёрдай і паслядоўнай пазіцыяй ЕС.

У выніку адсутнасці пазітыўных крокаў з беларускага боку 23 сакавіка Савет міністраў замежных справаў ЕС  прыняў рашэнне аб пашырэнні «кропкавых» санкцый: былі ўведзены візавыя абмежаванні ў адносінах да 12 асобаў, сярод якіх -- суддзі, пракуроры і бізнесмены, якія адказныя, з пункту гледжання ЕС, за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама з’яўляюцца бенефіцыярамі дзеючага рэжыму. Пад санкцыі патрапілі таксама 29 кампаній, якія належаць такім бенефіцыярам.

“Дзеянні Еўрасаюза павінны пераканаць улады Беларусі ў неабходнасці вызвалення палітзняволеных і вяртання на шлях канструктыўных адносін з краінамі — членамі ЕС”, -- адзначыла Вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан.

Каментуючы рашэнне Савета ЕС, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у той жа дзень заявіў: «Такі крок яшчэ больш аддаляе перспектывы нармалізацыі адносін і аднаўлення дыялогу па адчувальных для бакоў тэмах”. Такім чынам, афіцыйны Мінск абазначыў сваю пазіцыю па нарошчванні канфрантацыі па вострых праблемах, якія палягаюць у аснове крытычнай сітуацыі.

На фоне эскалацыі канфлікту лёс палітычных зняволеных заставаўся нязменным: усе 15 палітвязняў заставаліся за кратамі, не было прынята рашэнняў па прашэннях аб памілаванні, пададзеных Андрэем Саннікавым і Дзмітрыем Бандарэнкам. У адказ на “спіс неўязных у Еўрапейскі Саюз” улады распрацавалі і задзейнічалі своеасаблівы “спіс невыязных з Беларусі”, незаконна абмежаваўшы свабоду перамяшчэння для часткі апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў. З дэманстратыўным грэбаваннем нацыянальных і міжнародных механізмаў абароны былі расстараляныя асуджаныя да смяротнага пакарання Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў. Увесь месяц адзначаліся выпадкі незаконных і адвольных затрыманняў і арыштаў грамадскіх і палітычных актывістаў, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па надуманых падставах. Катастрафічна нездавальняючай заставалася сітуацыя з выкананнем свабоды сходаў: за выключэннем дазволеных у Мінску шэсця і мітынгу на Дзень Волі 25 сакавіка, усе заяўленыя па краіне масавыя мерапрыемствы рознай тэматыкі былі забароненыя.  

 

Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

 

У крытычным стане працягваў знаходзіцца сябра КХП БНФ з Віцебску Сяргей Каваленка, які са снежня 2011 года трымае галадоўку пратэсту супраць несправядлівага зняволення і пакарання. Пасля трох месяцаў галадоўкі ён згубіў больш за 30 кілаграмаў вагі, тэмпэратура цела трымаецца ў межах 35 градусаў, пачаліся праблемы з ныркамі і ён стаў амаль нерухомы. У турэмным шпіталі пры мінскай калоніі №1 на Валадарскага, куды вязень быў пераведзены  ў канцы лютага, яму прымусова ставілі кропельніцы. У ноч на 26 сакавіка Сяргея Каваленку перавялі этапам ў псіхіятрычную турэмную бальніцу пры віцебскай калоніі “Віцьба-3”, каб там прымусова выводзіць з галадоўкі. У пераводзе зняволенага ў цывільны шпіталь, на чым настойвалі родныя Каваленкі, было адмоўлена. 30 сакавіка Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікалі ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць Сяргея Каваленку, спыніць яго крымінальны пераслед і забяспечыць яму неабходную і неадкладную медыцынскую дапамогу ў кваліфікаванай медыцынскай установе адкрытага тыпу. “Адказнасць за жыццё і здароўе Сяргея Каваленкі цалкам ляжыць на кіраўніцтве Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у распараджэнні якога ён зараз знаходзіцца,” – адзначылі праваабаронцы.

