viasna on patreon

Міліцыя “праз калена ломіць” тых, хто адмаўляецца ад дактыласкапіі

2012 2012-04-09T08:40:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/daktylaskapija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі міліцыі “праз калена ломяць” тых, хто па сваіх перакананьнях адмаўляецца ад прымусовай дактыласкапіі. Апошні факт – адміністратыўная справа жыхара Менска Руслана Невара. Суд Кастрычніцкага раёна 6 красавіка прысудзіў яго да штрафу ў памеры 4 мільёны рублёў за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў (арт.23.4 КаАП РБ).

Суддзя Максім Лапко, які разглядаў справу,  ігнараваў шматлікія парушэньні пры складаньні пратаколу правапарушэньня.

У адсутнасьць самога Невара, участковы Кастрычніцкага РУУС г. Мінска маёр міліцыі Дзірко В. 7 лютага склаў адміністрацыйны пратакол нібыта за адмову ад дактыласкапічнай рэгістрацыі. Пры чым, на судзе сьведкі сцвярджалі, што Невар прысутнічаў пры складаньні пратаколу на апорным пункце міліцыі.
Пра тое, што ў дачыненьні да Невара вядзецца адміністрацыйны працэс і аб наяўнасьці ў судзе адміністрацыйнай справы, ён  даведаўся толькі 1 сакавіка, калі атрымаў судовую позву. Суд пераносіўся тройчы з-за адсутнасьці сведак. Дык пра якое непадпарадкаваньне ўвогуле можа тады ісьці гаворка!

Суддзя таксама не звярнуў увагу на тую акалічнасьць, што на момант складаньня пратаколу, не было даведкі з ваенкамату, што Невар сапраўды з'яўляецца ваеннаабавязаным, паколькі адказ з РВК Кастрычніцкага раёна г. Мінска са спісам асоб, якія стаяць на воiнскiм улiку прыйшоў у РУУС Кастрычніцкага раёна г. Мінска толькі 10 лютага, праз тры дні пасьля складаньня пратаколу.
Як паведаміў праваабаронцам магілёўскі актывіст Максім Алямоўскі, супрацоўнікі міліцыі ў масавым парадку фальсіфікуюць дакументы па справах, якія тычацца адмовы ад дактыласкапіі, а суддзі безаглядна і бездоказна фабрыкуюць адміністратыўныя справы.

Менавіта такім чынам спрабуюць засудзіць у Гародні  Уладзіміра Фяненку, якога вінавацяць нібыта ў непадпарадкаваньні законным дзеянням міліцыі. Канфлікт узнік, калі прадстаўнікі міліцыі праз тэлефон патрабавалі ў Фяненкі, каб ён тэрмінова прайшоў абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю. Крыху пазней з’явіўся завочна складзены пратакол нібыта пра адміністрацыйнае правапарушэньне. Пра гэта Фяненка даведаўся толькі ў судзе, папрасіўшы пераносу разгляду сваёй справы. Ягоныя матэрыялы 4 сакавіка былі адпраўленыя на дапрацоўку ў міліцыю.

Руслан Невар, які адмаўляецца ад дактылпаскапіі па рэлігійным перакананьням збіраецца абскарджваць прысуд ў Менгарсудзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства