Праз суд Аляксей Паўлоўскі дамагаецца кампенсацыі

2012 2012-04-04T09:59:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paulouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

3 красавіка прадстаўнікі будаўнічай арганізацыі “Прамжылбуд” адмовіліся замірыцца са сваім былым рабочым-муляром Аляксеем Паўлоўскім, змяніць яму фармулёўку звальнення ў працоўнай кніжцы і выплаціць яму грашовую кампенсацыю.

Нагадаем, што з рабочым-муляром праз ягоную прафсаюзную актыўнасць не быў працягнуты працоўны кантракт. Актывіст, працуючы ў “Прамжылбудзе”, дамагаўся паляпшэння бытавых умоваў працы і выканання тэхнікі бяспекі на будаўнічых аб’ектах. Таксама рабочы змагаўся за выхад рабочых муляроў на пенсію датэрмінова ва ўзросце 55 год, што гарантавана заканадаўствам, аднак не выконваецца наймальнікам.

У пазове, які Аляксей Паўлоўскі падаў у суд Кастрычніцкага раёна Магілёва, рабочым-мулярам было прад’яўлена 53 парушэнні, зафіксаваныя на трох будаўнічых аб’ектах, дзе ён працаваў, з іх даказаных, якія прызналі дзяржаўныя органы і сам адказчык - 14.   

Рабочы муляр указваў былому наймальніку на парушэнні ўмоваў працоўнага кантракта. У выпадку змянення ў працоўнай кніжцы артыкула Працоўнага кодэкса з 35 ч.2 п.2 “У сувязі са сканчэннем тэрмінаў працоўнай дамовы” на артыкул 41 ч.1 “Растаржэнне тэрміновай працоўнай дамовы па патрабаванні работніка” Аляксей Паўлоўскі мае права на кампенсацыю ў выглядзе трох сярэднямесячных заробкаў ў суме болей за 10 млн рублёў і двухтыднёвую выхадную дапамогу ў памеры сярэдняга заробку болей за 1,5 млн. рублёў.

У судзе быў зачытаны выступ на 13 старонак. Суддзя Аляксандр Раманаў сказаў, што для абгрунтавання пазову дастаткова ўстанавіць адзін факт парушэння працоўнага заканадаўства ў дачыненні да Паўлоўскага. Гэта гарантуе яму атрыманне грашовай кампенсацыі. Аляксей Паўлоўскі на прапанаваны суддзёй варыянт не пагадзіўся, на што суддзя сказаў, што суд цяпер можа зацягнуцца на паўгады.

“Я не пагадзіўся з прапановай суддзі зменшыць колькасці фактаў парушэнняў аховы працы, санітарнай гігіены і Працоўнага кодэкса, бо ўсе гэтыя факты для мяне і будаўнікоў вельмі важныя. На будоўлі ўсе пункты працоўнага заканадаўства павінны выконвацца, бо ад гэтага залежыць жыццё і здароўе людзей. Буду судзіцца з імі па кожнаму пункту, тым болей, што дырэктар “Прамжылбуда” Леанід Балдэнка прызначаны ў 2011 годзе “Чалавекам года”. Калі такія парушэнні адбываюцца ў лепшай будаўнічай арганізацыі, то што можна казаць пра астатнія арганізацыі?”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

“Я хачу, каб “Прамжылбуд” адпавядаў узнагародзе дырэктару фактычна, а не тэарытычна. Як можна ўзнагароджваць чалавека прэміяй “Чалавек года”, калі ў бытоўках немагчыма памыцца перад абедам і ў канцы працы, несвоечасова і не ў поўным аб’ёме выдаецца спецвопратка, няма вешалак для вопраткі, няма пакою для харчавання, няма лесвіц на подмасцях паводле нормаў, заробак і адпускныя выплачваюцца не ў адпаведнасці з калектыўнай дамовай. Я не хачу, каб, напрыклад, каму ўпала вядро з цэментам на галаву, бо яны пастаянна ходзяць без касак, а людзі працуюць без страховак”, - адзначае Аляксей Паўлоўскі.

“Цягам свайго жыцця, працуючы ў розных будаўнічых арганізацыях, я змагаўся за выкананне наймальнікам сваіх абавязкаў. Праз гэты суд я салідарызуюся з мясцовымі ўладамі і дапамагаю навесці парадак у будаўнічай галіне і далучыцца да месячніка па ахове працы, які абвешчаны ўладамі горада”, - адзначае прафсаюзны актывіст.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што каб выйграць суд, дастаткова аднаго даказанага факта парушэння заканадаўства, аднак няма ўпэўненасці ў незалежнасці нашых судоў, таму вырашылі ісці да канца і змагацца за ўсе выяўленыя парушэнні.

“Таксама ў судзе мы хочам выкарыстоўваць у якасці доказа зняты БТ паклёпніцкі фільм пра Паўлоўскага. У фільме дзяржаўнымі журналістамі зняты масавыя парушэнні тэхнікі бяспекі на аб’екце “Прамжылбуда” па вуліцы Габраўскай у Магілёве. Там бачна, як рабочы на вышыні працуе на вачах начальства без страхоўкі і агароджы, аднаго рабочага вязуць у каўшы пагрузчыка, амаль усе працуюць без касак, у тым ліку начальнік участка Сяргей Ашмянскі і прараб Аляксей Іваноў. Аднак дзяржаўная інспекцыя працы пасля выхаду гэтага рэпартажу ніякіх мер не прыняла. Цікавым з’яўляецца той выпадак, што прадстаўнік наймальніка Раіса Краснікава заявіла, што гэты фільм з’яўляецца відэамантажом і яго ні ў якім разе нельга праглядаць у якасці доказу ў судзе. Кіраўніцтва “Прамжылбуда” заказала рэпартаж, каб абліць брудам Паўлоўскага, аднак у іх не хапіла розуму, каб забяспечыць адпавяданне тэхніцы бяспекі на будаўнічым аб’екце падчас працы рабочых”, - гаворыць Барыс Бухель.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international