 

13 сакавіка стала вядома, што  Камісія па памілаванні пры прэзідэнце разгледзела прашэнні аб памілаванні экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і ягонай даверанай асобы Дзмітрыя Бандарэнкі. Аднак сябра камісіі Мікалай Самасейка адмовіўся паведаміць пра прынятае рашэнне. 21 сакавіка на сайце Генпракуратуры з’явілася паведамленне аб тым, што на дадзены момат правяраюцца заявы, што прагучалі ў СМІ з боку асобных асоб, пра тое, што Саннікавым прашэнне аб памілаванні напісана нібыта пад ціскам». «Зараз матэрыялы старанна вывучаюцца. Пасля іх абагульнення і падрыхтоўкі адпаведнага заключэння яны будуць накіраваныя ў камісію па памілаванні пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая разгледзіць іх у адпаведнасці з рэгламентам работы», -- сказана ў паведамленні. Сітуацыя з разглядам прашэнняў А. Саннікава і Д. Бандарэнкі чарговы раз пацвердзіла, што рашэнне па іх справах залежыць выключна ад прэзідэнта і развіцця палітычных працэсаў паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам.

 

2 сакавіка міжведамасная навукова-экспертная камісія на пасяджэнні, якое прайшло ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў Гарадзішчы (Мінскі раён), адмовіла ў прысваенні Дзмітрыю Бандарэнку групы інваліднасці, нягледзячы на цяжкі стан здароўя. Гэта азначае, што зняволены вымушаны працаваць на роўных з іншымі зняволенымі.

 

5 сакавіка, падчас абмеркавання ў Савеце па правах чалавека ААН гадавога даклада Спецыяльнага дакладчыка па становішчы праваабаронцаў, улады Беларусі ў ходзе інтэрактыўнага дыялогу выступілі з вуснай заявай па справе Алеся Бяляцкага. Прадстаўнік Беларусі заявіў, што «мы… са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што дакладчык не змагла разабрацца ў справе Аляксандра Бяляцкага, мабыць, паддаўшыся стэрэатыпнаму меркаваньню, якое распаўсюджвалася асобнымі еўрапейскімі структурамі і праваабарончымі НДА. …прысуд суда не мае дачынення да праваабарончай дзейнасці Бяляцкага, а звязаны выключна з парушэннем ім падатковага заканадаўства... »

22 сакавіка Алесь Бяляцкі быў пераведзены з карантыну Бабруйскай калоніі №2, дзе ён знаходзіўся з канца лютага, у атрад і накіраваны працаваць на швейную вытворчасць.

25 сакавіка  ў Осла адбылося ўручэнне А. Бяляцкаму дыплома Нарвежскага саюзу пісьменнікаў “За свабоду слова”. Гэтая ўзнагарода ўручаецца за асаблівы ўнёсак у абарону свабоды слова і талерантнасці. Дыплом прымала жонка зняволенага праваабаронцы Наталля Пінчук.

 

14 сакавіка стала вядома, што Дзмітрый Дашкевіч трэці раз запар змешчаны на 30 сутак у штрафны ізалятар Глыбоцкай калоніі нібыта за «невыканне патрабаванняў адміністрацыі». Сапраўднай прычны накладання пакарання не змагла даведацца нават адвакат.

 

У лісце, атрыманым былы адвакатам Паўлам Сапелкам, палітвязень Мікалай Аўтуховіч выказаў занепакоенасць фактам змяшчэння ў інтэрнэце неадпавядаючай рэчаіснасці інфармацыі пра нібыта ягонае тэлефанаванне з турмы сваёй маці.  Па словах зняволенага, у сувязі з гэтым у яго, а таксама іншых вязняў, адбыўся ператрус, які доўжыўся некалькі гадзін. М.Аўтуховіч папрасіў больш адказна ставіцца да інфармацыі пра палітвязняў з месцаў зняволення, каб не нанесці ім шкоды.

 

Чарговае, ужо сёмае парушэнне рэжыму зафіксавала адміністрацыя калоніі №15 у Магілёве з боку палітвязня Мікалая Дзядка падчас ягонага знаходжаньня ў ШІЗА (з 12 па 17 сакавіка). М. Дзядка абвінавацілі ў тым, што ён нібыта дрэнна прыбіраў памяшканне карцара. За гэта палітвязня ў чарговы раз пазбавілі наступнай перадачы, якая была запланаваная на травень гэтага году.

 

15 сакавіка судом Перашамайскага раёну Мінска ўсталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год за былым палітвязнем Уладзімерам Яроменкам, асуджаным па справе аб “масавых беспарадках” на 3 гады пазбаўлення волі і памілаваным у жніўні 2011 года. З моманту вызвалення за У.Яроменкам вялося прафілактычнае назіранне, і за гэты час У. Яроменка тры разы быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях грамадска-палітычнага характару.

