Выбітае прашэнне не мае юрыдычнай сілы

2012 2012-02-14T19:09:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be
«Да лета гэтага году палітвязні будуць выпушчаныя», – мяркуе кіраўнік гарадзенскага аддзялення праваабарончага цэнтру «Вясна» Віктар Сазонаў. А таксама тлумачыць, чаму апазіцыя ўжо не можа паўплываць на сітуацыю з вязнямі сумлення, хоць тэарэтычна магла б.

– Ці можаце вы прааналізаваць нейкія тэндэнцыі датычна таго, што зараз адбываецца з палітвязнямі, асабліва ў святле прашэнняў аб памілаванні, пададзеных на імя прэзідэнта Саннікавым і Бандарэнкам?

– Па-першае, я вельмі шкадую, што кіраўніцтва апазіцыі, якое засталося на свабодзе, ад самага першага дня не звярнулася да палітвязняў з прапановай адразу ж пісаць прашэнні аб памілаванні. Бо існуюць пэўныя правілы: трэба ведаць у чыіх ты руках знаходзішся – калі да вас у хату ўварвецца нейкі чалавек з нажом ці з бомбай, існуюць канкрэтныя інструкцыі наконт таго як сябе паводзіць, каб ён не забіў цябе, кагосці з тваіх блізкіх і г.д.

Калі ты, напрыклад, трапляеш у палон да ворага: трэба дзейнічаць так і так. Таму нам трэба разумець, дзе людзі знаходзяцца. Мы ведаем, каму мы падпісваем, што мы падпісваем і што гэтыя паперы значаць. Кожная папера, выбітая пад прымусам, не мае ніякай юрыдычнай сілы і ўвогуле нічога не значыць. Трэба было адразу паказаць усім палітвязням як на волі ставяцца да гэтых прашэнняў.

– Прэзідэнт дагэтуль даводзіў, маўляў, «яны самі не хочуць выходзіць бо не пішуць»...

– Гэта быў наўпрост чарговы аргумент. Калі напішуць - дык можа знайсцісь нейкі іншы... Я магу памыляцца, але справа будзе залежыць не ад рашэнняў палітвязняў і не ад унутранай апазіцыі. Рашэнне выпусціць палітвязняў будзе залежыць выключна ад пазіцыі партнёраў краіны, якія ўтрымліваюць яе эканоміку.

Мяркую, што пасля выбараў у Расіі ў сакавіку да ўлады прыйдзе, канешне, Пуцін. І ён будзе больш жорстка патрабаваць адданасці за свае эканамічныя паслугі, запатрабуе, мажліва, і беларускай незалежнасці, на што не пойдзе ўжо ні сённяшні, ні заўтрашні рэжым. І тады ўладам спатрэбіцца шукаць дапамогі на Захадзе, нават для падтрымкі псеўданезалежнасці – бо сваё хочацца мець кожнаму. Тады, спадзяюся, палітвязні і будуць выпушчаны, то бок, да лета гэтага году.

– Ці можа пазіцыя нашых апазіцыйных палітыкаў адносна парламенцкіх выбараў хоць неяк паўплываць на сітуацыю з палітвязнямі?

– Тут ёсць два моманты: «ці зможа» і «ці змагла б». Бачна, што апазіцыя зараз ні на што не можа паўплываць, бо гэта смешна. Мяркую, што журналісты БТ нядаўна ўпершыню адчулі сябе сапраўдным журналістамі, калі паказвалі паседжанне «шасцёркі», у часе якой адбылася бойка. Упершыню яны маглі гаварыць праўду, не парушаючы жанру, прынятага на БТ. Заўсёды ж трэба нешта выдумляць, а тут і выдумляць нічога не трэба. Няўжо гэтыя людзі не ведалі, што БТ ухопіцца за гэтае здарэнне і апусціць яшчэ ніжэй аўтарытэт усёй апазіцыі?

А ці магла б? Я лічу, што магла б. Каб апазіцыя была цвёрдай, паказала свае адзінства – стала б зразумела, што з апазіцыяй трэба лічыцца, яна – моцны элемент. Пасля падзеяў 19-га снежня, разгонаў і арыштаў, апазіцыя заяўляла, што ў выбарчым фарсе яна больш не ўдзельнічае. Але што адбываецца зараз?!.. Таму паўплываць магла б, але ўжо ніяк не зможа: пойдзе яна на выбары ці абярэ байкот.

– Як вы ставіцеся да прапановы пашырэння спісу палітвязняў за кошт Малчанава, Крутога, Чыгілейчыка?

– Справа ў тым, што праваабарончыя арганізацыі вельмі дбаюць пра свой аўтарытэт, бо гэтыя палітвязні з моманту прызнання будуць вызнавацца па ўсім свеце. Таму нашыя апаненты гатовыя зараз ухапіцца за любую памылку, каб данесці да еўрапейскіх структураў, што ў Беларусі сядзяць ніякія не палітвязні, а людзі з іншымі артыкуламі і справамі. І калі хоць нешта з гэтага спраўдзіцца, еўрапейскія структуры гэтак жа глянуць на ўсіх іншых вязняў сумлення.

Але тое, што людзей не прызнаюць палітвязнямі па нейкіх там крытэрыях, яшчэ не значыць, што гэтых людзей перастаюць лічыць сваімі. Не трэба блытаць дзве розныя рэчы. Іх усё адно будуць бараніць і мы будзем даводзіць, што да гэтых людзей неаб’ектыўна ставіцца суд і ўзмацняе пакаранне з-за іх ранейшай палітычнай дзейнасці. Таму сітуацыя складаная.

– Чым зараз займаецца гарадзенская «Вясна»? Вы працуеце па ўсёй вобласці, наколькі я разумею?

– На Гарадзеншчыне ўсяго 2 аддзяленні (з 17-ці па Беларусі). Другое знаходзіцца ў Смаргоні, ім кіруе Алесь Дзергачоў. Яно, па сутнасці, займаецца Смаргонню, Ашмянамі і Астраўцом. У Астраўцы, напрыклад, у сувязі з будаўніцтвам АЭС пераследуюць Мікалая Уласевіча і Івана Крука. Працуем там зараз з імі. Наогул, праваабарончая дзейнасць на Беларусі апошнім часам, на вялікі жаль, мае характар дапамогі пацярпелым. Вельмі шкада бывае, калі даведваешся, што нейкія сумленныя людзі засталіся збоку, якіх не праканстультавалі, не дапамаглі парадамі. Таму стараемся ствараць больш эфектыўныя мадэлі інфармавання наельніцтва, працуем з сацыяльнымі сеткамі, падключаем новых людзей да праваабарончага руху.

Кожны дзень, так бы мовіць, прыносіць свае карэктывы: заўтра можа з’явіцца зусім новы чалавек са сваімі праблемамі, які пацерпіць па нейкім новым артыкуле, якому будзе патрэбная дапамога. Праблема ж не ў Канстытуцыі, якая ў нас адна з лепшых, а ў тым, як яе трактуюць і як ужываюць. Нядаўна, дарэчы, атрымаў ад менскіх калегаў тэлефон бацькоў асуджанага анархіста Арцёма Пракапенкі, якія жывуць у Гродна, акурат буду з імі звязвацца.

– Як чалавеку, які пацярпеў па палітычных матывах, знайсці «Вясну»?

– Вельмі проста: набраць у пашукавіку «Гарадзенская вясна», каб знайсці наш сайт harodniaspring.org, а там ужо будуць кантакты – мэйл, тэлефоны. Зрабіць гэта надзвычай проста.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international