Метамарфозы ў справе “дробнай хуліганкі” Святланы Вяргейчык

2012 2012-04-03T16:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viarhejchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святлана Вяргейчык

Святлана Вяргейчык

Ужо больш за восем месяцаў працягваецца “ліставанне” Святланы Вяргейчык са сталічнымі праваахоўнымі органамі – жанчына дамагаецца, каб супрацоўнікі Кастрычніцкага УУС панеслі належную адказнасць за свае неправамоцныя дзеянні і нанесеныя ёй цялесныя пашкоджанні.   

За гэты час справа Святланы Дзмітрыеўны дайшла да Следчага камітэта. 17 сакавіка старэйшы следчы Кастрычніцкага раённага аддзела Следчага камітэта маёр Пудаў паведаміў, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена – “за адсутнасцю складу злачынства” ў дзеяннях міліцыянтаў Пазняка А.В., Кіна І.В. і Казлова А.В.

Яшчэ ў жніўні 2011 года пракуратура Кастрычнікага раёна Менска з той жа фармулёўкай адмовілася заводіць крымінальную справу па звароце Святланы Вяргейчык. Разам з тым падчас пракурорскай праверкі пры вывучэнні відэазапісу яе затрымання 6 ліпеня 2011 года ў раёне ДК Чыгуначнікаў зафіксавана, што намеснік начальніка аддзела папярэдняга расследвання УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Пазняк А.В. неправамерна прымяняў фізічную сілу – “ў выглядзе ўтрымання за рукі” (вынікам гэтага, паводле эпікрызу 9-ай гарадской бальніцы, куды спн. Вяргейчык была дастаўленая з УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна брыгадай хуткай дапамогі, сталі “ўдар грудной кляціны, правага перадплечча” і “функцыянальны разлад нервовай сістэмы на сітуацыю”), што “пацягнула дастаўленне яе ва ўстанову аховы здароўя”. Міліцыянты тады абышліся прадстаўленнем на імя начальніка Кастрычніцкага УУС за неналежнае выкананне патрабаванняў ПВКаАП і закона пра органы ўнутраных спраў, а пацярпелая абскардзіла адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў пракуратуру горада Менска. У лютым гарадская пракуратура адмяніла пастанову пракуратуры Кастрычнікага раёна “ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі” і накіравала матэрыялы справы начальніку Кастрычніцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі.

Старэйшы следчы Кастрычніцкага райаддзела Следчага камітэта маёр Пудаў,  паведамляючы пра вынікі дадатковай праверкі, у прыватнасці піша, што 15 сакавіка 2012 года (то бок, праз восем месяцаў пасля інцыдэнта) у выніку судова-медыцынскага даследвання было выяўлена, што сіняк на правым перадплеччы пацярпелай, "які ўтварыўся ад дзеяння тупога прадмета, належыць да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, не пацягнуўшых за сабой кароткачасовага разладу здароўя”. Таксама ў пастанове гаворыцца, што Следчы камітэт вывучаў копіі заключэння па выніках правядзення службовай праверкі паводле прадстаўлення пракуратуры Кастрычніцкага раёна г. Менска ад 12.08.2011 і матэрыялу, які характарызуе Вяргейчык С.Д. і супрацоўнікаў УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёга г. Менска Пазняка А.В., Кіна І.В., Казлова А.В.   

Праўда, маёр Пудаў пра высновы Следчага камітэта па вывучэнні вышэйназваных заключэнняў і характарыстык Святлане Вяргейчык нічога не паведамляе. У апавяшчэнні ён указвае, што з матэрыяламі праверкі жанчына можа азнаёміцца ў Кастрычніцкім раённым аддзеле камітэта. Аднак, уважліва паглядзеўшы на пастанову, пра высновы можна здагадацца - адказ маёра Пудава ўзгоднены яго начальнікам (увага!) Пазняком А.В.  

Падобна, перад намі - адна з траекторый кар’ернага росту “хапуноў у цывільным”, што падчас “маўклівых акцый” кідаліся на людзей на менскіх вуліцах – не зважаючы нават на іх пенсійны ўзрост і стан здароўя. Аднак, дасягнуўшы новых вышынь, яны, відаць, дбаюць пра “прафілактыку” брудных плямаў на ўласнай рэпутацыі. Напэўна, гэтым можна патлумачыць нечаканы візіт (увечары выходнага дня 10 сакавіка) участковага інспектара Сіроціна на кватэру да Святланы Дзмітрыеўны з пытаннем, што яна мае да Следчага камітэта  - гэта пасля таго, як туды патрапіла яе скарга. 

“Участковы пачаў задаваць мне пытанні – хто я, з кім жыву ў кватэры, якія ў мяне пытанні са следчым камітэтам… Я сказала, што на пытанні без запрашэння па позве адказваць не буду. На маю заяву ўчастковы міліцыянт абразіў мяне, назваўшы неадэкватнай”, - паведаміла спн. Вяргейчык у заяве старэйшаму следчаму Пудаву пасля візіту ўчастковага і ўказала, што расцэньвае гэты факт як псіхалагічны ціск, які з’яўляецца рэакцыяй на яе скаргу на дзеянні міліцыянтаў. “Якіх-небудзь дадзеных, якія сведчаць пра супрацьпраўныя яго [участковага інспектара Сіроціна Д.В.] дзеянні, не ўстаноўлена, ён дзейнічаў у рамках прадастаўленых яму заканадаўствам паўнамоцтваў”, - паведамляе маёр Пудаў у адказ на заяву.

Пакуль жанчына спрабавала разабрацца ў мудрагелістых спляценнях праваахоўнікаў, развіццё атрымала другая “сюжэтная лінія” яе справы - суд Кастрычніцкага раёна спрабаваў спагнаць з яе штраф. Нагадаем, што суддзя Кастрычніцкага суда Мітраховіч 2 верасня 2011 года на падставе артыкула 17.1 КаАП аштрафаваў Святлану Дзмітрыеўну на 700 тысяч рублёў – нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Напэўна, дбаючы пра выкананне судовага рашэння грамадзянкай Вяргейчык, судовая выканаўца Слабкевіч накіравала ў РайФА выканаўчы ліст. Але! Рашэнне суддзі Мітраховіча не набыло законнай сілы, паколькі Менскі гарадскі суд адмяніў пастанову суда Кастрычніцкага раёна. Нягледзячы на гэта, з пенсіі, якую Святлана Дзмітрыеўна атрымала 4 сакавіка, была ўтрымана частка штрафу. Гэта дадало дадатковых клопатаў і без таго змучанай за многія месяцы папяровай валакіты жанчыне – ёй давялося пісаць у суд Кастрычніцкага раёна скаргу на заўчасны пачатак выканаўчай вытворчасці з боку судовай выканаўцы. 30 сакавіка ў тэлефоннай размове спн.Слабкевіч папрасіла скаржніцу (напэўна, прадчуваючы непазбежнасць адказнасці за “промах”) адклікаць заяву, паабяцаўшы, што ўтрыманая сума будзе ёй вернута. Аднак Святлана Вяргейчык катэгарычна адмовілася ісці на саступкі і запатрабавала афіцыйнага адказу з суда.

Юрысты Праваабарончага цэнтра “Вясна”, якія ад пачатку гэтай справы дапамагаюць спн.Вяргейчык дамагчыся справядлівасці, кажуць, што зараз складана рабіць нейкія высновы, хаця б таму, што не вядомы вынікі праверак, праведзеных па заяве пра ўжыванне фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да яе. “На дадзеным этапе мы раім Святлане Дзмітрыеўне звярнуцца да паслугаў адваката, які б мог афіцыйна азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі, і ўжо пасля гэтага працягваць абскарджванне, - кажа Валянцін Стэфановіч. – Бо не вядома нават, ці быў прыцягнуты той жа Пазняк да дысцыплінарнай адказнасці ў выніку службовай праверкі паводле прадстаўлення пракуратуры Кастрычніцкага раёна”. Праваабаронца мяркуе, што надалей спн.Вяргейчык у парадку грамадзянскага пазову можа спагнаць з Пазняка А.В. кампенсацыю за прычыненыя ёй фізічныя і маральныя пакуты. 

Пастанова Следчага камітэта па справе Святланы Вяргейчык (ад 17.03.2012)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international