 

Смяротнае пакаранне

 

13 сакавіка ўвечары па тэлебачанні было перададзена, што Аляксандар Лукашэнка адмовіў у памілаванні Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, асуджаным да смяротнага пакарання 30 лістапада 2011 году па абвінавачанні ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка таго ж году. 15 сакавіка прысуд быў прыведзены ў выкананне. 16 сакавіка Вярхоўны суд накіраваў адпаведнае паведамленне родным расстраляных.

Надзвычай хуткае выканання смяротнага прысуду адбылося з парушэннем нацыянальных і міжнародных механізмаў абароны, з дэманстратыўным грэбаваннем унутраных законаў і міжнародных дамоваў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

Калі Дзмітрый Канавалаў не падаваў нагляднай скаргі і адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні, то Уладзіслаў Кавалёў спрабаваў скарыстацца ўсімі магчымымі сродкамі абароны.

15 сакавіка, у дзень прывядзення ў выкананне прысуду, адвакат Уладзіслава Кавалёва падаў асноўную скаргу ў парадку нагляду. Папярэдняя наглядная скарга была накіравана на імя старшыні Вярхоўнага суда 7 снежня 2011, і ў ёй указвалася, што будзе пададзеная асноўная, у сувязі з чым адвакат прасіў не прыводзіць прысуд у выкананне да яе разгляду. Аднак гэты зварот быў праігнараваны, у сувязі з чым можна сцвярджаць, што асуджаны быў пазбаўлены канстытуцыйнага права на абарону на нацыянальным узроўні.

Выкананне дадзенага смяротнага прысуду стала яшчэ адным парушэннем з боку Беларусі прынятых ёю на сябе міжнародных абавязацельстваў у межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і першага факультатыўнага пратаколу да яго, паколькі беларускі бок пакінуў без увагі патрабаванне Камітэту па правах чалавека ААН аб прыпыненнні выканання пакарання да разгляду па сутнасці індывідуальнага звароту, пададзенага Уладзіславам Кавалёвым.

20 сакавіка інтэрв’ю тэлеканалу Russia Today Аляксандар Лукашэнка, які асабіста адмовіў у памілаванні У. і Д. Канавалаву, заявіў, што спачувае родным расстраляных.

22 сакавіка маці Уладзіслава Кавалёва накіравала ліст да А. Лукашэнкі з просьбай аддаць ёй цела сына, каб пахаваць яго. Паколькі беларускае заканадаўства не прадугледжвае падобнай працэдуры, станоўчае рашэнне па гэтым пытанні малаверагоднае. У гэты ж дзень яна атрымала з СІЗА КДБ пакунак з рэчамі расстралянага сына па пошце. Сваякам вярнулі адзенне, асабістыя рэчы і нават прадукты, якія ён не паспеў спажыць. Аднак маці на аддалі запісы, якія ён вёў падчас судовага працэсу – тыя, што ён  прасіў сваякоў абавязкова захаваць.

Еўрапейскія парламентарыі, Савет Еўропы, а таксама шэраг уплывовых міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку Amnesty International, FIDH, Human Rights House, рашуча асудзілі выкананне прысудаў у адносінах да У. Кавалёва і Д. Канавала, запатрабаваўшы ад А.Лукашэнкі неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

 

Гвалтоўныя знікненні

 

28 сакавіка Святлана Завадская, Сяргей Бахун і Раман Кісляк унеслі прапанову Савету міністраў РБ падпісаць і Міжнародную канвенцыю па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў і даручыць міністру замежных спраў унесці ў парламент законапраект аб яе ратыфікацыі. Падпісанты лічаць, што  пры далучэнні да Канвенцыі Беларусь прадэманструе імкненне дзяржавы да гарантавання абароны сваіх грамадзян ад гвалтоўных знікненняў, якія мелі месца ў краіне: 7 мая 1999 года гвалтоўна знікл былы міністр унутраных спраў  Юрый Захаранка, 16 верасня 1999 года -- палітык Віктар Ганчар и бізнэсмен Анатоль Красоўскі, 7 ліпеня 2000 года -- журналіст и аператар тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі.

Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання, нездавальняючыя ўмовы ўтрымання

 

4 сакавіка, пасля 19 сутак зняволення ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску, быў вызвалены намеснік старшыні “Маладога Фронту” Іван Шыла. У першыя дні ўтрымання ў ЦІП у яго пачалася алергія, але ягоныя просьбы выклікаць “хуткую” адхіляліся. Мясцовы медык дапамагчы не мог з-за адсутнасці патрэбных лекаў. У І. Шылы распухла ды патрэскалася скура на твары, рукі таксама пакрыліся плямамі. З-за скразнякоў, вільготнасці ды перападаў тэмпературы дваццацігадовы хлопец захварэў на бранхіт, пазбавіцца ад якога турэмных умовах не дапамаглі нават антыбіётыкі. У камеры было мноства пацукоў і вошай. 

 

27 сакавіка спецдакладчыку ААН па катаваннях актывістамі ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў» была накіравана тэрміновая скарга з просьбай расследаваць факты ўжывання катаванняў супраць палітвязня Дзмітрыя Бандарэнкі. Аўтары скаргі ўказваюць на жахлівы стан здароўя Д.Бандарэнкі пасля праведзенай у верасні мінулага года аперацыі на хрыбетніку, немагчымасць правядзення прадпісаных медыкамі рэабілітацыйных працэдураў у зняволенні. У скарзе прыведзены факты прымусу ў адносінах да Д.Бандарэнкі выконваць дзеянні, якія могуць пагоршыць стан ягонага здароўя і нават прывесці да страты здольнасці рухацца (стаянне, хаджэнне ў страі, доўгае сядзенне, нагрузкі на хрыбетнік.) Акрамя таго, узгадваецца адмова даць Д. Бандарэнку групу інваліднасці. Спецдакладчыку ААН накіраваныя адпаведныя медыцынскія дакументы.

 

30 сакавіка Алена Дубовік, затрыманая 24 сакавіка падчас канцэрту ў ДК МТЗ і асуджаная да 3 сутак арышту, напісала скаргу ў пракуратуру на ўжыванне фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманні і кепскія ўмовы ўтрымання ў ЦІП. У скарзе сярод іншага сказана: “Супрацоўнікі ЦІП пастаянна выкарыстоўвалі ў сваёй размове ненарматыўную лексіку. Па прыездзе ў ЦІП быў праведзены надгляд, аглядаў мяне супрацоўнік мужчынскага полу. Мяне змясцілі ў камеру, дзе змяшчалася 8 чалавек. Спальных месцаў абсталявана не было. Пасцельная бялізна і матрац мне не выдавалі”.

 

Палітычна матываванае абмежаванне свабоды перамяшчэння

 

На фоне паглыблення палітычнага крызісу і пагаршэння дыпламатычных стасункаў паміж ЕС і Беларуссю, пашырэння спісу асобаў з ліку беларускіх дзяржслужачых і набліжаных да кіраўніка дзяржавы бізнесменаў, якім забаронены выезд у краіны ЕС, беларускія ўлады пайшлі на забарону на выездз краіны часткі апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў.

Тое, што гэта цалкам палітычна матываванае рашэнне, 21 сакавіка пацвердзіў у сваім інтэрв’ю тэлеканалу «Russia today» Аляксандр Лукашэнка. На пытанне, ці створаны такі спіс, Лукашэнка адказаў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем». Ён абвінаваціў апазіцыянераў у падбухторванні Захаду да ўвядзення санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, бізнэсменаў і прадпрыемстваў: «Гэта яны падкідаюць Захаду прозвішчы, арганізацыі, прадпрыемствы і настойваюць на ўвядзенні эканамічных санкцыяў. Яны”.

Да канца сакавіка ў гэтым спісе апынуліся 15 чалавек:

Палітыкі: 1. Анатоль Лябедзька, старшыня АГП; 2. Сяргей Калякін, старшыня партыі “Справядлівы свет”; 3. Віктар Карняенка, каардынатар  ініцыятывы “За справядлівыя выбары”; 4. Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання; 5. Валерый Ухналёў, намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет»; 6. Вінцук Вячорка, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух»; 7. Віктар Івашкевіч, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух».

Праваабаронцы: 1. Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні ПЦ”Вясна”; 2. Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту; 3. Андрэй Бандарэнка, кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкай установы “Платформа”; 4. Гары Паганяйла, юрыст Беларускага Хельсінскага камітэту; 5. Алег Волчак, старшыня “Прававой дапамогі насельніцтву”. 

Журналісты: 1. Андрэй Дынько, шэф-рэдактара «Нашай Нівы»; 2. Міхась Янчук, журналіст “Белсат”; 3. Жанна Літвіна, старшыня БАЖ;

У той жа час 27  сакавіка намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Юрый Лянчэўскі падчас прамой тэлефоннай лініі, адказваючы на пытанне агенцтва Інтэрфакс-Захад, абверг палітычны складнік забароны на выезд: «Законам пра ўезд-выезд ўсе падставы , выразна прапісана, каму можа быць абмежаваны выезд. Ніякага пашырэння ў сувязі з новымі палітычнымі і іншымі матывамі не было».

Варта адзначыць, што 1 сакавіка начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Беларусі Павел Радзівонаў заявіў: апазіцыянерам, якія заклікаюць да санкцый у дачыненні да Беларусі, можа быць абмежаваны выезд за мяжу. 12 сакавіка ён жа Радзівонаў публічна сцвярджаў: у Генпракуратуры няма інфармацыі аб уключэнні прадстаўнікоў апазіцыі ў спіс невыязных.

Першыя запыты ў аддзелы па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства выявілі рэальныя падставы для забароны на выезд. Яны цалкам падцвердзілі меркаванне,  што гэтыя забароны не заснаваныя ні на якім законе. Напрыклад 38-гадовы Андрэй Дынько -- старшы лейтэнант запасу, і таму  прычына адмовы на выезд,звязаная з ухіленнем ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве — юрыдычны нонсэнс. Па гэтай прычыне не змог выехаць з Беларусі намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч і кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка.

Другая абсурдная нагода – міфічная справа ад 5 сакавіка, па якой грамадскія дзеячы нібыта праходзяць з-за  «запазычанасці перад крэдыторамі» і «грамадзянскімі пазова супраць грамадзяніна». Менавіта такім чынам незаконна быў абмежаваны выезд за мяжу Алегу Гулаку і Гары Паганяйлу з Беларускага Хельсінскага камітэту, а таксама старшыні БАЖу Жанне Літвіной.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

2 сакавіка актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандр Арцыбашаў, які пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту павінен быў выйсці на волю, быў тэрмінова дастаўлены ў суд, дзе атрымаў яшчэ 7 сутак за ўдзел у акцыі «Хрэн ад прэзідэнта». Пра гэта выпадкова даведаўся ягоны сябар Міхась Пашкевіч. які чакаў яго каля Цэнтру ізалятару правапарушальнікаў. Перад гэтым Аляксандра Арцыбашава  затрымалі 22 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну Мінска і асудзілі на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла яшчэ 10 лютага на плошчы Незалежнасці сталіцы пад назвай «Игрушко митингуэ!».

 

10 сакавіка адбыўся суд над затрыманымі 9 сакавіка актывістамі Анатолем Аскеркам і Іванам Шутко. Суддзя Барысаўскага раённага суда Герасімовіч вынес рашэнне аб адміністрацыйным арышце Аскеркі на 15 сутак, а Шутко - на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Анатоль Аскерка і Іван Шутко 8 сакавіка правялі акцыю, прымеркаваную да Дня нараджэння палітвязня Андрэя Саннікава.

12 сакавіка ў Барысаве адбыўся суд над Ігарам Аскерка, сынам асуджанага за акцыю ў падтрымку палітвязня Андрэя Саннікава Анатоля Аскеркі. Ігар Аскерка быў затрыманы 11 сакавіка каля будынка Барысаўскага раённага суда пасля таго, як разгарнуў плакаты ў падтрымку палітвязняў і ў падтрымку свайго бацькі. Суддзя Барысаўскага раённага суду Ірына Пасюк вынесла рашэнне аб адміністрацыйным арышце Ігара на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

 

11 сакавіка  ў Ленінскім судзе Мінска адбыўся разгляд адміністрацый спраў  актывістаў «Маладога фронту» Міхася Мускага, Змітра Крэмянецкага, Рамана Васільева і Уладзімера Яроменкі, якія былі затрыманыя яшчэ 7 сакавіка. Усіх прызналі вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і пакаралі арыштам на 15 сутак. На актывістаў былі складзеныя пратаколы за ўдзел у акцыі-перфомансе што адбылася 29 лютага калі будынку Міністэрства замежных спраў Беларусі “Падцярыцеся!”. Ранкам невядомыя юнакі закідалі МЗС рулонамі туалетнай паперы.

 

13 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў актывіста кампаніі “Гавары праўду” Паўла Вінаградава да 7 сутак па арт 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Суд распачаўся яшчэ 5 сакавіка, аднак тады суддзя Яўген Хаткевіч накіраваў пратакол на дапрацоўку ў РУУС Маскоўскага раёна, а Вінаградава вызвалілі да суда. Павал Вінаградаў ужо адбыў 3 сутак арышту да пачатку судовага працэсу – яго затрымалі 2 сакавіка пасля вызвалення з ЦІП, дзе ён адбываў 10 сутак арышту, і абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам каля крамы «Кірмаш».

