Алесь Бяляцкі: “Базавая велічыня стала 100 тысячаў, і адзіныя, хто гэтаму радыя, мабыць, зэкі”

2012 2012-04-06T10:57:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-2007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

У адным з першых ужо “атрадных” лістоў з бабруйскай калоніі праваабаронца апісвае новыя рэаліі, да якіх ён паступова прызвычайваецца. Распавядае пра ўсё, як заўжды, з тонкай самаіроніяй і ўменьнем трапна падмеціць у любых жыцьцёвых абставінах пацешныя сітуацыі і персанажаў.

У лісьце ад 2 красавіка Алесь Бяляцкі піша, што ўжо другі тыдзень як ён пераведзены ў 14-ты атрад выпраўленчай калоніі №2 Бабруйска: “Тут зноў іншая сітуацыя, чым у каранціне. Атрад працоўны, адпаведна і рэжым прыстасаваны да 1-й ці 2-й зьмены працы. Мінулы тыдзень была 1-я зьмена, значыць пад’ём быў у 5:30, а ў 6:10 мы ўжо ішлі на сьняданак. Затым праверка, і ў 8:00 мы ўжо былі на “промцы”. На гэтай “промцы” ёсьць “швейка” – швачны цэх. Вось туды я і хаджу. Напачатку мяне прызначылі ў вучні ўпакоўшчыка. Два дні я пахадзіў, ужо і пакаваць навучыўся рукавіцы. Засталося засвоіць упакоўку рабочых робаў, якія тут таксама шыюць, як раптам прыйшло іншае указаньне – пасадзіць мяне за швачную машыну. Ну а мне дык што, за машыну дык за машыну. Адно, што адтуліну ў іголцы я ўжо бачу слаба… Сеў – першы раз у жыцьці, паддаў газку і паехаў – пастрачыў, як сьляпы кулямётчык. Страчу-страчу, а куды – ня бачу. У суботу ўжо сшываў нейкія працоўныя бярэты. Спадзяюся, што іхнія атрымальнікі ня будуць моцна мацюгацца на мяне J     

У вольны час, якога за ўсімі справамі застаецца ня шмат, Алесь піша лісты на волю і чытае. Напрыклад, выходнага дня хапае і на класічныя раманы, а “патрошку перад сном” – Марыну Цьвятаеву, якую называе “вельмі літаратурнай паэткай”.

Аднак паэзія мяжуе з прозай жыцця: “Заўтра будзе першая мая тут атаварка. Ужо па новых мерках [паводле КВК РБ, які рэгламентуе правы асуджаных, ёсць магчымасьць “штомесяц расходваць на набыцьцё прадуктаў харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці грашовыя сродкі з асабовых рахункаў у памеры пяці базавых велічынь”]. Базавая велічыня стала 100 тысячаў, і адзіныя, хто гэтаму, мабыць, радыя, дык гэта зэкі…” З іроніяй пераходзячы ад “дробных бытавых праблемак” да “зацяжной вясны”, Алесь паглядае ў вакно: “На вуліцы мяце сухі сьняжок і вецер ганяе па чорным асфальце белыя зьмейкі. У каранціне днямі тупалі па “лакалцы” на веснавым сонцы. А зараз – ізноў сонца няма ці яно рэдкае”.

З тугою па вясьне і спадзяваньнямі на лепшае Алесь Бяляцкі перадае прывітаньне ўсім знаёмым. Ён кажа: “Да пабачэньня”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international