 

16 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска асудзіў актывіста “Zмены” Уладзіміра Бачылу на 10 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ). Адміністрацыйны пратакол, скаладзены на Арцёма Кузьміна, быў накіраваны на дапрацоўку ў Савецкі РУУС. Суды адбываліся за акцыю, якая была праведзеная 14 сакавіка, калі побач з будынкам філармоніі актывісты размясцілі партрэты Муамара Кадафі, Уладзіміра Пуціна, Леаніда Кучмы і Аляксандра Лукашэнкі з подпісам “На сметнік гісторыі”.

 

16 сакавіка каля амбасады Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Мінску падчас правядзення акцыі быў затрыманы адзін з лідэраў беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш. Пасля складання пратаколу актывіст быў размешчаны ў ЦІП. Акцыя,у якой удзельнічала 5 чалавек, была скіраваная супраць кітайскіх інвестыцыйных праектаў, якія парушаюць правы беларусаў, у тым ліку -- супраць вырубкі парка імя 40-годздзя Кастрычніка. Удзельнікі акцыі раскідалі ўлёткі, а таксама запалілі фаер.

 

19 сакавіка падчас ускладання кветак да мемарыяльнай шыльды ў памяць аб загінулых ад тэракта 11 красавіка 2011 года каля станцыі метро «Кастрычніцкая» супрацоўнкіі міліцыі затрымалі 8 чалавек. Усіх даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска,  дзе перапісалі пашпартныя дадзеныя, сфатаграфавалі, ўзялі адбіткі пальцаў і адпусцілі без складання пратаколаў.

 

20 сакавіка ў Віцебску ў цэнтр гораду выйшла актывістка “Еўрапейскай Беларусі”Алена Семенчукова з плакатам “Свабоду Сяргею Каваленку”. Пасля затрымання на яе быў складзены пратакол за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У той жа дзень суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова аштрафавала  Алену Семенчукову на 5 базавых велічынь.

 

21 сакавіка ўвечары ў цэнтры Мінска ў метро быў беспадстаўна затрыманы актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Мікіта Каваленка. Перад гэтым ён набыў квіткі на цягнік да Калінкавічаў. У аддзяленні мілыцыі юнаку цынічна прапанавалі выбраць артыкул, па якому будзе складзены адміністрацыйны пратакол: альбо 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), альбо 17.1 (дробнае хуліганства). Урэшце, міліцыянты абралі другі варыянт. 22 сакавіка справа М.Каваленкі разглядалася судом Цэнтральнага раёна Мінска. Прысуд - 6 сутак арышту.

 

22 сакавіка ўвечары непадалёку ад ЦІП у Мінску супрацоўнікі АМАПУ затрымалі актывістаў “Маладога фронту” Рамана Пратасевіча і Міколу Дземідзенку, якія разам з сябрамі сустракалі адбыўшых арышт паплечнікаў - Міхася Мускага, Рамана Васільева, Уладзіміра Яроменку, Зміцера Крамянецкага. Затрыманых даставілі ў Маскоўскі РУУС, адкуль Рамана адпусцілі без складання пратаколу, на Міколу Дземідзенку быў складзены пратакол па артыкуле 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). 23 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Юрый Сезін вынес рашэнне аб адміністрацыйным арышце М. Дземідзенкі на 10 сутак.

 

23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў РПСС (Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі) Насты Шулейкі і Міхася Косткі, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ) за падняты бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг у гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Абодвум актывістам вынеслі пакаранне ў выглядзе 5 сутак адміністратыўнага арышту. Справы разглядала суддзя Таццяна Мотыль.

 

24 сакавіка падчас канцэрту ў ДК МТЗ, арганізаваным міжнародным рухам “Ежа замест бомбаў”, былі затрыманыя і дастаўленыя ў Партызанскі (дзяўчаты) і Цэнтральны (хлопцы) РУУСы сталіцы больш за 100 удзельнікаў мерапрыемства. Большасць з іх былі адпушчаны без складання пратаколаў, на 15 юнакоў і 1 дзяўчыну склалі адміністрацыйныя пратаколы і памясцілі да суду ў ЦІП. 26 сакавіка ў судах Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў адбыліся суды над затрыманымі, якіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Ігар Трухановіч, які пры затрыманні быў моцна збіты (чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені), у суд не быў дастаўлены, паколькі размешчаны ў шпіталь. Суд Партызанскага раёна пакараў Алену Дубовік арыштам на трое сутак. Суд Цэнтральнага раёну вынес наступныя пакаранні: 1. Аляксандр Ярашэвіч (суддзя Свістунова) – штраф 3 б.в.; 2. Мікіта Уласенка (суддзя Ясіновіч) – штраф 5 б.в.; 3. Яўген Уласенка (суддзя Вайцеховіч) -- штраф 4 б.в.; 4. Яўген Рубашка (суддзя Семак) – штраф 5 б.в.; 5. Уладзімір Дзмітракоў (суддзя Якунчыхін) – штраф 5 б.в.; 6. Павел Дзяркач (суддзя Ясіновіч) - штраф 4 б.в.; 7. Павел Грыневіч (суддзя Майсейчык) - 2 сутак арышту; 8. Зміцер Харланчук (суддзя Церашкоў) - 2 сутак арышту; 9. Павел Беланаў (суддзя Якунчыхін) – 2 сутак арышту; 10. Андрэй Сцяпанаў (суддзя Шабуня) – 2 сутак арышту; 11. Аляксандр Педаш (суддзя Хадановіч) - 2 сутак арышту; 12. Дзмітрый Гураў (суддзя Ткачова) – штраф 2 б.в.; 13. Цыкуненка Е. (суддзя Бычко) - 2 сутак арышту; 14. Васіленка А. (суддзя Вайцеховіч) - 2 сутак арышту.

 

26 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска былі разгледжаныя адміністрацыйныя справы затрыманых 25 сакавіка актывістаў Міхаіла Нарушэвіча і Зміцера Пшэніка, якія спрабавалі вывесіць бел-чырвона-белы сцяг. Суддзя Юрый Гарбатоўскі прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакараў штрафамі памерам 2 базавыя велічыні кожнага. Ноч яны правялі ў ЦІП.

 

У ноч на 28 сакавіка ў Оршы супрацоўнікамі Аддзела ўнутраных спраў на транспарце былі знятыя з цягніка № 2 Мінск-Масква лідэр АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, а таксама каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў. Падставай для затрымання стала нібыта інфармацыя пра тое, што ў купэ правозяцца наркотыкі, аднак пасля на лідэраў апазіцыі былі складзеныя пратаколы за дробнае хуліганства, і яны былі затрыманыя да суду. Суд адбыўся толькі 29 сакавіка ў будынку суда Аршанскага раёна і горада Оршы. Суддзя Наталля Байцова вынесла палітыкам пакаранні ў выглядзе 10 базавых велічыняў. Пасля суду пашпарты ім не вярнулі. А. Лябедзька, С. Калякін і А. Атрошчанкаў накіроўваліся ў Маскву, адкуль планавалі вылецець у Брусэль для ўдзелу ў сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі.

29 сакавіка ў Оршы пад час суду над С.Калякіным, А.Лябедзькам і А. Атрошчанкавым быў затрыманы праваабаронца Валерый Шчукін, які дамагаўся адкрытага судовага працэсу над палітыкамі, лёгшы на падлогу ў дзвярах залы суда, каб іх не зачынілі. На праваабаронцу быў складзены пратакол за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. 30 сакавіка суддзя Тацяна Рыбакова аштрафавала Валерыя Шчукіна на 4 базавыя велічыні за хуліганства і на 30 базавых велічынь – за непадпарадкаванне. Ноч да суда 70-гадовы праваабаронца правёў у Ізалятары часовага ўтрымання.

 

Абмежаванні свабоды слова

 

14 сакавіка ў краму бялыніцкага прадпрымальніка, дэмакратычнага актывіста Мікалая Мяцеліцы завітаў супрацоўнік Шклоўскага межрайаддзелу КДБ, які цікавіўся незалежнымі маланакладнымі  выданнямі, што распаўсюджваюцца праз краму. Супрацоўнік КДБ спрабаваў даведацца, адкуль з’яўляецца інфармацыйная прадукцыя. Размова ішла пра маланакладныя газеты “Паходня”, “Рэгіён”, “Магілёўскі Выбар” ..

 

19 сакавіка пракуратура Брэсцкай вобласці вынесла афіцыйнае папярэджанне “аб недапушчальнасці здзяйснення правапарушэнняў” карэспандэнту Радыё Рацыя Дзмітрыю Кісялю. У тэксце папряджэння, падпісанага намеснікам пракурора А.Тачко, гаворыцца, што па выніках вывучэння звестак, размешчаных у Інтэрнэце, выяўлена парушэнне Д. Кісялём “парадку ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Далей у тэксце папярэджання нагадваецца, што працаваць на замежныя СМІ ў Беларусі без адпаведнай акрэдатацыі забаронена, а Міністэрства замежных спраў РБ такую акрэдытацыю Д. Кісялю не выдавала. “Пры пазначаных абставінах ажыццяўляемая Вамі дзейнасць журналіста замежнага сродка масавай інфармацыі супрацьпраўная і недапушчальная”, - адзначана ў дакуменце абласной пракуратуры. Д. Кісель папярэджаны, што ў выпадку здзяйснення падобных дзеянняў у далейшым ён будзе прыцягнуты да адказнасці. Тэкст афіцыйнага папярэджання ўручыў Кісялю пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Алег Леванчук, які пры гэтым нагадаў карэспандэнту Радыё Рацыя, што два гады таму яму ўжо было вынесена аналагічнае папярэджанне.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

6 сакавіка старшыні Брэсцкага абласнога прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Зінаідзе Міхнюк адмоўлена ў правядзенні пікету ў знак салідарнасці са звольненым кіраўніком суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Алегам Стахаевічам. Пікет быў запланаваны на 7 сакавіка ў парку Воінаў-афганцаў  -- месцы , адведзеным  Брэсцкім гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў. Па словах Зінаіды Міхнюк, прычына для забароны названа тыповая: не прадастаўлены дамовы з бальніцай, міліцыяй і камунальнымі службамі.

 

14 сакавіка стала вядома пра забарону ў Брэсцкім раёне 15 пікетаў, ставілі на мэце прыцягнуць увагу да збяднення насельніцтва і былі заяўлены мясцовымі актывістамі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Пікеты планавалася правесці 16 сакавіка ў 14-ці вёсках Брэсцкага раёна і ў гарадскім пасёлку Дамачава. Падчас акцый планавалася распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы аб рэальнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

20 сакавіка Аршанскі гарвыканкам у чарговы раз адмовіў актывістам партыі левых «Справядлівы свет» у правядзенні пікетаў сацыяльна-эканамічнай тэматыкі. На гэты раз чыноўнікам ад улады не спадабалася, што аўтары не ўказалі ў заяўках крыніцы фінансавання масавага мерапрыемства. З унясеннем змяненняў у Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» у артыкуле 5 з'явілася патрабаванне ўказваць крыніцу фінансавання масавага мерапрыемства ў заяве аб правядзенні масавага мерапрыемства. Яшчэ адна прычына для адмовы - традыцыйная: няма дамоваў з міліцыяй, установамі аховы здароўя і камунальнымі службамі.

 

20 сакавіка грамадскі актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык атрымаў ліст за подпісам намеснікама старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча адносна забароны на правядзенне пікету 25 сакавіка, прысвечанага праблемам збяднення людзей у сувязі з ростам коштаў на тавары, паслугі і замаражванне заробкаў.

 

За выключэннем дазволу на правядзенне шэсця і мітынгу ў Мінску на Дзень Волі 25 сакавіка, выдадзенага 20 сакавіка Мінгарвыканкамам, па ўсёй краіне назіралася тэндэнцыя да забароны масавых мерапрыемстваў з гэтай нагоды.  

21 сакавіка Гарадзенскі выканкам паведаміў пра забарону мітынгу да 25 сакавіка, даслаўшы заяўнікам афіцыйнае рашэнне за подпісам намесніка старшыні выканкаму Ірыны Сенчанковай.

У Віцебску не былі задаволеныя заяўкі на правядзенне 25 сакавіка пікетаў, пададзеныя мясцовым актывістам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Пятром Сарапенем у тры раённыя адміністрацыі гораду -- Чыгуначнага, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў. У гэтым жа абласным цэнтры віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў і Ян Дзяржаўцаў атрымалі адмову гарвыканкаму на правядзенне 25 сакавіка ўрачыстага шэсця і сходу на плошчы Свабоды. Адмову падпісаў намеснік старшыні гарвыканкаму Уладзімір Шлома.

Слонімскі райвыканкам не дазволіў правядзенне ў гарадскім парку масавага мерапрыемства на Дзень Волі. А напярэдадні гэтай даты слонімская міліцыя папярэджвала мясцовых актывістаў аб тым, каб яны не прымалі ніякага ўдзелу ў святочных мерапрыемствах. Так, супрацоўнік міліцыі наведаў кіраўніка Слонімскай суполкі БНФ Івана Шэгу на працы і папрасіў падпісаць дакумент аб тым, што ён папярэджаны наконт удзелу у якіх-небудзь святочнасцях. Іван Шэга адмовіўся падпісваць такі дакумент.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international